Недастаткова аб’яднаная

У Аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю згуртаваліся Партыя жанчынаў “Надзея” і сацыял-дэмакратычная фракцыя Аляксея Караля. Грамада на чале з Станіславам Шушкевічам ад далучэньня ўстрымалася. Затое АСДП заручылася падтрымкай кіраўніка Таварыства беларускай мовы Алега Трусава. І гэтая падтрымка можа стаць вызначальнай.

Аб’яднальнаму зьезду папярэднічаў раскол “Надзеі”. 17 жніўня траціна яе сяброў склікала ўласны зьезд, на якім “скінула” старшыню Валянціну Палевікову, абраўшы замест яе другую Валянціну — Матусевіч, прэс-сакратарку кіраўніка ФПБ Леаніда Козіка. Ясная рэч, прадстаўніцы праўладавай “Надзеі” палічылі яднаньне з сацыял-дэмакратамі А.Караля і БСДГ безнадзейнай задумай.

24 жніўня свой зьезд правяла іншая частка “Надзеі”. Са словаў Палевіковай, дэлегаты (дакладней, дэлегаткі) “легітымнага зьезду” прадстаўлялі 1280 з 1511 сябровак партыі. Зьезд прыняў рашэньне пра аб’яднаньне й запатрабаваў ад Мінюсту праверыць законнасьць “раскольніцкага зьезду” 17 жніўня. Начальнік упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Мінюсту Міхаіл Сухінін пацьвердзіў, што дакумэнты Валянціны Матусевіч выклікаюць шмат пытаньняў: не хапае пратаколу органу, які прымаў рашэньне склікаць зьезд, незразумелая сытуацыя з паўнамоцтвамі дэлегатаў. Такой самай праверкі патрабуюць і паперы зьезду В.Палевіковай. Для высьвятленьня ўсіх абставінаў можа спатрэбіцца некалькі месяцаў. Магчыма, абодва зьезды будуць прызнаныя неправамоцнымі.

Намесьнікі старшыні “Народнае грамады” Ўладзімер Нісьцюк ды Віталь Малашка абвяргаюць сьцьверджаньні, што яны разам з В.Матусевіч езьдзілі па рэгіёнах і “апрацоўвалі” жанчынаў з “Надзеі”. Ул.Нісьцюк называе іншыя прычыны расколу: “Палевікова была ня ў стане стварыць партыю, і цяпер партыя структурна не існуе. Казаць пра ўмяшаньне зьнешніх сілаў было б некарэктна — трэба было менш удзельнічаць у палітычных гульнях. Другая прычына: сёньня развальваюцца прафсаюзы, гэтыя ж працэсы ідуць і ў прафсаюзнай партыі, бо многія ўбачылі яе нежыцьцяздольнасьць. І апошняе: многія чальцы партыі, якія ў часе прэзыдэнцкіх выбараў задарма працавалі ў рэгіёнах, маюць прэтэнзіі да Палевіковай”.

Уладзімер Ганчарык абвяргае апошняе абвінавачаньне: “У мяне няма ніякіх падставаў сумнявацца ў шчырасьці і сумленнасьці Палевіковай. Дый ніякіх рашэньняў сур’ёзных фінансавых пытаньняў на яе ўзроўні не прымалася”. Аляксей Кароль таксама называе абвінавачаньні правакацыяй. Завадатарам зь ягоных словаў паўстае Мікалай Статкевіч, які “баіцца страціць манаполію сваёй партыі ў міжнароднай дзейнасьці. Таму прадстаўнікі “Народнай грамады” і бралі актыўны ўдзел у вярбоўцы жанчынаў”.

А Васіль Лявонаў, адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу, адмовіўся камэнтаваць размовы пра фінансавы скандал. “Палевікова перада мной ніякіх абавязацельстваў ня брала — яна брала абавязацельствы перад Ганчарыкам. Яна была кіраўніком штабу, таму ўсе пытаньні да яе. Я ня ведаю, хто што каму мусіў плаціць”.

24 жніўня меўся адбыцца агульны зьезд трох партыяў. Але Аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю стварылі толькі група Аляксея Караля, якая правяла ўстаноўчы зьезд у той самы дзень, і “Надзея”. Яе старшыня Валянціна Палевікова і абраная лідэрам АСДП, амаль аднагалосна.

Станіслаў Шушкевіч у зьезьдзе ўдзелу ня ўзяў, а ягоных аднапартыйцаў на паседжаньні было толькі 10. “Мы прынялі сумесную праграму, сумесны статут, — кажа экс-старшыня Вярхоўнага Савету. — І дамовіліся, што ёсьць партыя — Грамада, куды абедзьве структуры ўваходзяць і атрымліваюць квоты згодна з прадстаўніцтвам. Пакуль ні Кароль, ні Палевікова на гэты мэханізм не пагаджаюцца: яны пайшлі на стварэньне партыі зь дзьвюх паўпартыяў, бо ніводнае партыі няма. Але разбурыць нашую дзеля яднаньня мы не дазволім”, — мяркуе Шушкевіч.

Аб’яднаныя сацыял-дэмакраты хваляцца наяўнасьцю 2000 сяброў, улічваючы і тую частку партыі Шушкевіча, якая не падпарадкуецца рашэньню Цэнтральнай рады БСДГ ўхіліцца ад гуртаваньня ў новую партыю. Самы вядомы палітык з БСДГ, які падтрымаў ідэю аб’яднаньня сацыял-дэмакратаў, — гэта Алег Трусаў, кіраўнік Таварыства беларускай мовы. Ягоная падтрымка дарагога вартая. За ім — ТБМ, вядомасьць і людзкія рэсурсы якога большыя за патэнцыял усіх зацікаўленых партый, разам узятых.

Што яшчэ зьдзівіла, дык гэта падвойная, зацягнутая, таўталягічная назва новае партыі — Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя — “Аб’яднаныя сацыял-дэмакраты”.

Глеб Хмяльніцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0