Вы і апосталаў не зарэгістравалі б

У сваім інтэрвію (“НН” ад 19 ліпеня) начальнік аддзелу па справах рэлігіяў Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў Аляксандар Калінаў цьвердзіць, што распрацаваны супрацоўнікамі Камітэту законапраект “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях” зьяўляецца дэмакратычным і адпавядае міжнародным прынцыпам свабоды сумленьня. Але аргумэнты сп.Калінава неабгрунтаваныя, а некаторыя з пададзеных зьвестак, на маю думку, шмат у чым не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Так, адказваючы на пытаньне карэспандэнта аб увядзеньні нормы ў 20 чалавек для рэгістрацыі рэлігійнай грамады, чыноўнік спасылаецца на досьвед Узбэкістану, Украіны і Эстоніі, дзе для заснаваньня рэлігійнай грамады неабходна больш вернікаў. Ня буду казаць пра Ўзбэкістан (чаму б тады не кіравацца прыкладам Ірану ці Саудаўскае Арабіі), але рэлігійна-прававое становішча ў Эстоніі варта было б удакладніць і параўнаць зь беларускімі рэаліямі і пэрспэктывамі.

Па-першае, згодна з Законам Эстонскай Рэспублікі “Аб цэрквах і аб’яднаньнях”, для рэгістрацыі любой рэлігійнай арганізацыі дастаткова мець 12 дарослых вернікаў. Гэтыя вернікі могуць жыць у любым месцы на тэрыторыі Эстоніі.

Каб была зразумелая розьніца, уявім сабе, што ў старажытнай Рымскай імпэрыі існаваў закон, які рэгуляваў рэгістрацыю рэлігійных арганізацыяў. Калі б гэта быў закон эстонскага ўзору, 12 апосталаў, заснавальнікаў хрысьціянскай царквы, маглі б зарэгістраваць сваю грамаду і дзейнічаць цалкам легальна па ўсёй краіне. А калі б там дзеяў закон, які нам прапануюць беларускія ўлады, 12 апосталаў не зарэгістравалі б ня тое што агульнакраёвай арганізацыі, але й нават суполкі. Іх перасьледавалі б як незарэгістраванае аб’яднаньне. Нават калі б апосталаў было не 12, а 120, яны не маглі б несьці Эвангельле па-за межы той тэрыторыі, дзе яны жылі, не маглі б засноўваць рэлігійныя школкі, не маглі б распаўсюджваць Новы Запавет — для гэтага, згодна з нашым законапраектам, трэба мець ня менш як 10 зарэгістраваных суполак (кожная па 20 вернікаў), што існуюць на тэрыторыі краіны ня менш як 15 гадоў.

Па-другое, некарэктна праводзіць паралелі паміж рэгістрацыяй рэлігійнага аб’яднання ў Эстоніі альбо ва Ўкраіне і рэгістрацыяй па-беларуску. Эстонская ці ўкраінская рэлігійная суполка можа існаваць і без рэгістрацыі. Так, яна пры гэтым ня мае статусу юрыдычнае асобы (і, адпаведна, права набываць маёмасьць), але хіба ж гэта галоўнае для духоўнае арганізацыі? Эстонскія ці ўкраінскія вернікі могуць нефармальна зьбірацца на прыватнай хаце, правіць імшу, вывучаць Біблію — для гэтага ня трэба аніякай рэгістрацыі. А ў Беларусі існуе адміністрацыйная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, таму за нефармальныя сустрэчы ці сумесныя малітвы “незарэгістраваных” вернікаў могуць прыцягнуць да адказнасьці па артыкуле 167-10 Адміністрацыйнага кодэксу.

Згодна з артыкулам 40 эстонскае Канстытуцыі, дзяржаўнай рэлігіі не існуе. Кожны мае права вольна вызнаваць сваю веру, як індывідуальна, так і супольна зь іншымі, прыватным альбо публічным чынам. Беларускі ж законапраект звужае сфэру супольнага веравызнаньня: яно магчымае толькі пасьля рэзалюцыі адмысловай экспэртнай камісіі і афіцыйнай рэгістрацыі. Статус гэтай камісіі прапісаны ў заканадаўстве цьмяна: фактычна яе рашэньне ня можа скасаваць нават суд.

У Эстоніі не існуе катэгорыяў для рэлігійных аб’яднаньняў, яны не падзяляюцца заканадаўствам на “традыцыйныя” і “нетрадыцыйныя”, “цэрквы” і “сэкты”, “гістарычныя канфэсіі” і “нэакульты”. Усе рэлігійныя аб’яднаньні, незалежна ад колькасьці прыхільнікаў і тэрміну існаваньня, роўныя перад законам. Сп.Калінаў, калі спасылаецца на эстонскі досьвед, мусіць ведаць выкладзеныя вышэй факты.

Гэта ня першы выпадак таго, як для падмацаваньня скандальнага законапраекту падаюцца сумнеўныя зьвесткі. Яшчэ ў часе першага чытаньня ў палаце прадстаўнікоў старшыня Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў даводзіў дэпутатам, што праект закону атрымаў пазытыўнае заключэньне з боку Інстытуту рэлігіі і права расейскай Акадэміі навук. Але потым Інстытут рэлігіі і права распаўсюдзіў заяву пра тое, што ягонае экспэртнае заключэньне было выкарыстанае беларускімі чыноўнікамі нядобрасумленна. Экспэрты сьцьвярджаюць, што законапраект утрымлівае шэраг палажэньняў, якія супярэчаць правам чалавека і рыхтуюць глебу для масавага парушэньня правоў вернікаў.

Сп.Калінаў супакойвае, што ліквідацыяй рэлігійных аб’яднаньняў (у выпадку парушэньня імі заканадаўства) будзе займацца выключна суд. Але хіба ня суд прызнаў абгрунтаванай ліквідацыю газэты “Пагоня”, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, Маладзёвага інфармацыйнага цэнтру, арганізацыі “Вежа”? Затое папярэджаньні рэлігійным арганізацыям будзе выносіць Камітэт па справах рэлігіяў за любыя парушэньні заканадаўства, напрыклад, за парушэньне парадку афармленьня блянкаў ці правілаў супрацьпажарнай бясьпекі. Пры наяўнасьці двух такіх папярэджаньняў рэлігійная арганізацыя будзе ліквідаваная. У Эстоніі любыя парушэньні заканадаўства рэлігійнымі арганізацыямі знаходзяцца ў кампэтэнцыі паліцыі. Навошта ўстанове, якая займаецца рэгістрацыяй, сачыць за выкананьнем законаў? У Эстоніі такая ўстанова сочыць, каб арганізацыя дзейнічала адпаведна свайму статуту, але ня мае права ўмешвацца ў гэтую дзейнасьць. А з нашага законапраекту зьнікла нават гарантыя таямніцы споведзі, якая была ў старым законе.

Накіраванасьць законапраекту супраць “дэструктыўных нэакультаў” таксама выклікае сумневы. Сапраўдныя агрэсіўныя і чалавеканенавісныя групоўкі не заўважаць яго, бо й не намагаюцца легалізаваць сваю дзейнасьць. Цяжка сабе ўявіць банду сатаністаў, якая панясе дакумэнты на дзяржаўную рэгістрацыю. Затое можна быць пэўным, што “дэструктыўнымі нэакультамі” будуць абзываць усе вучэньні, што пагражаюць панаваньню ў Беларусі расейскага праваслаўя. А пра беларускую аўтакефалію можна ўвогуле не заікацца — гэта ж відавочны “дэструктыў”!

Было б некарэктна казаць, што супраць новага закону выступаюць пераважна пратэстанцкія канфэсіі. Грамадзянская ініцыятыва “За свабоду сумленьня” аб’яднала ў сваіх шэрагах прадстаўнікоў юдаізму, крышнаітаў, бахаі і інш. Закон выклікаў абурэньне і ў сьвецкіх колах: ініцыятыву падтрымала Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў Беларусі. Абмежаваньне правоў вернікаў абурае ня толькі рэлігійныя канфэсіі, але й праваабаронцаў, грамадзкія арганізацыі, звычайных грамадзянаў.

Юры Чавусаў, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0