Гульня ў абдымоны

Дэмакратычнай апазыцыі ўжо прапаноўвалі забыць пра Ю.Захаранку, В.Ганчара, А.Красоўскага, З.Завадзкага: маўляў, гэтыя ж людзі былі ў атачэньні ППРБ. Цяпер нам прапануюць плюнуць і на саму дэмакратыю. Аўтар абедзьвюх прапановаў — Сяргей Дубавец, які надрукаваў у папярэднім нумары “НН” артыкул пра “курыцу” зь “яйкам”.

Дэмакратыя – рэч другасная, сьцьвярджае ён, бо, ці бачыце, “голая” дэмакратыя ў нас зусім ня голая, а менавіта расейская”. А што такое голая дэмакратыя, спадар публіцыст ня вызначыў. Тым часам ад марксыстаў Бэрнштайна, Каўцкага, Антона Луцкевіча ды іншых я ведаю, што дэмакратыя – гэта й павага да правоў меншасьці, у тым ліку культурна-моўнае. Што ж гэта за дэмакратыя такая “голая”, што правоў меншасьці не прызнае?

“Найперш незалежнасьць, пасьля дэмакратыя”, “найперш краіна, пасьля – рэжым”. Фразы запамінальныя, але адна выяўляе антыдэмакратызм аўтара, другая ж – сэнсава пустая: краіны без рэжыму не бывае. І ўсякі рэжым ёсьць або дэмакратычным, або недэмакратычным. Tertium non datur.

Самае цікавае – гэта футуралягічныя практыкаваньні сп.Дубаўца. “Якраз беларусізацыя будзе першай умовай ператварэньня “хамскае ўлады” ў няхамскую, як гэта і было паўсюдна”, – піша ён. Літве, адкуль сп.Дубавец назірае за падзеямі ў Беларусі, не патрэбна было праводзіць літуанізацыю ўлады або “ўзбэкізацыю” – ва Ўзбэкістане. І нават украіншчына ва Ўкраіне пакрысе ўмацоўвае свае пазыцыі. Між тым, у першай з трох краінаў улада дэмакратычная, у другой – дэспатыя, а ў трэцяй – рэжым карумпаванае камуністычнае намэнклятуры. Такім чынам, паміж палітычным рэжымам і нацыянальным (моўна-культурным) абліччам улады дакладнае залежнасьці няма. У нас у 1990–94 г. было нейкае падабенства дэмакратыі і праводзілася беларусізацыя ўлады, але як толькі пачалі згортваць дэмакратыю, пачалі згортваць і беларушчыну. І ніяк не наадварот.

І з чаго гэта сп.Дубавец узяў, што гэтая ўлада будзе беларусізавацца, ператварацца з “хамскае” ў няхамскую? Хамства – гэта хвароба, стан душы. Хамам звалі аднаго з сыноў чалавечых, які насьмяяўся са свайго бацькі, зьняважыў яго. Гэтак і ўлада насьмяялася з мовы сваіх бацькоў, зьняважыла яе.

Пераходзім да другога значэньня тэрміну “беларусізацыя ўлады” – да яе прасякнутасьці інтарэсамі беларускага народу, краіны.

Беларускае палітычна (якая б кансалідавала народ і дбала пра яго прагрэс) улады ў нас не было й няма. Уладу цікавіць не краіна – тэрыторыя, не народ – насельніцтва, якое плаціць падаткі для ўтрыманьня гэтае самае ўлады. Беларусь разглядалася як стартавая пляцоўка для аднаўленьня чагосьці кшталту СССР (мы ўсе памятаем словы пра тое, што Беларусь – пройдзены этап, што хтосьці свой народ за цывілізаваным сьветам не павядзе). У нас і панятак дзяржавы зьвёўся да панятку ўлады. Улада ж стала карпаратыўнаю ўласнасьцю, яна адчужылася ад народу, скажае ягоную волю, размаўляе зь ім дзяржаўнай мовай суседняй краіны, вязьненьнямі, зьбіваньнямі, пазбаўленьнем уласнасьці, права на працу й вучобу, тлуміць імкненьне актыўных грамадзян уплываць на грамадзкія справы. Вынікае непазьбежная выснова: баронячы дзяржаву, мы вымушаны бараніць “хамскую ўладу”.

Але ці трэба бараніць уладу? Што прапанаваў сп.Пуцін? Уключэньне Беларусі ў склад Расеі да тамтэйшых парлямэнцкіх выбараў (канец 2003 г.). Гэта азначае, што ўжо ў траўні 2004 г. Лукашэнка можа страціць уладу, бо прэзыдэнцкія выбары ў РФ можна спалучыць з выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі як суб’екта фэдэрацыі на падставе расейскага ж выбарчага закону, бо маскоўскія СМІ зробяць усё дзеля таго, каб ППРБ сышоў з арэны, бо Пуцін мае ў беларускага электарату большы аўтарытэт, чым Лукашэнка. Улада змушана будзе бараніць тое, што яна называе дзяржаваю, г.зн. саму сябе.

Ня трэба абурацца, што сп.Пуцін гэтак размаўляў са сп.Лукашэнкам, абражаў патрыятычныя пачуцьці беларусаў: з кожным размаўляюць так, як ён дазваляе. Ня можа Пуцін прапанаваць такое Эдуарду Шэварднадзэ ці Ісламу Карымаву – Лукашэнку можа. Ён ведае, што пасьля ягонае заявы прыхільнікі Лукашэнкі ня выйдуць самі на вуліцы, а апазыцыі ППРБ не дазволіць. Ён ведае: Беларусь – банкрут. Дастаткова падняць цэны на нафту і газ – і настане каляпс эканомікі. Ён ведае: Эўропа за Лукашэнку не заступіцца. Наадварот, уздыхне з палёгкаю.

Паўстае пытаньне: ці павінна апазыцыя прапаноўваць свае паслугі ўладзе? Менавіта прапаноўваць, бо ўлада, як відаць, ня мае патрэбы ў дыялёгу з апазыцыяй. Яна ведае, што абароніць сябе сама. Дык і апазыцыя не павінна прапаноўваць рэжыму гульню ў абдымоны, бо яны могуць стацца сьмяротнымі. Улада няхай бароніць саму сябе, апазыцыя ж няхай па-ранейшаму бароніць Беларусь і прынцыпы дэмакратыі, узьдзейнічае на Захад.

Хтосьці думае, што цяпер самы момант для апазыцыі калі ня ўплішчыцца ва ўладу, дык стаць сыстэмнаю – адно трэба прапанаваць паслугі рэжыму. Калі рэальная ўлада ня хоча весьці перамовы й шукаць кампрамісу (а “хамская ўлада” ня будзе беларусізавацца ў моўна-культурным пляне й дэмакратызавацца), ніякая сыстэмная апазыцыя немажлівая. І застануцца апазыцыйныя партыі слабымі. Згадайма салязараўскую Партугалію, франкісцкую Гішпанію... І Мусаліні з Гітлерам пратрымаліся б даўжэй, калі б не распачалі войнаў. Скінуць такі рэжым збройным чынам немагчыма. Аўтарытарны рэжым распадаецца, як правіла, пасьля сьмерці харызматычнага лідэра.

Сп.Дубавец як чалавек, не зьвязаны ні з адной з партыяў, можа колькі заўгодна папракаць беларускую арганізаваную апазыцыю за яе слабасьць, а для мяне й шмат каго яшчэ важней тое, што яна існуе як маральны супраціў. І абдымкі з уладаю былі б для яе маральнаю сьмерцю.

Анатоль Сідарэвіч.

P. S. Другі варыянт інтэграцыі, прапанаваны сп.Пуціным (саюз Беларусі й Расеі на ўзор Эўразьвязу), застаўся па-за ўвагаю нашых публіцыстаў. А гэта добры варыянт, які патрабуе, каб партнэры зблізілі свой палітычны, эканамічны і сацыяльны лад. І гэты варыянт інтэграцыі непрымальны для сп.Лукашэнкі, бо азначае сьмерць рэжыму. А раз так – Беларусі наканавана і далей заставацца, як сказаў ППРБ, у падвешаным стане. Эканоміка будзе гібець, культура – маразмацець, а разумныя маладыя людзі, як і сп.Дубавец, пазірацьмуць, што робіцца на Бацькаўшчыне, зь Вільні, Варшавы, Бэрліну, Прагі, Масквы... І наракаць на апазыцыю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0