Закон адзін для ўсіх

Падаткавік Мікола Немцаў хоча спагнаць з тэнiсiста Максiма Мiрнага 300 тысяч даляраў на карысьць дзяржавы

Даход Мірнага за студзень-ліпень 2002 г. склаў 461 тыс. даляраў. Летась тэнісіст зарабiў 900 тыс. даляраў. Паводле беларускага заканадаўства, 30% ад тае сумы ён мусiць аддаваць дзяржаве. Iнспэктар Ленiнскай падатковай iнспэкцыi Мiкалай Немцаў, галоўны “перасьледнiк” Мiрнага, зазначыў, што тэнiсiст – такi ж беларускi грамадзянiн, як i iншыя. I, згодна з заканадаўствам, мусiць плацiць падаткi ў дзяржаўны скарб Беларусi незалежна ад месца iх атрыманьня i месца свайго пражываньня. Пры гэтым, як сказаў Немцаў карэспандэнту “НН”, канкрэтная сума пакуль не называецца. Вызначаная яна будзе пасьля таго, як у iнспэкцыю прыйдуць усе патрэбныя паперы, дзе будуць пазначаныя даходы i ўжо выплачаныя падаткi спартоўца. Падаць тыя дакумэнты паабяцаў бацька Максіма Мiрнага, але пакуль у Ленiнскай падатковай iнспэкцыі iх няма. Сума падаткаў можа скласьці каля 300 тыс. даляраў, улічваючы, што стаўка падатку — 30%.

Увагу падаткавiкоў спартовец прыцягнуў летась, калі купляў новы аўтамабiль. Усе набыткi коштам за 10 тыс. даляраў у нашай краiне мусяць дэкляравацца ў падатковай iнспэкцыi. Цяпер інспэкцыя пагражае Максу як мiнiмум забаронай выязджаць за мяжу. Апроч таго, артыкул 243 Крымiнальнага кодэксу “Ўхiленьне ад выплаты падаткаў” пагражае вiнаватаму пазбаўленьнем волi на тэрмiн ад 3 да 7 гадоў, поўнай канфiскацыяй маёмасьцi і пазбаўленьнем права займацца пэўным вiдам дзейнасьцi. У дадзеным выпадку — гуляць у тэніс.

Iнспэктар М.Немцаў кажа, што Макс Мiрны не адзiны спартовец, якi iмкнецца ўхiлiцца ад выплаты падаткаў. Такія самыя прэтэнзii маюць падатковыя службы, напрыклад, да футбалiстаў Штанюка i Астроўскага, якiя гуляюць за эўрапейскiя клюбы. “Раней, калi Штанюк гуляў за расейскiя клюбы, да яго прэтэнзiяў не было: ён плаціў падаткi. А цяпер мы ня можам прасачыць ягоныя даходы, — кажа Мiкалай Немцаў. — Мы можам высьветліць даходы спартоўцаў, якiя гуляюць у камандных спаборнiцтвах за нашу краiну. Але што тычыцца асабiстых турнiраў i першынстваў, тут сытуацыя больш складаная”, — зазначае ён. Прыкладам спартоўца, якi атрымлiвае даходы за мяжой i да якога падаткавiкi ня маюць прэтэнзiяў, Мiкалай Немцаў назваў футбалiста Рындзюка, якi гуляе за адзiн з расейскiх клюбаў.

А.Ш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0