Лёгкага хлеба не бывае

Холдынг “Літаратура і мастацтва” лопаецца па швох, не праіснаваўшы і пары месяцаў.

У пісьменьніцкіх колах стаўся ўжо крылатым анэкдот пра тое, як на Андрэя Федарэнку “наехаў” адзін кіраўнік холдынгу. Заўважыўшы, што Федарэнка прыйшоў на працу нападпітку, начальнік пачаў сварыцца на яго: вось праядаеце-прапіваеце народныя грошы, а недзе ў вёсцы сядзіць хлопец і піша па начох. Я вось чытаў усю ноч аповесьць “Аўганская шкатулка”, якую напісаў такі хлопец. “Дык гэта ж мая аповесьць, браце!..” — мусіў прызнацца Федарэнка.

Дзіва што сярод такіх літаратурных камандзіраў запанаваў раздрай. Паводле чутак, Ніна Чайка напісала скаргу ў Адміністрацыю прэзыдэнта, абвінаваціўшы Яўгена Новікава і Сяргея Касьцяна ў некампэтэнтнасьці. Чаго вартая хоць бы іхная задума зрабіць тыднёвік “ЛіМ” дзьвюхмоўным! Але й сама Ніна Чайка мае ў воку парушынку: ці ж гэта крок, варты галоўнага рэдактара, — друкаваць у часопісе раман Аляксандра Праханава “Пан Гексаген”, які даўно выйшаў асобным выданьнем і паўсюдна прадаецца?

Касьцянова рэакцыя на скаргу ў Адміністрацыю была імгненная: кажуць, Чайка падала ўжо заяву на звальненьне зь “Нёману”, такую ж заяву два тыдні таму напісала Таіса Бондар, галоўная рэдактарка “Всемирной литературы”. На месца Чайкі мерыцца адзін з раскольнікаў Саюзу пісьменьнікаў Віктар Праўдзін.

Чакаюцца й іншыя зьмены. У Касьцяна зьявілася задума перавесьці “Всемирную литературу” на беларускую мову.

Верагодны й сыход Алеся Пісьмянкова з крэсла галоўнага рэдактара газэты “ЛіМ”. На ягонае месца кандыдуе Віктар Шніп, а Пісьмянкоў шыкуецца кіраваць “Вожыкам”.

Выглядае, што новапрызначанае літаратурнае начальства (Касьцян etc.) ішло кіраваць зь цьвёрдым перакананьнем: літаратары ў сваіх часопісах грабуць велізарныя грошы за мізэрную працу. Усяго “дзялоў” — пачытай чужыя творыкі ды аддай у друк. Аднак выявілася, што лёгкага хлеба насамрэч не бывае: ні грошай, ні пашаны лукашысты сабе ў холдынгу не зарабілі дый перасварыліся міжсобку.

А.Ш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0