На сайце Аляксандра Мілінкевіча пачалі зьяўляцца першыя тэлеролікі на конкурс «Беларусь, якую не паказвае БТ». Конкурс быў абвешчаны рухам «За свабоду» і прыняць удзел у ім можа кожны жадаючы. Патрабаваньні наступныя: зьняць сюжэт ня больш за 10 хвілін і памерам да 100 МБ, запампаваць яго на відэа‑сэрвіс YouTube.com, зарэгістравацца ў гэтым сэрвісе і адаслаць спасылку, кароткую інфармацыю пра відэаролік, кантакты на электронны адрас [email protected]

З дасланых працаў пакуль лідзіруе ролік баранавіцкага «маладафронтаўца» Яраслава Грышчэні «Спынім разбурэньне Горадні». Яраслаў, супраць якога заведзеная крымінальная справа па артыкуле 193 КК «Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», быў адным з самых заўзятых абаронцаў Горадні. Хлопец бязвылазна прабыў у там каля дзесяці дзён у самы гарачы час.

У невялікім уступе да сюжэту Грышчэня піша: «Гарадзенцы, у гістарычным цэнтры гораду усяго каля 900 старых будынкаў. 900 будынкаў — гэта самы вялікі, прыгожы горадабудаўнічы комплекс ва ўсёй нашай мілай Беларусі. Няўжо мы дазволім, каб яго пераўтварылі ў выхалашчанае, нікому не цікавае і пустое Траецкае прадмесьце ў Мінску. Спадзяюся ўсім сэрцам — НЕ».

Ролік доўжыцца каля чатырох хвілін. За гэты час у кадры зьяўляюцца гарадзенскія краявіды, старыя слайды гарадзенскіх помнікаў архітэктуры, кадры руйнаваньня гэтых будынкаў, акцыі пратэсту, затрыманьні. Час ад часу на экране зьяўляюцца надпісы кшталту: «Гэтага больш няма!», «Былы парк…» ці «Што будзе наступным?». Увесь ролік суправаджаецца песьняй j‑mors «Так‑цік‑так».

Працы на конкурс будуць прымацца да 20 ліпеня, падвядзеньня вынікаў і ўзнагароджваньне пераможцаў адбудзецца 27 ліпеня.

Ролік Яраслава Грышчэні.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0