Віялета Кавалёва

Сустрэча з Папам

Гадзіньнік паказваў 4.10, калі мы з Уршуляй выйшлі з дому. Асфальт быў мокры, і апошнія кроплі дажджу яшчэ падалі з дрэваў. Мы несьлі аб’ёмныя заплечнікі: вада і бутэрброды, парасоны і накідкі, фотаапараты, бінокль і складное драўлянае крэселка, на якім мы потым будзем адпачываць па чарзе. Але на найважнейшую рэч я усё ж забылася: пра бел-чырвона-белы сьцяг з жалем узгадала толькі ў мэтро, калі пабачыла паўтара дзясятка польскіх штандараў у адным толькі нашым вагоне. Ды вяртацца было позна.

Таронцкія палякі ўспрынялі прыезд Папы Яна Паўла ІІ як сваё асабістае сьвята. Не было такой польскай сям’і, якая б так ці інакш ня ўдзельнічала ў Сусьветных днях юнацтва: хто прымаў пілігрымаў, хто наведваў адкрытыя імпрэзы, хто добраахвотна падтрымліваў на іх парадак. Уршуля і Казік, у якіх мы здымаем кватэру, таксама атрымалі пасьведчаньні валанцёраў. Таму на сьвітанку 28 ліпеня мы з Уляй вельмі спадзяваліся, што гэтыя паперкі дазволяць нам прабіцца бліжэй да алтара.

Літургія з удзелам Папы Рымскага ў Таронта мелася адбыцца на былым аэрадроме, ля паўночнай мяжы гораду. Калі мы дабраліся туды, неба пачынала сьвятлець. “Глядзі, — сказала Уля, — тут дажджу не было ад учора, пашанцавала ім…” Яна мела на ўвазе пілігрымаў, што начавалі на вялікім лётным полі. Учора да позьняй ночы тут ішла вігілія, на якой таксама прысутнічаў Ян Павал ІІ. Цяпер стомленыя шматгадзінным неспаньнём юнакі і дзяўчаты адпачывалі проста на зямлі ці на асфальце ў спальніках, на надзіманых матрацах, а хто й зусім па-бамжацку: у кардонных скрынях.

“Невядома яшчэ, куды пойдуць хмары”, — зазначыла я, і ў гэты момант першая хваля дажджу накрыла лягер пілігрымаў. Хто з крыкам, хто са сьмехам, хто моўчкі, яны ўскоквалі пад гэты ранішні душ, і за хвілю соннае поле ператварылася ў вялізны мурашнік.

Дожджык, аднак, папалохаў і сьціх. Пілігрымы згортвалі спальнікі, парадкавалі заплечнікі і сядалі сьнедаць. А мы ўсё ішлі паўзь іх далей і далей. Недзе наперадзе быў збудаваны гіганцкі алтар, які я ў няпэўным золкавым сьвятле ніяк не магла разгледзець.

Два разы на пачатку шляху нас спынялі шэрагі паліцыянтаў і валанцёраў: у першы раз праверылі рэчы, у другі — нас саміх “прасьвяцілі” дэтэктарам. Пасьля ўжо была поўная свабода: ідзі куды хочаш, сам шукай месца, дзе стаць. Ніякія пасьведчаньні нікога не цікавілі. Кожнаму хацелася знайсьці пляцоўку насупраць алтара ці паблізу аднаго зь вялізных экранаў, што былі змантаваныя на апорах па ўсім полі. Нарэшце мы адшукалі вольны лапік, дзе маглі стаць цесна ўдзьвюх, і думалі, што злавілі ўсе тры шчасьці: побач быў шырокі праход паміж сэктарамі, зусім магчымая дарога для папамабіля… На жаль, наш зручны сэктар упадабала занадта шмат наведнікаў. Тыя, што не зьмяшчаліся за плястыкавымі плоцікамі, апыналіся на праходзе, і праз пару гадзін людзі перакрылі яго шчыльным “коркам”. Спачатку арганізатары спрабавалі з гэтым змагацца: некалькі разоў яны пераразьмяркоўвалі натоўп з праходу, але за хвіліну наплывалі новыя людзі, ізноў вырастала нерухомая сьцяна. Гэта ледзь ня скончылася трагічна. Пад сёмую раніцы ў нашым сэктары пачаўся прыступ у хворага на эпілепсію хлопчыка. “Хуткая дапамога” здолела прабіцца праз натоўп толькі хвілін за восем, калі хлопчык апрытомнеў сам сабою…

У Польшчы, дзе я прысутнічала на аналягічным набажэнстве тры гады таму, парадку было нашмат болей (праўда, тады ён здаваўся бюракратызмам...). Там кожны меў пропуск з нумарам сэктару, праз кожныя дзесяць крокаў стаялі дружыньнікі, і нават уваходзіць у чужы сэктар было забаронена, ня кажучы ўжо пра тое, каб стаяць на праходзе.

Да пачатку літургіі заставалася больш за дзьве гадзіны, можна было разгледзецца. Я выняла бінокль і пачала павольна круціцца вакол сваёй восі. Паўсюль, як кінуць вокам, калыхалася мора людзей зь ветразямі сьцягоў. Найбольш было канадыйскіх. І амаль столькі сама — польскіх, што так падманліва зваблівалі роднымі колерамі. Столькі разоў памылялася, думаючы, што нарэшце бачу свой, і кожнага разу не далічвалася адной белай паласы…

Пачалі запальвацца экраны, праз дынамікі было чуваць, як правяраюцца мікрафоны. Прырода рыхтавалася да свайго шоў і таксама апрабоўвала тэхніку: шматкроць за гэты час сыпаўся й тут жа сьціхаў спорны дожджык. Нарэшце, відаць, на небе вырашылі, што апаратура адладжаная дастаткова. Неба над аэрадромам ня проста шырокае — бязьмежнае, і з усяго гэтага прасьцягу паліў моцны дождж. Адразу было відаць, што ён надоўга: далягляд завалакло чорнымі хмарамі ад краю да краю, без адзінай шчылінкі. Было штосьці нязвыклае ў тым, каб вось так нерухома стаяць пад залеваю — нікуды ня бегчы, не хавацца. Паўгадзіны, гадзіна мінулі бязь зьмены дэкарацыяў — хіба што на небе раз-пораз бліскалі маланкі, а на зямлі ўтварыліся глыбокія калюгі, у якіх безнадзейна затанулі і красоўкі, і заплечнікі, і кардонныя дамы пілігрымаў. Стрэлкі гадзіньнікаў падбіраліся да дзявятай. Напэўна, усе 800 тысяч людзей, што моклі пад дажджом на закінутым аэрадроме, падумалі ў гэты момант пра адно: ніхто не прыляціць у такую непагадзь…

Але тэлекамэры ўжо лавілі ў аб’ектыў дрыготкі сылюэт гелікоптэра. Ён аблятаў поле па коле — такі маленькі ў параўнаньні з хмараю! — і галовы людзей паварочваліся за ім, як сланечнікі. Нарэшце на экранах паказалі, што машына прызямлілася. Уздых палёгкі, крыкі, воплескі… Пакуль папамабіль ехаў да алтара, дождж не сьціхаў, хіба што вецер памацнеў і нарэшце прадраў чорнае покрыва зь левага боку. Вельмі сугучна з рытмам стыхіі гучалі сьпевы карэнных жыхароў Канады, індзейцаў. Ім першым даручылі прывітаць Папу.

І вось на высокі памост алтара выкацілі вазок, на якім стаяў Ян Павал ІІ. Вазок штурхалі восем юнакоў і дзяўчат з розных дэлегацыяў, сярод іх я заўважыла ўкраінку ў вянку са стужкамі. Засьпяваў хор, загучалі першыя словы літургіі… Вецер апантана расчышчаў неба. Празь якіх дзесяць хвілінаў ад пачатку літургіі, калі Ян Павал заканчваў адну зь першых казаняў, ён глянуў на неба і весела сказаў: “Ну вось мы й маем сонца!” Людзі адгукнуліся радасным сьмехам і воклічам, які падчас Сусьветных дзён юнацтва гучаў у Таронта ўсюды, дзе толькі зьяўляўся Папа: “John Paul Two! We love you!”

У жыцьці сваім я ня бачыла такой нязвыклай літургіі. Аналягічнае набажэнства ў Польшчы ў 1999 г. было звычайнай каталіцкай імшой, з папраўкай на памеры “царквы” пад адкрытым небам. Але тут! То на прыступках алтара пад сьпевы хору танчылі шасьцёра дзяўчат у шырокіх белых кашулях і такіх жа шырокіх чорных портках; то да мікрафонаў выходзілі нейкія маладыя людзі без сутанаў, з выгляду тыповыя пратэстанцкія прапаведнікі, і кіраваны імі натоўп пачынаў сьпяваць і пляскаць у далоні ў рытме джазу: “Алелюя, алелюя”; то пад канец службы раздаваць прычасьце выйшлі ня толькі сьвятары, але й сьвецкія асобы, палову зь якіх складалі жанчыны…

Папа быў у гуморы, жартаваў, гаварыў па сваёй завядзёнцы на дзясятку моваў, і голас ягоны гучаў зусім не нямогла, а чыста й выразна. Насуперак гадам і хваробам, што прыгнулі да зямлі ягоную постаць, вочы Яна Паўла ІІ сьвяціліся, у іх чыталася абсалютная дабрыня й мудрасьць. Да гэтага чалавека адразу адчуваеш поўны давер і шчырую любоў. Ня дзіва, што некаторыя маладыя пілігрымы, якім выпала шчасьце ўбачыць Папу зблізку і атрымаць прычасьце зь ягоных рук, тут жа, забыўшыся на ўсё, пачыналі яму спавядацца, рызыкуючы канчаткова парушыць зацьверджаны рэглямэнт…

Найбольш запамятаўся момант літургіі, калі вернікі ў малітве зьвяртаюцца да Бога са словамі “Цябе просім, выслухай нас, Пане”. Кожны абзац гэтай малітвы гучаў на іншай мове: іх па чарзе чыталі юнакі і дзяўчаты ў нацыянальных строях. Сярод іншых выходзілі да мікрафонаў і літоўцы, украінцы, палякі… Кожная пара спынялася на “Цябе просім…”, а далей падхопліваў магутны хор у некалькі сотняў галасоў: “Lord, hear our voice!” Гэты заклік расьпяваўся на матыў вельмі прыгожага, велічнага гімну. Вярнуўшыся дадому, я не зьдзівілася, што дачушкі, якія глядзелі трансьляцыю набажэнства па тэлевізары, да вечара напявалі тую самую мэлёдыю.

Калі літургія набліжалася да канца, на аэрадромным полі пачаў заўважацца рух. Дачакаўшыся, пакуль плынь набярэ моцы й можна будзе ісьці праз натоўп не штурхаючыся, мы з Уляй таксама скіраваліся да выхаду. Калі мы прайшлі ўжо ладны кавалак, я ў апошні раз азірнулася на алтар і толькі тут заўважыла далёка ззаду бел-чырвона-белы сьцяг! Але чалавечая рака несла і несла нас наперад, ужо не было магчымасьці вярнуцца, прабіцца да тых беларусаў, распытаць, адкуль яны… Маладыя італьянцы, што ішлі побач, азірнуліся таксама і гучна крыкнулі, што зычаць доўгага жыцьця сваёй Радзіме і Папу. Я ў думках паўтарыла тое самае па-беларуску, і, спадзяюся, нашыя просьбы паляцелі да Бога разам.

Таронта


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0