піларама аналітычная

Міражы Міру

Сёньняшняя “Піларама аналітычная” з удзелам тэлеміністра Рыбакопа, літаратара-славяніна Касьцяма, Змагара нябачнага фронту й прэзыдэнта Акадэміі камунальных навук Часныковіча прысьвечаная сьвяту беларускага пісьменства і друку, што адбудзецца 17 верасьня ў Міры.

Вядучы: Бітва за ўраджай у асноўным скончылася пасьпяхова, хоць удзельныя князькі дагэтуль прачынаюцца ў рэфлекторных канвульсіях, пачуўшы строкат прэзыдэнцкага кулямёта. Але няма калі расслабляцца! Хутка пачнецца ўборка беларускага нацыянальнага фэтышу — бульбы. І таму вельмі лягічна, што Дзень беларускага пісьменства і друку перанесены на самы разгар бульбаўборачнае кампаніі. Наша першае пытаньне прадстаўніку творчае інтэлігенцыі, які толькі што вярнуўся з будпляцоўкі будучага сьвята. Што там у Міры?

Касьцям: Жыхары старажытнага славянскага мястэчка Мір зь нецярплівасьцю чакаюць сьвята, разам зь якім у іхныя дамы прыйдзе сьвятло і вада, адключаныя колькі месяцаў таму ў сувязі з мантажом мэгагірлянды для ўпрыгожаньня замку.

Змагар: Вось як антынародная ўлада клапоціцца пра людзей! Нават за немцамі ў Міры была вада й электрычнасьць і трансьляваўся “Маяк”!

Касьцям: Вось вы сябе й выдалі, калябаранты праклятыя, вам новай нямецкай акупацыі захацелася! Але рэваншу ня будзе! Гэта цьвёрда сказаў Гарант Канстытуцыі, які перанёс сьвята на 17 верасьня!

Рыбакоп: Тым больш што вяшчаньне “Маяка” будзе адноўленае ў поўным аб’ёме, ледзьве расейскі бок разьлічыцца за нашыя запазычанасьці “Газпрому” ды “Ітэры”.

Часныковіч: А адсутнасьць халоднай і гарачай вады ў Міры, як паведаміла прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, будзе кампэнсаваная ліўневымі дажджамі й навальніцамі. Магчыма, і градам.

Касьцям: І Расея не пакіне нас у бядзе! Мне званілі з многіх славянскіх дзяржаў і казалі, што 14 жніўня Пуцін прапанаваў Лукашэнку працягнуць у Мір першы беларуска-расейскі водаправод “Волга—Нёман”, а за кошт сродкаў на яго абслугоўваньне пагасіць запазычанасьць Расеі за 200-гадовую арэнду Смаленскай вобласьці.

Змагар: А 400-гадовая арэнда Пскоўшчыны? А даўні падрад на пабудову Крамля? Хай плаціць усё — да капейкі!!!

На гэтым спроба арганізаваць у “Пілараме” плюралізм думак скончылася поўным правалам.

Аддзел аналітыкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0