Мы прыбіраем кропкі над “і”!
Сёньня ў нашай “Пілараме Аналітычнай” гаворка пойдзе пра беларускі блякбастэр. Вядомы журналіст Тыкубовіч, Змагар нябачнага фронту, аналітык у цывільным Калядоп, самая сэксуальная журналістка сьвету Таліб, урач-футуроляг Фядупа і праваслаўны літаратар Касьцям абмяркоўваюць сытуацыю, што склалася вакол фільму “Легенда пра Настасьсю Слуцкую”.
Тыкубовіч: Як скончым жніво, так і возьмемся за народны блякбастэр. У сувязі з падрыхтоўкай да здымкаў у краіне зноў будзе абвешчана надзвычайнае становішча. Гарант Канстытуцыі ўжо ашчадзіў патрэбны мільярд, урэзаўшы выступ Газманава на “Славянскім базары”. Цяпер у часе рабочых паездак па рэгіёнах краіны ён ня толькі сочыць за ходам жніва, але й падшуквае найбольш выгодныя здымачныя пляцоўкі.
Касьцям: Але ў сувязі з занятасьцю аднае вядомае расейскае актрысы і старасьцю другой, няма каму здымацца ў галоўнай ролі.
Таліб: Як гэта няма каму? Шукаеце ўсё ў Пуціна ды ў Эўропе, дзе даўно ўжо ўсё прайграна, а пад носам у сябе ня бачыце! А я, дурніца, нават стараславянскую мову вывучыла!
Змагар: Беларускую лепей вывучыла б!..
Фядупа: Калегі, калі б Беларусь захацела купіць пакет акцыяў “Газпраму”, хіба нам сказалі б: “Беларусы хочуць скупіць Расею”? Хіба хто слова сказаў бы? Але здымаць фільмы пра часы, калі сфэра ўплыву Маскоўскага княства сканчалася за Мажайскам… Гэта нясьціпла і неэтычна.
Змагар: Гэта адпавядае гістарычнай праўдзе! Расейцы, дарэчы, каб пазбыцца сваёй імпэрскасьці, мусілі б здымаць фільмы пра свае паразы — “Бітва на Калцы”, “Альгерд пад Масквою”…
Касьцям: Усім, хто ня бачыць розьніцы між ігравым і дакумэнтальным кіно, я, як экспэрт, кажу: рэальная гісторыя разьведчыка Ісаева розьнілася ад пастаўленага паводле ейных матываў фільму “Чатыры танкісты і сабака”. Таму ня трэба інсінуіраваць, што ў XVI стагодзьдзі ў Беларусі не было камбайнаў! Княгіня Настасься зь язычнікам Будзімірам будуць любіцца менавіта на іх фоне! Сцэнар чыталі пісьменьнікі, што пішуць на гістарычную тэму, і яны ўсё адобрылі!
Калядоп: І праўда, калега, пара ўжо сказаць усім гэтым белмоўным змагарам: шавінізм, нацызм і нацыяналізм заўжды выклікалі варожасьць, і гэта зазвычай сканчалася кровапралітнымі войнамі. Такія ўрокі гісторыі, пра якія забывацца ня варта, асабліва сёньня.
Касьцям: Дарэчы, а хто такія язычнікі? Каталікі, хіба? Дык яны ж яшчэ большыя нашы ворагі, чым татары! Увогуле, варта выкінуць з сцэнару крымскіх татараў, якія даўно сышлі з гістарычнае сцэны, і ўпісаць замест іх аўтакефальнікаў з Спасюком на чале.
Тыкубовіч: Не, гэтыя ўсё-такі праваслаўныя, а супраць татараў, згодна з сцэнарам, у адзіным парыве змагаюцца беларусы, літвіны, мясцовыя татары, габрэі…
Касьцям: Мне агідна чуць, быццам беларусы маглі з гэтымі... гэтымі…
Тыкубовіч: Яшчэ адна вакантная роля — язычнік Будзімір.
Калядоп: Ёсьць інфармацыя з кампэтэнтных крыніцаў: на сакрэтным паседжаньні Адміністрацыі пытаньне ўжо вырашана. Здымкі фільму адкладзеныя на канец жніва. Гэта значыць, ролю выканае або найлепшы камбайнэр, або…
Усе: Сам?!
Змагар: Да чаго дайшоў антыканстытуцыйны рэжым!
Таліб: Лепей ужо пад камбайн! Хаця…
Але тут пад’ехаў Азаронак са здымачнай групай і сфатаграфаваў усіх на памяць для свайго новага трылеру “Дзеці хлусьні — 7”.
Аддзел аналітыкі