Пастка нэасавецкага будаўніцтва

Значная частка нацыянальнай інтэлігенцыі зноў, другі раз за сто гадоў, гатовая патрапіць у пастку, сьцежка ў якую абстаўленая чырвонымі сьцяжкамі лёзунгу “Прагматызм — über alles!” Пасьля пахаладаньня адносінаў афіцыйнага Менску з Масквою, калі ўчорашнія баяны “славянскага адзінства” раптам загаварылі “чалавечым голасам” незалежніцтва, сёй-той з нацыяналістаў ужо гатовы стаць побач з лукашэнкамі-тозікамі-козікамі, каб бараніць іхную “сувэрэнную” “советскую Белоруссию” ад імпэрыялізму квазідэмакратычнай капіталістычнай Расеі ды ейных тутэйшых агентаў — абрамавых-падалякаў.

Такі “выбар” калісьці здаваўся адзіна магчымым адраджэнцам 1910–20-х. З аднаго боку была “амаль незалежная” Беларуская савецкая рэспубліка, дзе буяла беларусізацыя і ва ўладных кулюарах шэптам абмяркоўваўся праект “мангалізацыі” Беларусі, стварэньня зь яе буфэрнай дзяржавы паміж Усходам і Захадам, накшталт Манголіі. З другога – цягнула да сябе капіталістычная Польшча, у склад якой краю сьвяціла ўвайсьці адно “сямю ваяводзтвамі”. Большасьць нацдэмаў абрала прагматычны шлях служэньня кнорыным-багуцкім-крыніцкім, каб “захаваць зародак беларускай дзяржаўнасьці”. Вынік: “зародак” захаваўся, толькі дзяржаўнасьць выйшла нейкая ня тая – савецкая, а не беларуская. А прагматыкі скончылі свой жыцьцёвы шлях у Курапатах…

Ізноў нам прапануюць тую ж фальшывую альтэрнатыву. Калі мы сапраўды лічым, што наш шлях – гэта шлях да інтэграцыі ў супольнасьць дэмакратычных краінаў і “грамадзтва ўсеагульнага дабрабыту”, то мусім прызнаць: гэтых мэтаў аднолькава немагчыма дасягнуць ні ў складзе савецкага рэлікту РБ, ні ў складзе эўразійскай імпэрыі РФ. Ня варта паддавацца ілюзіям: пад маскай Рэспублікі Беларусі хаваецца (а насамрэч ня надта ўжо й хаваецца) усё тая ж БССР, якую калісьці “абралі” нашыя папярэднікі. І пабудаваць нашую дзяржаву, дасягнуць нашых мэтаў можна толькі на развалінах гэтага Картагену!

Замест таго каб губляць час, энэргію і сродкі на “перавыхаваньне” і “выпраўленьне” гэтай савецкай Беларусі, было б хіба рацыянальней закладаць падмурак Беларусі антысавецкай. Гэтая будова сеткі незалежных ад сёньняшніх уладаў і беларускіх па духу структураў інфармацыі, адукацыі, прадпрымальніцтва, мастацтва, фізычнага выхаваньня, навукі, гандлю, замежных стасункаў і г.д., якая досыць актыўна распачалася на пачатку 1990-х, штосьці апошнім часам паціху спынілася альбо нават замянілася на будову псэўданезалежных структураў “трэцяга сэктару”, правінцыйна-расейскіх па форме й калябаранцкіх па зьмесьце. Стварэньне насыпу, па якім праляжа беларуская дарога да Эўрапейскага Дому, павінна быць адноўленае, і спасылкі на фінансавыя цяжкасьці “беларускага праекту” тут – “на карысьць бедных” (дастаткова згадаць, якія велізарныя сродкі летась былі змарнаваныя на карыкатурныя спробы замяніць ля стырна ўлады адзін клан БССРаўскай намэнклятуры на другі).

Ня менш важная справа – падрыхтоўка кадравага рэзэрву для кіраваньня “пост-РБаўскай” дзяржавай. І тут ізноў трэба кінуць удаваць зь сябе стравусаў: вольныя ад савецкіх забабонаў і здольныя кіраваць Беларусяй як часткаю эўрапейскай прасторы, а не як расейскай правінцыяй, палітыкі, эканамісты, вайскоўцы, банкіры etc. у сучасных умовах могуць быць выхаваныя толькі на Захадзе. Таму ня варта енчыць наконт “уцечкі мазгоў” з лукашэнкаўскай РБ, наадварот, трэба спрыяць выезду здольных прадстаўнікоў нацыянальнага актыву на вучобу ці на працу за мяжу – здабываць для іх стыпэндыі ў заходніх унівэрсытэтах і вайсковых акадэміях, актыўна ствараць на Захадзе беларускія фірмы, мэдыі, навукова-дасьледчыя цэнтры, імкнуцца, каб беларусы маглі атрымаць досьвед практычнае працы ў заходніх дзяржаўных і наддзяржаўных адміністрацыйных структурах, буйных карпарацыях, банках, навуковых і навучальных установах. Гэткі мэтад вырошчваньня нацыянальных кадраў пасьпяхова апрабаваны посткамуністычнымі краінамі – ад Польшчы да Баўгарыі. Пры ўсім гэтым абавязковай застаецца адна ўмова: нашыя людзі за мяжою мусяць падтрымліваць сталы кантакт з нацыянальным рухам на радзіме і быць гатовымі ў патрэбны момант вярнуцца сюды ды адразу ўключыцца ў працэс будовы нашае дзяржаўнасьці.

Каб быць пасьпяховай, вышэйапісаная праца патрабуе каардынацыі з адзінага цэнтру, які будзе карыстацца неабмежаваным даверам ва ўсіх плыняў беларускага руху, захоўваць поўную незалежнасьць ад уладных і каляўладных “цэнтраў сілы” ў Менску й Маскве ды стане па-над міжпартыйнымі спрэчкамі. На сёньня патэнцыяльныя магчымасьці стацца такім цэнтрам мае толькі адна інстытуцыя – Рада БНР. Дзеля гэтага ёй патрэбна толькі пераадолець комплекс “музэйнага экспанату”, на які ўжо шмат гадоў хварэе ейнае кіраўніцтва, і боязь “паступіцца прынцыпамі” празь непасрэднае ўваходжаньне ў палітычнае жыцьцё на радзіме. Пра тое, якім можа быць мэханізм пераняцьця Радаю БНР згаданай функцыі, лепш за мяне ведае ейны рэпрэзэнтант у Беларусі Аляксандар Старыкевіч – аўтар па-ранейшаму актуальнага артыкула чатырохгадовае даўніны на гэтую тэму (“БНР, якую мы яшчэ не згубілі”, “Навіны”, сакавік 1998).

Але гэта пытаньні “тэхнічныя”. Канцэптуальна ж застаецца яшчэ раз падкрэсьліць адно: БССР–РБ ня ёсьць нашаю дзяржаваю. Нашую дзяржаву нам трэ будзе яшчэ збудаваць на ейным друзе. Таму варта спыніць спробы тым ці іншым чынам “ушчаміцца” ў РБшнае палітычнае жыцьцё, а проста побач зь ім упарта і пасьлядоўна ствараць сваё. Нічога новага – звычайная “арганічная праца”, пра якую ўжо гаворана-перагаворана. Але толькі аддаўшы ёй усё дарэшты, не адцягваючы сілы і сродкі на ўдзел у падтрыманьні фасаду аднаго з апошніх аскепкаў камуністычнай “імпэрыі Зла”, мы здолеем вывесьці свой край на той шлях, які лічым для яго найлепшым. І на гэты раз не патрапіць у пастку.

Ігар Лялькоў

Ад рэдакцыі. “Наша Ніва” запрашае чытачоў да абмеркаваньня думак, выказаных Ігарам Ляльковым і Анатолем Сідарэвічам.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0