Лукашок

Менск. Ліпень. У купальскую ноч выходжу на вуліцу. (Праўда, Купальле ўжо адзначылі, як мае быць, у дзень сонцавароту. І трэба ж было ўхітрыцца нават паганскія сьвяты падзяліць на два календары!) Дык вось, выходжу на распаленую дзённай сьпёкай асфальтавую вуліцу праваслаўна-купальскае начы не дзеля таго, каб адпачыць ад гарачыні.

Мне тэрмінова патрэбная гарэлка. Здарылася банальная рэч: я забыўся ключы ад хаты і сусед дапамог адамкнуць дзьверы. А ў яго, як кажуць, заўсёды “гараць буксы”. І такіх на вуліцах Менску ўначы — тысячы, калі меркаваць па колькасьці машынаў ля начных крамаў (апошніх усяго некалькі на мільённы горад) ды па даўжэзных чэргах. За парадкам сочаць міліцыянты. Паважная публіка з “мэрсэдэсаў” і “БМВ”, інтэлігентнага выгляду грамадзяне ў акулярах і жанчыны рознага ўзросту й выгляду стаяць у чарзе ў краму, а потым у касу, каб “затарыцца” пад завязку, наколькі хапае грошай, гарэлкай — “Крышталём”, “Белай Русьсю”, “Новай эрай” і г.д. У паветры стаіць густы мат і водар ад ужо выпітага, але яшчэ не да канца перапрацаванага людзкімі арганізмамі сьпірытусу. Вось гэтыя маладыя людзі ў саколках і спартовых штанах зараз возьмуць скрыню гарэлкі і паедуць далей адзначаць Купальле на Вячу. Прапануюць дзяўчыне, якая стаіць перад імі ў чарзе, паехаць на возера разам. Там нейкі ўсебеларускі зьлёт “важатых”: паляць вогнішчы і ўсё такое...

Спрабую пералічыць адрозьненьні паміж тым, што бачу, і тым, што можна было бачыць гадоў трыццаць таму ў маім родным горадзе. Ну, па-першае, не было начных крамаў. І машын столькі не было, асабліва “мэрсэдэсаў”, асабліва ўначы. А таксама розных там “спрайтаў” і “чупа-чупсаў” не было. І гарэлку зазвычай бралі ня скрынямі. І гатункаў было куды менш — у асноўным “Маскоўская асаблівая” ды “Сталічная”. Словам, адрозьненьняў безьліч. А публіка вакол, здаецца, усё тая ж.

Калісьці, таксама гадоў трыццаць таму, савецкі часопіс “Иностранная литература” раптам надрукаваў урыўкі з кнігі слыннага амэрыканскага футуроляга Ольвіна Тофлера. Ад яго, здаецца, упершыню савецкі чытач даведаўся пра панятак “футурашок” — шок ад сутыкненьня з будучыняй. І хоць публікацыя мела даволі спэцыфічны для літаратурнага выданьня характар, менавіта з-за яе часопіс літаральна вырывалі адзін у аднаго з рук. Папулярнасьць публікацыі ў асяродку тагачаснай інтэлігенцыі была зразумелай.

Па-першае, выявілася, што панятак будучыні ня ёсьць манаполіяй марксісцка-ленінскай навукі і не абавязкова апісваецца ў тэрмінах камунізму ці сацыялізму. Больш за тое, навукова-тэхнічны прагрэс, курс на які абвесьціла КПСС, карэнным чынам, паводле Тофлера, мяняе хаду гісторыі ды аблічча цывілізацыі. Прычым цывілізацыі ў цэлым, на ўсёй плянэце, а значыць — і на шостай частцы сушы пад усім вядомай назвай. Гэта абнадзейвала.

Тады яшчэ ня быў модным панятак глябалізацыі. Не было нават яшчэ Інтэрнэту ў сучасным выглядзе, а таксама мабільных тэлефонаў. Тофлер апісваў наступствы ўкараненьня такіх сродкаў масавай камунікацыі, як тэлебачаньне, спадарожнікавая сувязь, а таксама звышхуткай кампутарнай апрацоўкі інфармацыі. На думку амэрыканскага навукоўца, усё гэта мусіць выклікаць шок у звычайнага заходняга абывацеля, які не пасьпявае ў думках і звычках за прагрэсам. Але ж ён, абывацель, перажыўшы шок ад сутыкненьня з цудоўнай будучыняй, мусіў адчуць ачышчэньне.

Савецкаму чытачу, сярод іншага, рабілася ясна, што камунізм адмяняецца, а на зьмену яму ідзе НТР, інакш кажучы — капіталізм. І ніякае палітбюро процістаяць спадарожнікам і тэлебачаньню ня зможа. Палітбюро, аднак, праіснавала ў амаль нязьменным выглядзе яшчэ гадоў дзесяць. У гістарычным пляне гэта імгненьне. Аднак за гэты час у некаторых душах пасьпеў пасяліцца сумнеў: прагрэс ішоў, на вуліцах зьявіліся “Жыгулі”, зробленыя паводле тэхналёгіі італьянскага “Фіяту”, у лядоўнях — “пэпсі-кола” (“кока-кола” яшчэ доўга заставалася недаступнай марай), але ж будучыня, ад сутыкненьня зь якой варта было перажыць шок, усё не надыходзіла.

Мала таго, гледзячы на савецкі кіроўны арэапаг, падвышэньне баяздольнасьці савецкага войска і ўзбраеньне яго ракетамі СС-20 (на варожай мове — “Шатан”), многія зноў пачалі ўспамінаць пра “Чынгісхана з тэлеграфам”, што пазьней Алесь Адамовіч перафармулюе ў “Верхнюю Вольту з ракетамі”.

Але будучыня ўсё ж настала — хоць і не зусім такая, якой яе апісвалі заходнія футуролягі ды палітолягі, і значна раней, чым яны разьлічвалі. Крушэньне камунізму, Гарбачоў, распад СССР, пашырэньне NАТО і Эўразьвязу, СНІД, бэн Ладэн, кланаваньне, абяцаньні “мачыць у сарціры”, абвяшчэньне Брытні Сьпірс найлепшай поп-зоркай сучаснасьці — во колькі падставаў для шоку. Візыт экс-прэзыдэнта ЗША Дж.Картэра на Кубу і адмена карткавай сыстэмы ў Паўночнай Карэі дапаўняюць карціну паўсюдных зьменаў.

На тле ўсіх гэтых пераўтварэньняў Беларусь можа выглядаць востравам стабільнасьці ў неспакойным моры сучаснасьці. Прыватная ўласнасьць тут, у прынцыпе, прызнаецца, і гандаль патроху робіцца свабодным — ну, амаль свабодным: таксама як прэса ці прафсаюзы.

І прэзыдэнт ёсьць у краіне, і парлямэнт, і ўрад, і суд — усё як у людзей. Затое няма тэрарызму, клятага лібэралізму, канструктыўнай апазыцыі ды эксплюатацыі чалавека чалавекам. А ёсьць адно ўпэўненасьць у заўтрашнім дні.

Прэч іронію! На ўпэўненасьці абывацеля ў заўтрашнім дні (гэта значыць — упэўненасьці ў тым, што заўтрашні дзень нічым ня будзе розьніцца ад сёньняшняга — ціхага, шэрага й невыразнага) трымаюцца рэжымы. Просты чалавек, што б там ні казалі, не імкнецца хутчэй спазнаць будучыню. У выглядзе гараскопу ці гаданьня па руцэ — так, бо гэткая будучыня бясьпечная, яе заўсёды можна “перайграць”, скарэктаваць як табе хочацца. У пляне ж новых пэрспэктываў, выклікаў, задач — навошта патрэбны клопат?

Чалавек увогуле істота косная і лянівая. Гэта не мая думка. Яе выказаў гадоў дзесяць таму падчас сустрэчы з журналістамі ў Менску Лешак Бальцаровіч — былы віцэ-прэм’ер Польшчы, вядомы эканаміст, адзін з аўтараў “шокавай тэрапіі”. Ён вельмі іранічна паставіўся тады да тэзы, што беларускай экономіцы нібыта замінае мэнталітэт беларусаў: маўляў, характар у іх ня той, ня надта падыходзіць для рэформаў. Паводле Бальцаровіча, ні палякі, ні карэйцы, ні амэрыканцы па прыродзе сваёй ня ёсьць капіталістамі ці працаголікамі ад нараджэньня.

У кожным грамадзтве пераважаюць тыя, хто хацеў бы менш працаваць і як мага больш атрымліваць. Але яны пастаўленыя ва ўмовы, калі мала працаваць нявыгадна, а каб атрымаць больш, трэба ўкласьці больш інтэлекту, ініцыятывы. Чалавек вымушаны ўвесь час нешта рабіць, а не сядзець склаўшы рукі.

Існаваньне дзеля грошай, посьпеху, дзеля таго, каб сусед зайздросьціў, пабачыўшы твой новы аўтамабіль ці гадзіньнік, выглядае ня надта прыгожым і асэнсаваным. Грамадзтва спажываньня наўрад ці назавеш шчасьлівым і гарманічным. Дый за гэтае “бязьмежнае спажываньне” даводзіцца плаціць масавай іміграцыяй і фашызацыяй грамадзтваў, ростам злачыннасьці і наркаманіі, разбурэньнем экалёгіі ды іншай трасцай.

У пэўным сэнсе, беларус пазбаўлены неабходнасьці баяцца міжнародных тэрарыстаў (дзе яна, тая “Аль-Кайда”?), беспрацоўя (сапраўднага, як на Захадзе), прагрэсіўнага падатку (такога, як, скажам, у ЗША), засільля іншаземцаў (пакуль яшчэ), лібэртарыянства і sexual harassment’у (а пра такія рэчы яму лепш ніколі й ня ведаць) — гэты беларус можа пачувацца шчасьлівым. Яму сапраўды няма справы да таго, куды і як выдаткоўваюцца грошы зь дзяржаўнага бюджэту, і ён шчыра сказаў аб гэтым, калі яго запыталі на рэфэрэндуме. Яму пляваць на сымболіку — але хай лепш будзе старая, звыклая. Яму хочацца захаваць сьмяротную кару, бо ўсур’ёз верыць, што асабіста ён несьмяротны. Яму хочацца мець звыклыя расейскія (чытай, савецкія) рублі і жыць разам з Расеяй пад кіраўніцтвам Пуціна, бо жыць самастойна ён ня ўмее.

Не пра Беларусь ён думае, але асабіста пра сябе, пра свой спакой. І ня трэба шукаць у гэтым нейкі сакральны сэнс, загадкавую беларускую душу. Гэта ўвогуле нармальныя паводзіны чалавека, ізаляванага ад навакольнага сьвету, пазбаўленага інфармацыі. Такі чалавек ніколі ня будзе пакутаваць ад яе недахопу. Той, хто ніколі ў жыцьці не смакаваў лянгустаў, ня будзе перажываць, што іх няма на ягоным стале. Больш за тое, прапануйце яму экзатычны “прадукт мора”, і ён у жаху адмовіцца нават глядзець на гэткае страхапудзьдзе. Такога чалавека можна назваць шчасьлівым, але ў тым сэнсе, у якім “шчасьлівы” зьвер, народжаны ў цырку: яго кормяць і пояць, зрэдку б’юць, іншы раз лашчаць, але ў кожным выпадку ён будзе лізаць рукі свайму гаспадару ў прыпадку шчасьця.

Размова тут ня йдзе пра “хворы народ”. Хворых народаў няма. Хоць заўсёды ёсьць вялікая спакуса абвесьціць які-небудзь такім — арабаў, габрэяў, украінцаў, расейцаў. Абсалютна такая ж спакуса чакае нас зь іншага боку: абвесьціць свой народ “богаабраным”, “народам-пакутнікам”, супэрнацыяй і г.д. І ў адным, і ў другім выпадку мы нібы аддзяляем сябе ад народу, робім яго нейкай абстракцыяй. Надзяляем наборам псэўдаякасьцяў — адмоўных альбо самых лепшых — і... здымаем зь сябе ўсякую адказнасьць.

“Мы, народ...” Хто толькі ні кляўся імем народу, хто толькі ні казаў “мы”, каб схаваць за гэтым словам жудасныя злачынствы. Насамрэч ёсьць “Я” (нават калі гэтае “Я” цьвердзіць, што “яго няма”), і ўжо з гэтых “Я”, асобаў (калі яны — асобы), складаецца супольнасьць, народ, нацыя.

Кожнаму ў дзяцінстве даводзілася перажыць які-небудзь шок — нехта абпаліў руку, некага ўдарыла токам, нехта ледзь не ўтапіўся, а для некага сапраўдным шокам сталася сьмерць блізкага чалавека ці нават чыёсьці злое слова. Цяжка ўявіць нармальнага, здаровага чалавека, які б ня меў досьведу ўласнай пакуты альбо спачуваньня іншаму.

Праўда, бывае такая рэдкая зьява, як адсутнасьць рэакцыі нэрвовай сыстэмы чалавека на вонкавыя раздражняльнікі. Кожнаму лекару вядома, наколькі небясьпечная гэтая зьява для пацыента.

Напэўна, беларускаму народу, каб прачнуцца, трэба перажыць шок.

Віталь Тарас, Менск—Прага


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0