Андрэй Хадановiч

Беларускiя лiмэрыкi

Шматпакутная дзеўка з Багданава

за расейца выходзiць бясштаннага.

Нават мае пасаг,

ды жанiх у трусах

патрабуе выключна прыданага.

Нiмфаманка-юрлiвiца з Зэльвы

стрэла малпу-самца сярод сэльвы.

Ледзь зрабiла аванс,

ён прывёў яе ў транс

запытаньнем: “Цi мадмуазэль вы?”

Сьпеваку i музыку з Залесься

падабалiся “Ластаўкi ў стрэсе”.

Толькi браў рэ дыез,

як у ластавак — стрэс,

i сьпявак — пры сваiм iнтарэсе.

Пасьлядоўнiцы Фройда з-пад Солаў

на фалiчнай сымболiцы голаў

перамкнула — штоноч

шпацыруе наўзбоч

голых лiп i гатычных касьцёлаў.

Вiртуоз-арганiстa ў Барунах

заснаваў школу танцаў на трунах.

Зарабляючы хлеб,

водзіць вучняў у склеп

граць на нэрвах, нiбыта на струнах.

Пераборлівы вязень з Кармы

ні бананаў ня еў, ні хурмы.

Толькі ціхую скаргу,

што на бульбу — эмбарга,

слаў дадому з кубінскай турмы.

Вершатворца з Давыд-Гарадку

мае прынцып: “У дзень па радку”.

Сёньня вершык напіша,

заўтра — сьпіч пра “Ўзвышша”,

а шансон пасьлязаўтра — “братку”.

Піянэр Усяслаў з Гарадзеі

кажа маці: “Пайду ў чарадзеі!

Усяго акрамя,

мілагучнае ймя

даць гарэліцы маю надзею!”

Падрывальнік мастоў з-пад Мастоў

абмінуў дзесяць тысяч пастоў…

Выбух чулі здаля!..

Гэта што! Ён пасьля

разаслаў дзесяць тысяч лістоў…

Камсамольскі важак з Мазыра

піва выжлукціць мог паўвядра,

а сябрук-піянэр

на шляхетны манер

заліваў за каўнер паўтара.

Эканомнай паненцы з Татаркі

даспадобы адно перастаркі,

бо калі з маладым

накахаешся ў дым, —

сіл ня хопіць глядзець гаспадарку.

Валацуга і вісус з-пад Глуску

маладую кахаў андалузку.

Да карыды прывык,

дзе, шалёны, як бык,

рваў зь дзяўчыны чырвоную блюзку.

Знакаміты мастак у Бабры

маляваў на ўсялякім дабры —

дзе падкажа парыў.

Нават жонку тварыў,

нібы продак, на ўласным рабры.

Прыгажуні з далёкіх Ждановіч

спадабаўся Андрэй Хадановіч.

Тоне ўся ў пачуцьці…

Цяжка выйсьце знайсьці,

ды няма безвыходных становішч.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0