палітычны камэнтар

Пра курыцу і яйка

Усё памяшалася ў стане беларускай пазыцыі-апазыцыі. Апазыцыянэры злараднічаюць зь якога-небудзь Козіка — маўляў, атрымаў прафсаюзы за “развал саюзу Беларусі і Расеі”, быццам ня гэтага “развалу” самі ж і дамагаліся. І тут жа дружна выходзяць на абарону журналіста, які публікуе дэструктывы расейскага ФСБ, скіраваныя на разбурэньне беларускае дзяржаўнае машыны. У судовым працэсе “ФСБ супраць Беларусі” яны ўстаюць на бок ФСБ, але выйграе пакуль, дзякаваць богу, Беларусь. Вы скажаце, Козікі-Тозікі — гэта зусім не Беларусь, але самі разумееце, што сёньня якраз яны разам з ППРБ (на жаль, толькі яны) і ўвасабляюць у сабе Беларусь, яе канстытуцыйную незалежнасьць, і бязь іхнае “хамскае ўлады” ці доўга наша незалежнасьць пратрымаецца — стараньнямі таго самага ФСБ.

Спрэчка пра тое, што ўсё ж першаснае — сувэрэнітэт краіны ці дэмакратыя, — крыху сьціхнуўшы ў прэсе, поўнай хадою працягваецца цяпер у жыцьці. Цэлая нябачная вайна ідзе ва ўзбуджаных мазгох палітыкаў. Сьледам за стратаю ўплыву ў народзе наша шматпакутная апазыцыя пачала губляць і свае ўласныя сьцягі, якія яшчэ гадоў пяць таму моцна трымала ў руках. Сёньня ўжо зьненавідны ППРБ, а не ягоныя ненавісьнікі, кажа пра нэўтралітэт краіны, пра тое, што ні Захад, ні Расея ня мусяць умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, пра прыярытэт незалежнасьці... Што яшчэ застаецца ў праграмным рэестры апазыцыянэраў, чаго б не прыбраў да рук афіцыёз? Свабода слова (для большасьці — расейскага слова) і для некаторых — родная мова (з так і не даробленым правапісам)?..

Маю ўвагу зьвярнуў гэткі этычны момант. “Пакрыўджаны” Тозікам “апазыцыйны” журналіст даваў беларускай службе радыё “Свабода” інтэрвію па-расейску. А гэта паказьнік, бо за апошнія гадоў пяць сфармаваўся пэўны палітычны bon ton, для слухачоў — лякмусавая паперка: журналісты і палітыкі, самыя расейскамоўныя ў жыцьці, для радыё “Свабода” стараюцца гаварыць па-беларуску. Бо ня хочуць у беларускім кантэксьце выглядаць замежнікамі, прышлымі, чужымі людзьмі. У выпадку ж з нашым журналістам прамаскоўская арыентацыя нават не хавалася. Але й гэта не спыніла абаронцаў “свабоды слова”... ад беларускай дзяржаўнасьці. Во як перамагае першасная “дэмакратыя”. Сваіх жа апалягетаў і перамагае найперш.

У іншым месцы зьбіраюцца сур’ёзныя палітычныя дзеячы і, нібы пакрыўджаныя дзеці, заклінаюць саміх сябе: мы не павінны паддавацца ілюзіям, Лукашэнка ніколі ня будзе бараніць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Якія ілюзіі, панове? Хіба ён не абавязаны гэта рабіць? Хіба прэзыдэнт краіны не абавязаны бараніць яе нацыянальныя інтарэсы? І хіба вы не павінны патрабаваць ад яго гэтага і сачыць за гэтым, калі вы сапраўды вышэй за ўсё ставіце гэтыя самыя нацыянальныя інтарэсы?

Прыклад краінаў-суседзяў паказвае зусім адназначна і без выключэньняў — найперш незалежнасьць, пасьля дэмакратыя. Найперш краіна, пасьля — рэжым. Бо тое што мусіць адбывацца дзе, а не наадварот. І ў Беларусі — таксама. Хіба што гадоў на дзесяць мы адсталі ў нашым палітычным і нацыянальным сталеньні. Якраз беларусізацыя будзе першай умовай ператварэньня “хамскае ўлады” ў няхамскую, як гэта і было паўсюдна. Гаварыць сёньня пра першасную дэмакратыю ў нашых умовах — азначае гаварыць пра далейшую русіфікацыю і ўрэшце далучэньне да Расеі. Бо “голая” дэмакратыя ў нас зусім ня голая, а менавіта расейская, “демократия вообще”. І, ідучы за ёй як за першаснай, мы наўпрост рызыкуем прыйсьці ў Маскву і атрымаць адтуль “вполне демократический” рэжым. Тады ўжо сапраўды беларушчыну можна будзе адсунуць у далёкую шуфляду.

Тэза незалежнасьці і дэмакратыі для Беларусі была выразна сфармуляваная Кастусём Каліноўскім і ніколькі ня страціла свае актуальнасьці. Памятаеце? “Бо я табе з-пад шыбенiцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасьлiва, калi над табою Маскаля ўжо ня будзе”.

Сяргей Дубавец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0