Справа дзесяці пакаленьняў

Прапанова правесьці рэфэрэндум аб паэтапным далучэньні нашай краіны да Расеі прымушае прыгадаць першую анэксію, што адбывалася таксама паэтапна на працягу ХVIII ст., і тое, што было пасьля, — чараду крывавых паўстаньняў супраць акупантаў.

Падзелам Рэчы Паспалітай канца XVIII ст. папярэднічала вялікая “падрыхтоўчая праца”, якую праводзілі расейцы. Карыстаючыся палітычнай анархіяй у краіне, яны стваралі ў Рэчы Паспалітай “пятую калёну”. На дапамогу ёй у межы дзяржавы ўвашло расейскае войска. Дзяржаўная ўлада Рэчы Паспалітай была слабая, а апошні кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны соймам у 1764 г. пад ціскам расейцаў ды ім служыў ня менш, чым сваёй краіне.

Незалежнікі аб’ядналіся ў Барскую канфэдэрацыю ды ваявалі супраць расейцаў і іх памагатых. Эўрапейскія краіны ў дапамозе канфэдэратам адмовілі. У 1770—71 г. шляхецкае войска пад кіраўніцтвам вялікага гетмана Міхала Казімера Агінскага перамагло расейцаў ля Слоніму, Бераставіцы, але акупанты ўсё ж здолелі разьбіць незалежнікаў пад Сталавічамі.

У траўні 1791 г. у Рэчы Паспалітай была прынятая Канстытуцыя, якая значна ўзмацняла дзяржаўную ўладу і абмяжоўвала шляхецкую вольніцу. Гэта не супадала з інтарэсамі Расейскай імпэрыі. Таму ў 1792 г. зь незадаволеных магнатаў утварылася новая “прарасейская партыя”, якая запрасіла ў краіну расейскія войскі. Буйныя бітвы адбыліся пад Мірам і Берасьцем. Збройны супраціў хутка зламалі, і кароль Станіслаў Аўгуст Канстытуцыю скасаваў. Расея ж пайшла на другі падзел Рэчы Паспалітай, захапіла цэнтральную Беларусь. Узаконіць падзел мусіў сойм у Горадні, але дэпутаты тры дні маўчалі. Расейцы палічылі, што маўчаньне — знак згоды…

У 1794 г. выбухнула вызвольнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. “Пойдзем жыва да Касьцюшкі, рубаць будзем маскалюшкі”, — сьпявалі паўстанцы. Незалежнікі супраціўляліся да восені, але былі разьбітыя Суворавым. Налета Расея акупавала рэшту беларускіх земляў. У Беларусі былі ўсталяваныя “новыя парадкі”: распачаліся рэкруцкія наборы ў расейскае войска (сёньня пасылалі б у Чачэнію, тады — у Турэччыну), у краіну хлынулі расейскія чыноўнікі, праваслаўныя сьвятары, стваралася расейскае школьніцтва.

Новы ўдар — франка-расейская вайна 1812 г., у якой загінуў кожны чацьверты беларус. Беларусы ваявалі на абодвух баках.

У 1831 г. — чарговае вызвольнае паўстаньне, патопленае ў крыві.

У 1833 г. на Гарадзеншчыне паўстаньне спрабаваў узьняць Міхал Валовіч, які дзеля гэтага нелегальна вярнуўся з Францыі. Ён стварыў зь сялянаў партызанскі аддзел, але ў выніку “зачысткі”, праведзенай расейскімі войскамі, паранены “мяцежнік” быў арыштаваны і павешаны.

У 1863 г. — паўстаньне на чале з Кастусём Каліноўскім. Тысячы забітых, Кастусь павешаны.

Кроў, пралітая за волю ў ХІХ ст., стала зарукай аднаўленьня дзяржаўнасьці ў ХХ-м.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0