Пуцін прапануе немагчымае

Кіраўнік Расеі падштурхоўвае лідэра Беларусі ліквідаваць дзяржаву, якую той узначальвае

У панядзелак беларускія сувязісты прыпынілі маўленьне расейскіх радыёстанцый “Маяк” і “Юность”, а таксама скарацілі час трансьляцыі тэлеканалаў РТР, НТВ і “Культура”. Афіцыйная падстава — запазычанасьць па аплаце перадатчыкаў. Масква неадкладна выказала пратэст.

На фоне чарады двухбаковых канфліктаў ідэі расейскага прэзыдэнта,што прагучалі на перамовах у сераду, ашаламляюць. У.Пуцін прапанаваў увесьці ў якасьці супольнае валюты дзьвюх дзяржаваў расейскі рубель з 2004 г. Ён таксама выказаўся за правядзеньне ў траўні 2003 г. рэфэрэндумаў адносна будучыні інтэграцыі “на базе канстытуцыі Расеі”, а вясной 2004 г. — выбараў прэзыдэнта адзінае дзяржавы. Праўда, ён адзначыў і магчымасьць іншага варыянту — каб супольнай дзяржавай кіраваў парлямэнт, як у Эўразьвязе.

Такія прапановы непрымальныя для беларускага боку, бо парушалі б Канстытуцыю краіны. Гэтых падыходаў у Беларусі не падтрымлівае ніводная легальная палітычная сіла.

А.Лукашэнка заявіў у гутарцы з журналістамі пасьля вяртаньня з Масквы, што “магчымасьці існае дамовы далёка ня вычарпаныя”. І ён не падтрымаў ідэяў У.Пуціна.

Але Станіслаў Шушкевіч лічыць, што ў цяперашняга кіраўніка дзяржавы ўрэшце не застанецца іншага выйсьця, як пагадзіцца на рэфэрэндум, які навязвае Пуцін. У інтэрвію радыё “Свабода” былы сьпікер парлямэнту заявіў, што А.Лукашэнка “будзе скакаць зараз і гаварыць, што ён ніколі ня пойдзе на рэфэрэндум, але пасьля яго правядзе”. На думку С.Шушкевіча, прапанова Пуціна нясе сур’ёзную пагрозу незалежнасьці Беларусі. “Прапануецца той варыянт, які быў падчас гітлераўскага рэфэрэндуму, падчас аншлюсу Аўстрыі”.

Шапказакідальніцкая фраза А.Лукашэнкі “Беларусь гатовая ісьці ў інтэграцыі так далёка, як гатовая Расея” ўдарыла па сваім аўтару. Пуцін і параіў яму ісьці — далёка, аж да далучэньня. У А.Лукашэнкі адабралі інтэграцыйную рыторыку. Ён вярнуўся з Масквы абяззброены. Сам стрыжань ягонай палітыкі выпадае. Калі беларускі кіраўнік ня знойдзе для сваёй палітыкі новага стрыжня, ягоныя ўладныя пазыцыі рэзка аслабнуць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0