Прыемная бессардэчнасьць

Дзесяць нататак пра Швабію

Воляю лёсу апынуўся я нядаўна на поўдні Нямеччыны, у Швабіі, альбо, калі больш афіцыйна, у зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг. Мой бацька 60 гадоў таму ваяваў зь немцам, а мне вось выпадае гасьцяваць у мірнай Нямеччыне, сустракацца з добрымі знаёмымі, сябрамі. Затое ад “сваіх” на Радзіме — то арышт, то звальненьне з працы... Сьвет зьмяніўся, перапалюсаваўся. Зьмяняецца і Нямеччына.

Электраэнэргія

Альтэрнатыўная энэргія — даўно ўжо рэальнасьць у гэтай краіне. У доме, дзе я жыў паўтара месяца, вада грэецца ад сонечнай батарэі. Гэткую прыладу можна купіць за 20—35 тыс. эўра, а пасьля дорага прадаваць электрычнасьць у энэргасетку, танна купляючы патрэбную для свайго дому колькасьць. Можна адразу прадаваць ток суседзям. Можна купіць акумулятары і мець электрасувэрэнітэт. Разьвіцьцё сонечнай энэргетыкі рэгулюецца спэцыяльным дзяржаўным законам. Батарэя акупляецца за 10—15 гадоў.

У Бадэн-Вюртэмбэргу шмат гораў. Сям-там стаяць вадзяныя мікраэлектрастанцыі. Некаторым ужо пад сто гадоў. Дзе-нідзе ажыўляюць пэйзаж высозныя аднаногія ветракі з трохпялёсткавымі прапэлерамі — ветраэлектрастанцыі. Асабліва багата іх на поўначы, каля Гамбургу. Скучкаваныя дзясяткамі на самых высокіх пагорках, нетаропка пампуюць яны кіляваты з балтыйскіх вятроў.

Лазьня

Лазьня ў горадзе Вайнгартэне — ня проста месца, дзе можна памыцца. Гэта сацыяльна важны аб’ект, які фінансуецца муніцыпалітэтам. Усяго за некалькі эўра (пара тысячаў нашых рублёў) ты трапляеш у рымскую вільготную парыльню, можаш спаласнуцца ў малым (100 м2) і вялікім басэйнах. За 8 эўра (каля 15 тыс. рублёў) табе адчыніцца так званы лазьневы ляндшафт — цэлая сыстэма саўнаў з градацыяй тэмпэратуры, адпачывальняў зь лежакамі й прыгожымі карцінамі, душаў з рознай канфігурацыяй і ціскам вадзянога струменя, басэйнаў, салярыяў і зімовых садоў. Ты будзеш радавацца ўсім гэтым выгодам як дзіця. Ня дзіва, што грамадзкая лазьня карыстаецца папулярнасьцю і амаль акупляецца — датацыя ад гораду невялікая.

Мяшаных лазьняў альбо купальняў, дзе мужчыны і жанчыны аддаюцца вадзяным уцехам разам, тут няма. Гэтым кансэрватыўны Поўдзень розьніцца ад лібэральнай Поўначы з Гамбургам — сталіцай нямецкай вольніцы, дзе нудызмам, эротыкай і вольным сэксам нікога ня зьдзівіш.

Аўтамабіль

Дзень немца расьпісаны хвіліна ў хвіліну, і ён усюды пасьпявае толькі з дапамогай аўтамабіля. Машына немца ляціць па такой гладкай дарозе, якая нам можа толькі сьніцца. Але кіроўца пільны, бо вунь наперадзе нехта мае пераходзіць на другі бок. Нават калі няма “зебры”, шафёр прапусьціць пешахода і яшчэ пакажа рукой — ідзі, калі ласка!

Аўтамабіль немца стаіць ва ўласным гаражыку ля дому альбо ў падземным цёплым боксе на некалькі дзясяткаў машынаў. Дарогі ў Нямеччыне вузкія, падворкі малыя. Лік ідзе на сантымэтры. Немцы — супэраўскія кіроўцы і лёгка вытрымліваюць гэтыя малыя допускі, нават выпіўшы куфаль піва альбо фужэр віна. Алькаголь у малых дозах дазволены законам.

Рускія прыйшлі

Рускімі ў Вайнгартэне называюць усіх, хто з-за Польшчы. У вузейшым сэнсе слова гэта перасяленцы з Казахстану і Расеі, якія маюць альбо купілі нямецкія карані. У Вайнгартэне і Равэнсбургу месьцяцца некалькі іміграцыйных вузлоў, у якіх перасяленцы праходзяць працэс натуралізацыі.

За апошнія некалькі гадоў слова “рускі” тут набыло нэгатыўнае адценьне. Першая эмігранцкая хваля 90-х была малапраблемная: ехалі найлепшыя, найбольш адукаваныя. Цяпер людзі едуць у асноўным з-за дзяцей, каб “хоць ім даць лепшае жыцьцё” — ну чыста вясковыя беларусы, што выштурхваюць сваіх нашчадкаў у горад. Едуць і махляры. Гэтыя людзі часта ня здольныя ўспрымаць новую культуру, ня вучаць нямецкай мовы. А безь яе яны тут ня маюць ніякіх шанцаў і, купіўшы на ўсю “сацыялку” за колькі месяцаў шыкоўнае аўто, ня могуць уладкавацца на працу і вылезьці з прытулку. Там іх маюць права трымаць толькі паўгоду, а потым могуць і выселіць досыць гвалтоўна.

Знаёмы настаўнік сказаў мне, што ў школе ён займаецца тым, што мірыць “рускіх” і туркаў. Шмат праблемаў і з духоўнай экалёгіяй: у некаторых маладых “рускіх” невыкараняльна заселі звычкі пляваць пад ногі, гаварыць жахлівымі мацюкамі і пісаць іх на сьценах, піць гарэлку.

Усё гэта выклікае нэгатыўнае стаўленьне да людзей з Усходу наагул. Цяпер у Бундэстагу абмяркоўваецца новы закон аб іміграцыі. Ён мае быць больш строгім ды індывідуалізаваным.

Палітычнае кабарэ

Савецкі “Клюб вясёлых і кемлівых” — як матацыклы “Дняпро”, аўтамабілі “Волга”, “Масквіч” і шмат што яшчэ — пазычаны на Захадзе, і ўзорам яму было кабарэ.

У нямецкай мове слова “Kabarett” можа чытацца па-рознаму і, адпаведна, мае розныя значэньні. Вымаўленае бяз “т” — азначае вечаровую рэстарацыю з канканам. Калі “т” ёсьць — гэта тэатар слова і песьні — той самы КВК, толькі прафэсійны.

Праграмаў палітычнага кабарэ мноства. Артысты езьдзяць з гастролямі, выступаюць на тэлебачаньні. Палітыкаў, уключна з канцлерам, не шкадуюць. Аднак мяне насьцярожвае бязьмежнасьць пародыяў. Калі праграмы набываюць агульна-зласьлівы характар, а гэта бывае досыць часта, так і карціць прапанаваць артыстам памяняцца з палітыкамі месцамі. Лёгка сьмяяцца, калі ты ў Нямеччыне маеш усё і жывеш у бясьпецы. Але трэба ж і меру ведаць.

Што немцы ядуць

Немцы жывуць не зь вясковых прывозаў альбо лецішчаў, а з сваіх немалых заробкаў і пэнсіяў. Грошы мяняюць на прадукты ў прадуктовых крамах або ў супэрмаркетах.

Там ёсьць усё: па дзесяць гатункаў яблыкаў і капусты, агуркі, памідоры, рэпа, пятрушка, шэсьць-восем гатункаў бульбы — ад цьвёрдай у салату да разварыстай. Ёсьць бананы, апэльсыны, ананасы, лімоны, ківі і яшчэ воз з прычэпам вітаміннай садавіны ды гародніны.

Мяса выстаўлена гатункаў трыццаць, кілбасаў і фабрыкатаў — усе пяцьдзясят, сыроў таксама безьліч, малочнай прадукцыі — найменьняў сто. Птушкі ўсялякай — аж вочы разьбягаюцца.

Віно, добрае сухое віно прадаецца па сьмешных цэнах — няпоўны эўра за пляшку-паўтарачку. Во дзе харчовая бясьпека краіны — думаў я сабе, згадваючы наш гарэлачны суіцыд. Немцы затарваюцца адразу на тыдзень, нагружаючы вазок на 30—50 эўра (50—100 нашых тысячаў).

Бедныя, вядома, ёсьць і тут, але галодных на вуліцы я ня бачыў. Жабрачка — адна на ўвесь горад — просіць пад вечар ля Базылікі, велізарнае старажытнае царквы. Мне казалі, што працаваць яна ня ўмее і прынцыпова ня хоча.

Праца й адпачынак

Немцы працуюць, як гадзіньнікавы мэханізм, — акуратна і дакладна. Удзень горад пусты, ажывае ён у абедзенны перапынак і ў гадзіну пік — а 16-й, калі немцы вяртаюцца з работы. У выходныя (у суботу з 16-й і ў нядзелю) крамы не працуюць. Горад зноў-такі пусты: немцы — сямейнікі, яны альбо занятыя дома, альбо выяжджаюць на свае пікнікі, лыжы, яхты, у свае горы, музэі, вандроўкі.

Вельмі папулярныя тут ровары. Яны выдатнай якасьці, і які б я ні быў патрыёт, але дома мушу езьдзіць на вэлясыпэдзе, купленым у Нямеччыне. Ён, дарэчы, старой мадэлі, горшы за тыя, на якіх мы накручвалі па веснавой Швабіі 40—50 кілямэтраў за дзень.

Немцы мала гавораць, але многа робяць — прадумана і пунктуальна. І гэтым моцна розьняцца ад славянаў, якіх тут лічаць “сардэчнымі”, або, прасьцей кажучы, “неарганізаванымі”.

Немцы працуюць агулам менш за нас, бо мы марнуем багата часу і ў выніку ня можам ні толкам нешта зрабіць, ні адпачыць як сьлед.

Грошы

Нешта не чуваць, каб тут з жальбою згадвалі свае памерлыя на Новы год маркі. Цэньнікі вісяць у эўра і ў марках. Апошнія яшчэ можна памяняць у адзіным на ўвесь крайс (раён) банку.

У Нямеччыне па-ранейшаму няма праблемаў з разьменнай манетай. У мяне ніводнага разу за паўтара месяца не спыталі ля касы дробных грошай. У краме пакупнік павінен перажываць толькі пазытыўныя эмоцыі — нават на ўзроўні падкоркі. Тады ён захоча прыйсьці яшчэ.

Нямеччына — рынкавая сацыяльная дзяржава, але нават тут можна жыць бяз грошай. Аднаго разу трапіў я на дыскусію “Грошы або жыцьцё”. Рэй там вяла жанчына, якая ўжо шэсьць гадоў абыходзіцца бязь іх. Па спэцыяльнасьці яна псыхатэрапэўт, але, распачаўшы гэты свой экспэрымэнт, згубіла ўсю кліентуру. Ёй давялося адмовіцца ад кватэры, цяпер яна перабіваецца па чужых куткох: у часе адпачынку гаспадароў ахоўвае жытло, даглядае хатніх жывёлаў, прыбірае. За гэтыя паслугі часам атрымлівае ежу. Калі-нікалі ёй перападае нешта з крамы экалягічна чыстых прадуктаў, калі ў тых сыходзіць тэрмін прыдатнасьці. Ёй даводзіцца езьдзіць па ўсёй краіне. Да лекара ніколі не зьвярталася. Раз было прыціснула, але само прайшло. Жанчыне пад шэсьцьдзесят. На пытаньне, што яна будзе рабіць, калі прыцісьне мацней, яна адказала цьмяна — ажно недзе на даляглядзе мільгнуў цень суіцыду.

Рынак і футбол

Футбол у Нямеччыне — улюбёны від спорту. Матчы зьбіраюць поўныя стадыёны. “Schwäbische zeitung” адводзіць многа месца пад камэнтары гульняў равэнсбурскага клюбу, іншых мясцовых камандаў больш нізкіх лігаў.

Школьныя стадыёны ды іншыя пляцоўкі маюць узорны газон: абсалютна роўны, зялёны, няцьвёрды.

Гуляюць тут надзіва мала. Відаць, праца і сям’я зусім не пакідаюць часу. Каб падтрымаць форму, я паспрабаваў гуляць з камандай “олд бояў”, зь якой берасьцейскі самадзейны клюб “Аматар” мяняўся візытамі колькі гадоў таму. Мяне прынялі добра. Адно што я ня ўзяў бутсаў. Немцы прынцыпова не гуляюць у абутку без шыпоў, бо траўмы ва ўмовах рынку — толькі твая справа. Тым ня менш яны ёсьць. За гэтыя пару гадоў капітану “старых хлопцаў” Аксэлю выкруцілі калена, і ён паўтара году мусіў яго лячыць. Ёзафу зьвярнулі набок нос. Мужчынскі спорт. Сам меў такую траўму.

Немцы — ад дваровых камандаў да зборнай — гуляюць, як працуюць: мэтадычна, выверана, без фантазіі, але надзейна. Гуляць зь імі прыемна, ёсьць адчуваньне каманды, партнэра, няма хаосу ды авантурнасьці. І ўсё гэта — на добрым полі, а потым чысты душ, піва ў клюбнай “гастштэтэ” з гучным матчам па TV і размовамі. Размаўляюць равэнсбурскія “олд боі” часьцей за ўсё па-швабску.

Швабская мова

Ірэна, сакратарка аднае ўстановы ў Вайнгартэне, прызналася, што дрэнна ведае граматыку нямецкай мовы і думае па-швабску.

Калі ведаеш літаратурную мову, дык у швабскай, як звыкнеш да фанэтыкі, застаецца мала незразумелага. Тыпалягічна яна адпавядае нашаму палескаму маўленьню, толькі тут больш фанэтычных сыстэмных адрозьненьняў ад літаратурнай мовы, а ў палескай гутарцы — лексычных.

Швабы гавораць па-свойму дома на кухнях, па-за домам у коле сяброў-швабаў. Нават настаўнікі гавораць на літаратурнай нямецкай мове з акцэнтам. Зварот па-швабску — гэта праява свойскасьці, цеплыні.

У падручніках ня робяць выгляду, што гэтай зьявы няма, — падаюць гумарыстычныя гісторыі, іншыя функцыянальныя тэксты па-швабску.

Так, Вайнгартэн — гэта Швабія. Але Вайнгартэн — гэта і Нямеччына. Аднак перадусім Вайнгартэн — Эўропа. У ёй ёсьць месца і Нямеччыне, і Швабіі, бо дэвіз Эўропы — адзінства разнастайнага.

Там і нам, пэўна, знайшлося б месца. Але ня жлобістым індывідам, якія прыедуць на ўсё гатовае, а тым, хто пабудуе свой дом — Беларусь.

Яўген Бяласін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0