Узаемадачыненьні карча і савы
Апошнія падзеі на інтэграцыйным фронце між іншага выявілі поўную разгубленасьць кіраўнікоў партыяў і рухаў. Аніякай рэакцыі, акрамя стэрэатыпных заяваў, ад іх так і не дачакаліся. Выглядае, што палітычная апазыцыя знаходзіцца ў клясычным стане “агульнай млявасьці і абыякавасьці да жыцьця”, што не дазваляе ёй адэкватна і своечасова адказваць на захады як мясцовых, так і расейскіх уладаў.
Першымі прачнуліся Аляксандар Ярашук і Леанід Сініцын, якія пабачылі магчымасьць скарыстаць сварку між Лукашэнкам і Пуціным. Старшыня аграрнага прафсаюзу выступіў зь вельмі эклектычнымі тэзамі. У іх можна знайсьці словы і пра сувэрэнітэт, і пра аб’яднаньне з РФ — каму што трэба. З пункту гледжаньня “палітычнага цынізму” Ярашук зрабіў пісьменны крок, спрабуючы выціснуць Лукашэнку зь нішы “галоўнага беларускага сябра Расеі”. Аднак адзінкавыя акцыі ў сёньняшняй сытуацыі ў цэлым малаэфэктыўныя. Спадабацца Крамлю спрабавала ўжо багата народу: той самы Сініцын, чый імідж выдатнага адміністратара разбурыўся падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі, робіць адпаведныя заявы ці ня кожны квартал. Аднак вынік пакуль, мякка кажучы, сьціплы. Да таго ж неабходна зазначыць, што прапанаваныя лекі, пэўна, горшыя за хваробу.
Паралельна на старонках “НН” разгарнулася дыскусія адносна стратэгіі дзеяньня незалежніцкіх сіл, якая нагадала старую прыпавесьць: “Да рабіна прыходзяць двое вернікаў, што спрачаюцца зь нейкай нагоды. Першы выкладае свой пункт гледжаньня, і сьвятар робіць выснову: “Ты маеш рацыю, Якаў”. Другі кажа нешта зусім адваротнае. Рабін і яму заяўляе: “Ты таксама маеш рацыю, Мойша”. Яшчэ адзін прысутны вернік не вытрымлівае: “Як жа так, рэбэ? Вы лічыце, што маюць рацыю абодва, хоць яны сьцвярджаюць супрацьлеглыя рэчы!” Рабін ківае галавой: “І ты маеш рацыю, Ісак”.
Слушна заўважае Анатоль Сідарэвіч, што ўлада бароніць не дзяржаву, а саму сябе. Наўрад ці хтосьці будзе спрачацца і з думкай рэдакцыі пра неабходнасьць нацыянальнага адзінства ў пытаньні незалежнасьці. Шэраг разумных прапановаў утрымліваецца ў артыкуле Ігара Лялькова: трэба і закладаць падмурак новай Беларусі, і рыхтаваць кадравы рэзэрв для кіраваньня дзяржавай, і не губляць часу на фальшывыя альтэрнатывы. Нават разважаньні Сяргея Дубаўца ў нечым карысныя, хоць у іх зашмат тэорыі, якая істотна разыходзіцца з рэаліямі. Пажадана па выніках дыскусіі не вызначаць для сябе “адзіна слушнае меркаваньне” (схільнасьць да гэтага характэрная для тутэйшага палітычнага люду), а зьбіраць рацыянальныя зярняткі з розных.
Талакой мы здольныя стварыць стратэгію, якая мае шанцы на посьпех. Праблема ў тым, што самую пэрспэктыўную задуму лёгка пахаваць бяздарным выкананьнем. Доўгі ланцуг такіх прыкладаў у нашай найноўшай гісторыі ўжо ёсьць. Таму галоўнае пытаньне дня ня “што?”, а “хто?”. Апазыцыя, палічыўшы сваёй першаснай функцыяй маральны супраціў, з палітычнай сілы фактычна ператварылася ў дысыдэнцкі рух і ўжо амаль ні на што не ўплывае. З гэтай прычыны любыя праекты дэмакратычных арганізацыяў маюць два варыянты фіналу: альбо карчом па саве, альбо савой аб корч.
Бяз новых лідэраў, ідэяў і структураў беларуская справа асуджаная на прабуксоўку. І ня варта спадзявацца, што яе адтуль выцягне Лукашэнка. Гэтага чалавека ўжо спрабавалі скарыстаць у якасьці бульдозэра дзеля дасягненьня сваіх мэтаў розныя палітыкі. Вынікі вядомыя.
Заўтра Пуцін з Лукашэнкам знойдуць кампраміс, і што тады? Ізноў наракаць на ўладу, якая мела шанец быць беларускай і адмовілася ад гэтага? Але яна ніколі не давала дастатковых падставаў лічыць, што пераўвасабленьне магчымае. У чарговым расчараваньні давядзецца вінаваціць толькі саміх сябе.
Гарантаваць захаваньне сувэрэнітэту Беларусі здольныя толькі сьвядомыя прыхільнікі незалежнасьці краіны. Але, што хаваць, нашы магчымасьці і рэсурсы сёньня занадта малыя, каб забясьпечыць гэта. Таму ўзьнікае спакуса стварыць ілюзію, што Беларусь могуць выратаваць Захад, ці Расея, ці Лукашэнка, ці іншаплянэтнікі. Аднак гэта шлях у нікуды. Трэба нарошчваць уласныя мускулы, а не спадзявацца на некага. Бо інакш увесь час давядзецца адыгрываць незайздросную ролю тае савы.
Аляксандар Старыкевіч