Бяжы, хлопча!

Ня так даўно ў СМІ зьявілася інфармацыя пра трох гамельчукоў, якія просяць палітычнага прытулку ва Ўкраіне, сьцьвярджаючы, што на Радзіме зазналі палітычнага перасьледу. Аднак сваімі паводзінамі й учынкамі беларусы давалі падставу сумнявацца ў праўдзівасьці іхных словаў. Журналісты ўкраінскага выданьня “Дзеркало тижня” паспрабавалі разабрацца, хто ёсьць хто ў гэтай гісторыі.

Звонку яны сапраўды падобныя да ўцекачоў — трое маладых хлапцоў, якія даўно ня бачылі душу, у паходным адзеньні, з заплечнікамі, з зарослымі, але цалкам інтэлігентнымі тварамі й разумнымі вачыма. Яны просяць ва Ўкраіне палітычнага прытулку, бо церпяць ад “палітычнага перасьледу з боку беларускай улады ў сувязі з публічнай крытыкай дзеяньняў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі”.

 

Ад родных ніў, ад роднай хаты

Сьцісла расказаная Ўладзімерам Буханавым, Сьвятаславам Шапавалавым і Сяргеем Корневым гісторыя ўцёкаў выглядала так. Даўнія “актыўныя праціўнікі й выкрывальнікі” рэжыму Лукашэнкі, яны крытыкавалі “сярод блізкіх і родных, калег і людзей, што іх атачалі”, а таксама “сярод грамадзян блізкага й далёкага замежжа” “лжывую, акупацыйную й антынародную палітыку” беларускае ўлады. За мяжу тры настаўнікі гісторыі з Гомеля тэрмінова выехалі пасьля выкліку ў пракуратуру для дачы паказаньняў — “у выніку пагрозы арышту й незаконнай інкрымінацыі ім крымінальнае справы за апазыцыйную дзейнасьць ды абразу гонару й годнасьці прэзыдэнта, пагрозы зьняволеньня і іншых формаў палітычнага перасьледу”, як пішуць яны ў сваім звароце да прэзыдэнта Ўкраіны. Дзяржаўную мяжу ўцекачы перайшлі блізу сяла Грабінка Чарнігаўскай вобласьці ў абыход памежнага пункту пропуску. Яны не зьвярнуліся ў трохдзённы тэрмін у адпаведныя органы для пачатку працэдуры атрыманьня статусу ўцекача, і таму з 18 ліпеня знаходзіліся ва Ўкраіне нелегальна.

“З 15 ліпеня 2002 г. мы — палітычныя ўцекачы, змушаныя часова пакінуць Беларусь, пакуль безуладзьдзе не прыпыніць палітычнага перасьледу, — пішуць У.Буханаў, С.Шапавалаў і С.Корнеў. — Пераехаўшы на тэрыторыю Ўкраіны, мы просім дапамогі й палітычнага прытулку. Нават гнаныя, мы ня лічым патрэбным прыпыніць нашую палітычную апазыцыйную дзейнасьць і просім даць нам магчымасьць сфармаваць апазыцыйны палітычны рух беларусаў у выгнаньні з альтэрнатыўнымі лукашызму праграмай ды бачаньнем будучай дзяржаўнасьці беларусаў, а таксама падтрымаць наш апазыцыйны народны рух у Беларусі і нас у выпадку нашага арышту”.

Амаль ад самага пачатку размовы з уцекачамі ў нас зьявілася адчуваньне, што тут нешта ня так. Чым больш мы распытвалі гэтых прадстаўнікоў “апазыцыйнага народнага руху Беларусі”, тым больш “сюру” зьяўлялася ў пачуцьцях. Вядома, цалкам можна дапусьціць, што беларускія апазыцыянэры расьпісваюць грамадзкія месцы “антырэжымнымі надпісамі” кшталту “Далоў Луку”, зьвяртаюцца з “выкрывальнымі лістамі” да кіраўнікоў і ўрадаў Расеі, Францыі, ЗША, Нямеччыны. Аднак дзіўна было чуць пра заявы на адрас беларускага КДБ й расейскае ФСБ, што выкрываюць “рэзыдэнцкую ролю А.Лукашэнкі й таемных, закулісных сусьветных сілаў, скіраваную на падрыў дзяржбясьпекі Беларусі, Расеі і Ўкраіны”. А таксама пра лісты на імя Філарэта, Аляксія ІІ і Папы Рымскага “з выкрыцьцём здрадніцкай ролі праваслаўнага духавенства й вышэйшага сьвятарства, што прыняло ды падтрымлівае антычалавечую й антыхрысьціянскую палітыку А.Лукашэнкі”. Каб не абразіць гасьцей, мы праглынулі ўсьмешку, калі пачулі пра ліст на імя Дж.Буша, у якім “выкрываецца ўдзел А. Лукашэнкі ў падрыхтоўцы й фінансаваньні тэракту 11 верасьня 2001 г. у Амэрыцы”.

 

Усё апрача галоўнага

Дык чаму ж уцекачы выбралі Ўкраіну — далёка ня самую дэмакратычную дзяржаву, якая падтрымлівае з афіцыйным Менскам больш-менш лагодныя стасункі і якраз зараз адчувае алергію на словазлучэньне “палітычны ўцякач”, бо за апошні год ужо не адзін вядомы ўкраінец атрымаў на Захадзе гэты статус? Беларусы кажуць, што ня мелі часу на роздум, бо над імі вісела пагроза арышту, а Ўкраіна зусім побач. У Расеі нашыя суразмоўцы ўжо былі летась і таксама “намагаліся прарваць інфармацыйную блякаду й распавесьці, што робіцца ў Беларусі”, але не знайшлі ў расейскіх СМІ ані спачуваньня, ані разуменьня. Вырашальную ролю ў выбары часовага прытулку адыгралі рэлігійна-ідэалягічныя перакананьні ўцекачоў: “Мы вернікі, і нам значна бліжэйшыя нашы праваслаўныя браты-ўкраінцы. А Літва, Польшча — для нас гэта terra incognita. Там ужо заходні мэнталітэт. Мы не належым да празаходняй беларускай апазыцыі, і нам далёкія заходнія каштоўнасьці, у якіх ужо шмат хто сумняецца”.

Непрыманьне заходніх каштоўнасьцяў не перашкодзіла ім, прыехаўшы ў Кіеў, завітаць у дыппрадстаўніцтвы ЗША, Вялікай Брытаніі й Нідэрляндаў. Чаму яны не пайшлі ў тыя пасольствы ў Менску? “Дык там жа ж каля кожнае амбасады стаіць беларуская ахова! — быў адказ. — Нас міліцыя проста не пусьціла б, а то й арыштавала б адразу”. Зь якой мэтай гэтая тройца хадзіла ў заходнія дыппрадстаўніцтвы? Ну, па-першае, парадзіцца. Па-другое, распавесьці пра рэжым Лукашэнкі. А па-трэцяе, — адкрыта прызнаваліся нашыя суразмоўцы, — каб… пацікавіцца, а што ж будуць рабіць заходнія дзяржавы, калі Ўкраіна дэпартуе “палітычных уцекачоў” назад у Беларусь…

За тры з паловаю тыдні У.Буханаў, С.Шапавалаў і С.Корнеў “засьвяціліся” ва ўсіх значных украінскіх сродках масавай інфармацыі, заходніх пасольствах, кіеўскім прадстаўніцтве Ўправы Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў (УВКУ ААН). “Змагары” зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта, прэм’ер-міністра й старшыні Вярхоўнае Рады Ўкраіны з просьбаю гарантаваць бясьпеку на пэрыяд юрыдычнага разгляду пытаньня аб наданьні ім палітычнага прытулку ва Ўкраіне.

Але якраз да ўкраінскай дзяржавы яны на той момант так і не зьвярнуліся, не зрабілі ніякіх рэальных крокаў дзеля таго, каб пачаўся афіцыйны юрыдычны разгляд іхнае справы. Чаму? “А мы ня ведалі, што трэба рабіць, куды зьвяртацца”. Вельмі дзівіць гэткая наіўнасьць трох дарослых людзей — “загартаваных змагароў з лукашызмам”. Так, паводле іхных словаў, у прадстаўніцтве УВКУ ААН іх прынялі вельмі добра, нават далі крыху грошай, але ані з законам Украіны пра ўцекачоў, ані з адпаведнай канвэнцыяй ААН не азнаёмілі, а таксама сказалі, што, ясная рэч, не зашкодзіла б зьвярнуцца ўва Ўправу па справах нацыянальнасьцяў і міграцыі Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі. І нашыя “ўцекачы” туды нават схадзілі. “А 13-й там ужо ўсё было зачынена, — патлумачылі яны, але адразу паправіліся: — Нас там не прынялі, сказалі прыйсьці іншым разам. Дый увогуле, для гэтай заявы патрэбныя фатаздымкі, што каштуюць 14 грыўняў, а ў нас нават гэтых грошай няма”.

 

Няма калі сфатаграфавацца

Юры Гудым, кансультант па юрыдычных пытаньнях кіеўскага аддзелу УВКУ ААН, якому мы патэлефанавалі, пацьвердзіў, што сапраўды Ўладзімер Буханаў, Сьвятаслаў Шапавалаў і Сяргей Корнеў зьвярталіся да іх пры канцы ліпеня і… “атрымалі неабходную кансультацыю пра тое, што неабходна зрабіць, каб атрымаць ува Ўкраіне статус уцекача”. Ён шчыра параіў “змагарам з рэжымам” не “сьвяціцца” ў СМІ, пакуль не легалізуюцца, інакш іх папросту “выставяць з краіны”.

Намесьнік начальніка Ўправы пашпартнай ды іміграцыйнай службы ГУ МУС Украіны ў Кіеве Віктар Лэгейда, даведаўшыся, што на Труханавым востраве разам з шахцёрамі жывуць уцекачы зь Беларусі, вырушыў туды. Чыноўнік дакладна патлумачыў апошнім працэдуру атрыманьня статусу ўцекача ва Ўкраіне, падкрэсьліўшы, што, калі яны не легалізуюцца, іх могуць дэпартаваць. Больш за тое, В.Лэгейда запрасіў тройцу да сябе ва ўправу, дзе беларусам бясплатна зрабілі б фатаздымкі, неабходныя для падачы заяваў. Вось ужо тыдзень беларусы “назвоньваюць” яму, але дагэтуль так і не прыйшлі, каб сфатаграфавацца.

Намесьнік начальніка Ўправы нацыянальнасьцяў і міграцыі Ўладзімер Гаравы паведаміў, што грамадзяне Беларусі сапраўды прыходзілі да іх, але ў часе перапынку на абед, і ім прызначылі сустрэчу на 14.00. Але Буханаў, Шапавалаў і Корнеў зьявіліся ва ўправе толькі назаўтра і падалі заявы з просьбай надаць ім статус уцекачоў. Спадар Уладзімер зазначыў “надта дзіўныя й непасьлядоўныя паводзіны” беларусаў, “не такія, якія мусяць быць у людзей, што жадаюць легалізаваць сваё становішча”.

 

Кабінэт да навучальнага году падрыхтаваў

Пасьля гэтулькіх выяўленых супярэчнасьцяў між інфармацыяй ад украінскіх афіцыйных крыніцаў і тым, што распавялі ўцекачы, надзвычай цікава даведацца, хто ж насамрэч такія героі нашага расповеду? Пасьля шэрагу тэлефанаваньняў у Менск і Гомель гісторыя набыла яшчэ большую інтрыгу…

Пра “апазыцыянэраў” Уладзімера Буханава, Сьвятаслава Шапавалава й Сяргея Корнева нічога ня ведалі ў палітычных партыях, ня чулі пра іх і ў моладзевых рухах ды арганізацыях. Аб прафэсійных якасьцях настаўніка гісторыі Сяргея Корнева дырэктарка гомельскай сярэдняй школы №14 Тамара Кумасінская гаворыць вельмі добра: адказны, выдатна ведае прадмет, дзеці яго любяць, бацькі паважаюць, кабінэт да наступнага навучальнага году падрыхтаваў. Не засталося без увагі дырэктара, праўда, захапленьне пэдагога разнастайнымі рэлігіямі. Але, паводле словаў Тамары Кумасінскай, настаўнік ніколі не крытыкаваў уладу й на жыцьцё ня скардзіўся, а рэлігійныя зацікаўленьні рэалізоўваў у вольны ад навучаньня час. На гэты момант Корнеў у адпачынку да 24 жніўня. У школе ён сказаў, што паедзе да сваякоў ва Ўкраіну.

Настаўнік гісторыі Сьвятаслаў Шапавалаў не працуе ў школе ўжо два гады. Звольніўся з уласнага жаданьня, казаў, што паедзе ў Маскву паступаць у ВНУ (украінскім журналістам Сьвятаслаў распавёў, што са школы сышоў, пратэстуючы супраць беларускай сыстэмы адукацыі).

Гісторык Уладзімер Буханаў папрацаваў у беларуска-славянскай гімназіі Гомеля ад 15 сакавіка да 5 траўня… 2000 г. Прычына звальненьня — “не сышліся характарамі” (ва Ўкраіне Ўладзімер казаў, што адмовіўся “працаваць на рэжым Лукашэнкі”, бо, “нават працуючы дворнікам, ты ўмантаваны ў гэтую страшную сыстэму”).

Такім чынам, “сярод калегаў” нашая тройца “антынародны характар замаскаванай палітыкі” Лукашэнкі не выкрывала. А “сярод родных і блізкіх”?

Бацька Сяргея Корнева — Павал Корнеў — адказаў па тэлефоне, што сын працаваў настаўнікам, ніякай палітычнай ці рэлігійнай дзейнасьцю не займаўся і ніякіх рэпрэсіяў не зазнаваў. Перад ад’ездам Сяргей сказаў, што будзе зь сябрамі адпачываць ва Ўкраіне і вернецца перад пачаткам навучальнага году. У бацькоў ніякіх падазрэньняў гэта ня выклікала, бо “сын штогод езьдзіў зь сябрамі падарожнічаць у Расею, Украіну”.

У спадарыні Валянціны, маці Сяргея, мы пацікавіліся, як яна пачуваецца, ці ня мае сур’ёзных праблемаў са здароўем і ці здаровыя іхныя суседзі? Бо, як паведамлялі Ўладзімер, Сьвятаслаў і Сяргей у сваёй заяве для прэсы, з восені мінулага году, пасьля таго як яны скрозь і ўсюды адкрыта выкрывалі “незаконныя, фальсыфікаваныя выбары ў Беларусі”, яны “пачалі адчуваць псыхатропнае й нэрвова-паралітычнае ўзьдзеяньне ў сваіх дамох”, ад чаго “катастрафічна падрывалася” ня толькі іхнае ўласнае здароўе, але й здароўе іх блізкіх і родных, што жылі зь імі, а таксама суседзяў, некаторыя зь якіх ужо памерлі. Пра маці Сяргея было напісана, што яна “цяжка хворая”.

Спадарыня Валянціна цалкам бадзёрым голасам адказала, што зь ёй усё нармальна, ні ад якай сур’ёзнай хваробы яна не пакутуе. Здароўе ейнага сына таксама ў норме. Суседзі па лесьвічнай пляцоўцы не хварэюць і не паміраюць. Калі мы працытавалі ўрывак з заявы, жанчына доўга сьмяялася ў слухаўку: “О божа, пра што вы гаворыце, дурасьць гэта ўсё! У нас усё нармальна”. Зараз бацькі ведаюць пра Сяргея толькі тое, што вядома грамадзкасьці. Апошнім разам сын тэлефанаваў у ліпені, віншаваў маці з днём нараджэньня.

Жонка Шапавалава паведаміла, што са Сьвятаславам яны ўжо год не жывуць, пра ягоную “апазыцыйную дзейнасьць” ёй ня толькі нічога не вядома, але й дзіўна чуць.

Сьледчы Гомельскай гарадзкой пракуратуры Раман Якімец пацьвердзіў, што на пачатку ліпеня запрашаў Корнева, каб “узяць у яго тлумачэньні”. Пракуратура ладзіла праверку па факце выяўленьня дзьвюх брашураў, дзе выкладаўся нетрадыцыйны пункт гледжаньня на праблемы рэлігіі, аптымізацыі грамадзкіх стасункаў і формаў дзяржаўнага ладу. Аўтарам брашуры быў Сяргей Корнеў. Паводле словаў сьледчага, складу злачынства ў дзеяньнях пэдагога ён не знайшоў і крымінальнай справы не заводзіў. Усе трое ўцекачоў складалі нейкія звароты, законапраекты й дасылалі іх у КДБ, адкуль у пракуратуру Гомеля зьвярнуліся з просьбай “разабрацца на месцы”. Складу злачынства сьледчы ў дзеяньнях “апазыцыянэраў” не пабачыў, бо іхныя працы ў сродках масавай інфармацыі апублікаваныя не былі.

Пракурор Гомельскай вобласьці Алег Палавінка й прэс-служба ўправы КДБ па Гомельскай вобласьці паведамляюць, што ніякіх крымінальных справаў на Буханава, Шапавалава й Корнева праваахоўныя органы Беларусі не заводзілі.

 

Вэрсіі

Вэрсія першая, “клінічная”. Шмат у каго склалася ўражаньне, што беларускія ўцекачы папросту крыху “таго”. Аж надта экзальтавана лунаюць іхныя палітычныя “выкрыцьці”, прыпраўленыя рэлігійнай рыторыкай. А знаёмства са шматстаронкавай, напісанай ад рукі “заявай для прэсы” адно ўзмацніла сумневы. Але калегі ўцекачоў характарызавалі іх як добрых прафэсіяналаў, разумных людзей, якіх любілі вучні, паважалі супрацоўнікі і бацькі. Зрэшты, каму ні даводзілася сустракацца з разумнымі й добра адукаванымі людзьмі, хваравіта апантанымі нейкай ідэяй?

Вэрсія другая, “рамантычная”. Ня выключана, што тройцы папросту бракуе ў жыцьці вострых адчуваньняў. Для іх “уцёкі ва Ўкраіну” — своеасаблівы экстрым. Магчыма, эпапэя з пошукам палітычнага прытулку ва Ўкраіне — спосаб самавыяўленьня, спроба ўголас заявіць пра сябе, адчуць сябе героямі. Адсюль, магчыма, і выбар “кола зносінаў” ва Ўкраіне — шахцёры, УНА-УНСО, галадоўнікі на Храшчаціку.

Вэрсія трэцяя, “прагматычная”. Палітычнае “прыкрыцьцё” сталася эфэктыўным спосабам эміграваць шмат для каго зь беларусаў. Бярэш удзел у дэманстрацыях, расьпісваеш сьцены лёзунгамі накшталт “Луку на муку!”, расклейваеш улёткі (пажадана на вачох у міліцыянтаў). А потым, калі табой пачынаюць цікавіцца “органы”, чэшаш за мяжу. Той факт, што Буханаў, Шапавалаў і Корнеў пазьбягалі пачатку афіцыйнай працэдуры атрыманьня статусу ўцекачоў, наводзіць на думку, што ўва Ўкраіне яны хацелі адно “засьвяціцца”, каб з часам было прасьцей трапіць на Захад. Беларусы дзейнічалі бяспройгрышна: нават калі іх на Бацькаўшчыне дагэтуль ніхто не перасьледаваў, дык пасьля кіеўскіх “гастроляў” ім, найхутчэй, вяртацца дадому будзе сапраўды небясьпечна. І Ўкраіна, згодна зь міжнародным правам, ня зможа выслаць іх назад.

Вэрсія чацьвертая, “правакацыйная”. Некаторыя лічаць “беларускіх уцекачоў”… правакатарамі. Гэтая вэрсія падзяляецца на дзьве падвэрсіі — “беларускую” й “кампраматную”. Прыхільнікі “беларускай” дапускаюць, што “ўцекачоў” магла запусьціць беларуская ўлада — каб пасварыць Украіну з сапраўднай беларускай апазыцыяй ды прадэманстраваць змагарам з рэжымам, што ва Ўкраіне ім прытулку ня будзе. Або каб крыху ўскладніць двухбаковыя адносіны й знайсьці чарговую нагоду для, скажам, нератыфікацыі дамовы аб дзяржаўнай мяжы.

Тыя, хто трымаецца “кампраматнае” вэрсіі, зьвярнулі ўвагу на тое, што тройца старанна дражніла афіцыйную ўладу, кантактуючы з тымі, хто выступае супраць яе, і наўпрост напрошваючыся на дэпартацыю. Зьяўленьне “беларускіх уцекачоў” можна разглядаць як наступнае зьвяно ланцужка з публікацыяй апошніх стужак маёра Мельнічэнкі, пасьля якой Украіна паўстае перад сьветам дзяржаваю з хворым на пячорны антысэмітызм кіраўніцтвам, што праслухоўвае пасольствы заходніх краінаў, асабліва чальцоў NATO, і (у выпадку дэпартацыі “ўцекачоў” у Беларусь) сябруе з адыёзным валадаром Лукашэнкам, парушае правы чалавека ды свае міжнародныя забавязаньні.

Пасьля ўзьнятага ў СМІ гвалту і ўмяшальніцтва заходніх назіральнікаў Украіне нялёгка было адмовіць тром беларусам у статусе ўцекачоў. Але так сталася. Бо яны, па-першае, “перайшлі мяжу нелегальна”, а па-другое, “падалі свае заявы пазьней, чым гэта прадугледжана заканадаўствам”.

У сваю чаргу прадстаўнік УВКУ ААН Наталка Пракапчук падкрэсьліла, што новы закон “Пра ўцекачоў” быў прыняты летась, але да сёньня не пачаў дзейнічаць, і міграцыйныя службы заявілі, што пачнуць прымаць заявы ва ўсіх шукальнікаў прытулку не раней за 15 жніўня. Таму, паводле ейных словаў, “віны беларусаў у няўчаснай падачы заяваў няма, і яны атрымаюць усю неабходную інфармацыю, каб цягам сямі дзён апратэставаць гэтае рашэньне ў судзе”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0