Наталка Бабіна

Пастка для крата

Працяг. Пачатак у № 23—29.

Студэнтка менскае Палітэхнікі Яніна знаходзіць на лецішчы труп невядомага чалавека, а назаўтра ледзь ня робіцца ахвяраю забойцы. У часе наступных візытаў на лецішча высьвятляецца, што да злачынства мае нейкія адносіны сусед Мікалай Кержыч. Яніна змушае яго прызнацца: галоўны злачынца — ейны каханак-спэцслужбіст Андрэй, які нібыта расьсьледуе справу. У часе размовы нечакана зьяўляецца забойца...

— Рукі на стол! — скамандаваў ён, заўважыўшы, што спалатнелы Кержыч пацягнуўся па адкрутку. — Ня трэба гонкі ўзбраеньняў.

— Адкуль вы ўзяліся? — разгублена спытаў дзядзька Мікалай.

— Падазраваў, што сёньня мае адбыцца пэўная размова, вось і вырашыў узяць удзел, — спакойна адказаў Андрэй, набліжаючыся да стала, за якім мы сядзелі. — Эх, грамадзянін Кержыч! Язык, які праз зубы выбіваецца, можа стацца прычынаю небясьпечнага калецтва...

Ён кароткім рухам выхапіў з-пад пахі пісталет і рукаяткаю даў старому па галаве. Той бяз слова абсунуўся долу. Я ўскрыкнула. Андрэй павольна павярнуўся да мяне. Які ён быў прыгожы! Якім глубокім, прыхаваным агнём палалі яго шэрыя вочы... З гэтым чалавекам я спала, яму я расказвала свае сны, а цяпло ягонага цела, пах яго скуры...

— Тыповы інтэлігент — ні два, ні паўтара. Слабак.

— Андрэй, — прашаптала я, — ты што, здурнеў? Навошта ты гэта зрабіў? Навошта?

Ён падышоў да мяне ўсутыч і ўзьняў з крэсла. Бяздонныя яго вочы палалі зусім блізка ад майго твару.

— Таму што я цябе кахаю, — прашаптаў ён.

Сэрца маё калацілася, перад правым вокам круцілася вясёлкавае кола. Я гатовая была страціць прытомнасьць.

— Шалею ад цябе, — шаптаў ён, і рука яго гладзіла мае валасы, і сьпіну, і ногі, і плавілася ў паветры ягонае каханьне, атрутным газам уваходзячы ў лёгкія. — Ты думаеш, я ня ведаў пра твае шашні з тым жыдком, якому дзьверы падпалілі? Усё ведаў і гатовы быў дараваць. Але ты круціла хвастом. Я хацеў ажаніцца, а ты сьмяялася, пазьбягала адказу...

— Андрэй...

— Ты не разумела мяне... Зрэшты, што ты ведаеш пра жыцьцё? Бацька юрыст, зарабляе дай божа, жывеш у прыгожым доме, у багатай кватэры... Па піцэрыях ходзіш... Ты ж ня можаш зразумець, што такое жыць у галечы, калі бацька заўсёды п’яны, а маці, змучаная і худая, п’е ў нядзелю, каб трохі адпачыць... Ты ніколі не жыла ў інтэрнаце — прусакі, ваніты па калідорах пасьля сьвятаў, чужыя сьмярдзючыя шкарпэткі пад носам... Ты не магла зразумець, што такога шанцу можа больш ня быць, а я добра бачыў, што губляць яго нельга...

Калі выйшаў указ аб падтрымцы маладых сем’яў, я ўпершыню паспрабаваў пагаварыць с табой — памятаеш? Час не чакаў: крэдыт давалі толькі сем’ям, дзе і ён, і яна яшчэ ня маюць дваццаці пяці гадоў. Ты хоць разумееш, што такое крэдыт ад дзяржавы? Дзе табе! На “Абсалют” для зэкаў старых даляры выкідаеш!

Калі ў райкаме пачалі складаць ільготную чаргу, я апынуўся другім пасьля Мянцея. Кватэры мусілі выдзеліць усяму райкаму і аднаму чалавеку з чаргі. Калі б я нэўтралізаваў Мянцея і ажаніўся з табою, мы атрымалі б крэдыт, дастатковы, каб збудаваць кватэру ў Малінаўцы… Туды мог бы пераехаць твой бацька, а мы засталіся б у цэнтры… Але ты на ўсе мае ўгаворы толькі сьмяялася. А я хацеў жыць як чалавек — і жыць з табой. Ды мне толькі сьвіснуць варта было — любая б за мной пабегла. Але прыкіпела маё сэрца да цябе, прыварылася...

Час падганяў. Мянцея трэ было забіць, а цябе — напалохаць, прымусіць скарыцца. І ты была амаль гатовая, асабліва калі я папужаў цябе стрэламі ў калідоры — зь люку ў столі... І ўсё было б так добра, каб ня гэтая халерная спаржа, ня гэтая халерная пастка для крата… Лёс павярнуўся інакш, але такой бяды… — Ягоная рука ўсё лашчыла маю сьпіну, а вочы паціху рабіліся вар’яцкімі, — бяды няма... — Ён захапіў мае валасы ў прыгаршчы і, рэзка пацягнуўшы ўніз, нагнуўся над маім закінутым уверх тварам. — Любая, апошні раз будзьма разам?

Руляй свайго пісталета ён лёгенька штурхнуў мяне пад рабрыну, прыціскаючы да сябе... Матка Боска! Вось не шанцуе з мужыкамі! Той уцякае ў Амэрыку, гэты, відаць, зьбіраецца згвалціць і забіць... Бяда!

— Я ж не зрабіла табе нічога кепскага, — прашаптала я, адчуваючы яго дыханьне на сваёй шчацэ. — Калі ласка, не забівай мяне! Я нікому нічога не скажу, абяцаю. Давай проста ціха разыдземся...

— Запозна. Нельга пакідаць сьведкаў. А ты — сьведка...

Я не магла адвесьці позірку ад яго вачэй — такога жаданьня я ня бачыла ў іх ніколі, і нешта ўва мне адклікалася... Ён прымушаў мяне легчы сьпінай на стол. Я мякка правяла рукой па яго калючай шчацэ:

— Прыбяры са стала прыёмнік...

А калі ён рукой зь пісталетам скідаў радыё на падлогу, я з усяе моцы заехала яму каленам у пахвіну, схапіла са стала адкрутку і наўздагад саданула па руцэ зь пісталетам. Ён закрычаў, сагнуўшыся, зброя выпала, і я нагой адкінула яе як мага далей. Але другой рукой ён моцна трымаў мяне за валасы і, калі сагнуўся ад болю, прымусіў і мяне нахіліцца да падлогі. Тут ужо закрычала я, паспрабавала вырвацца, але ён наваліўся на мяне і з размаху ўдарыў. І мяне нібы амок які апанаваў! Забіць — няхай сабе, форс-мажорныя абставіны прымусілі, але ўдарыць па твары! Мяне, слабую жанчыну! Усё маё трымценьне перад Накрый-мяне-андаракам ад гэтай плюхі расьсеялася, як туман. Во гаўнюк! І я такому расказвала сны! Завішчаўшы, як парсюк на сьнежаньскім падвор’і, я ўчапілася кіпцюрамі ў ягоны твар. Ён адпусьціў мяне, але толькі дзеля таго, каб скокнуць па зброю. Не пасьпела я ўзьняцца з падлогі, як Андрэй ужо стаяў нада мною, трымаючы пісталет у левай руцэ, а правая, скрываўленая, вісела як бізун.

— Ты ўсё мітусішся, — цяжка дыхаючы прашыпеў ён. — Бывай, каханая.

Андрэй прыцэліўся; я сьцялася пад пісталетам, ня маючы сілаў адвесьці позірк ад чорнай дзіркі. Крычаць? Кінуцца яму ў ногі? Матлянуцца ўбок? Я адчувала, як сьцякаюць апошнія імгненьні майго жыцьця. Стук, стук — сэрца, стогн — Кержыч на стале. Андрэеў палец здрыгануўся на курку, зараз, зараз ён стрэліць...

— Кінь зброю!— прагрымела раптам, дзьверы пхнулі нагой. Збышак з дубальтоўкай, Дуброўскі й Сьлёзка ўбеглі ў памяшканьне. Бразнула пабітае шкло — Анупры зь нейкім абрэзам, якога я раней ня бачыла, усунуўся ў маленькае акенца ля столі.

— Кінь зброю — хата абкружаная! — гукнуў Збышак і для пэўнасьці дадаў колькі выразаў, што ў друку не дапускаюцца.

Я схапілася з падлогі й кінулася да Фабіяна. У гэты момант прабачыла яму і “гістэрычную дурніцу”, і сапсаваную тапалёгію, і ўсе яго магчымыя і немагчымыя правіны перада мною аж да скону... У жыцьці ня бачыла больш надзейнага прытулку, чым касьцістая грудзіна, на якой я рыдала, учапіўшыся ў штрыфлі марынаркі...

Сьлёзка спакойна падышоў да Андарака, забраў, тузануўшы за рулю, пісталет і прабурчаў, абшукваючы:

— Прафэсіянал, прафэсіянал... А мы што, аборай хлеб кроім? — павыцягваў з Андрэевых кішэняў нейкія паперы і перайшоў да Кержыча:

— Зараз ачуняе, нічога сур’ёзнага. Пайшлі, паны-брацьця!— На парозе ён азірнуўся і зьвярнуўся да Андарака, які ашалела стаяў з паднятай рукой: — А пан няхай ня робіць лішніх рухаў. Займіся вось рукой… З табою яшчэ будзе размова, — і, падміргнуўшы, дадаў: — Сарока сароку бачыць здалёку, праўда?

Заканчэньне будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0