Усе беларускія школы Менску

Бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску, маюць магчымасьць выбару. Клясы зь беларускаю моваю навучаньня маюць 10 менскіх школаў — № 11, 15, 29, 37, 40, 84, 86, 108, 210, 218. 13 школаў лічацца цалкам беларускамоўнымі (№2, 4, 9, 14, 23, 26, 60, 68, 72, 89, 110, 131, 190). Мы прапануем інфармацыю пра асаблівасьці некаторых з гэтых школаў.

СШ №2 (пр.Ракасоўскага, 93). Летась тут было 750 вучняў. Прапануе з пачатковых клясаў паглыбленае вывучэньне замежных моваў. Са здольных вучняў фармуюць спэцклясы, дзе займаюцца літаратурным і тэхнічным перакладам, краіназнаўствам. У школе 14 настаўнікаў францускай мовы, 6 – ангельскай: ёсьць каму падмяніць выкладчыка ў выпадку якой стажыроўкі ці хваробы. Школа трымае кантакт з замежжам: дзеці перапісваюцца з аднагодкамі зь іншых краінаў, стажуюцца ў Францыі. Выпускнікі спэцклясаў паступаюць ня толькі ў моўныя ВНУ, але й Політэхнічную акадэмію, радыётэхнічны ўнівэрсытэт. Некаторыя здаюць іспыты пры амбасадзе Францыі, атрымліваюць сэртыфікаты і магчымасьць паступаць у любую ВНУ Францыі.

Школа №68 (зав. Ахоцкі, 17). Тут з падрыхтоўчай клясы вывучаюць ангельскую мову, з 8-й пачынаецца ўзмоцненае вывучэньне фізыка-матэматычных навук. У школе працуюць спартовыя сэкцыі, цыркавая студыя, літаратурны гурток “Зьніч”, дзейнічае дзіцячае аб’яднаньне “Каласкоўцы” (аналяг скаўтаў, “скарынічаў”, піянэраў): сумесна з музэем Якуба Коласа яно ладзіць літаратурныя спатканьні, экскурсіі.

У падрыхтоўчую клясу сёлета набрана 20 чалавек. А з 47 сёлетніх выпускнікоў 21 паступіў у ВНУ.

Школа №60 (вул.Лібкнэхта, 82). Мае фізыка-матэматычны профіль і паглыбленае вывучэньне ангельскай мовы. Там працуюць выкладчыкі ўнівэрсытэту інфарматыкі й радыёэлектронікі, пэдунівэрсытэту, каледжу міліцыі. Сувязь з радыётэхнічным унівэрсытэтам дае вучням магчымасьць паступаць туды без уступных іспытаў – па выніках тэставаньня (яно ж замяняе і выпускныя школьныя іспыты). Сёлета з 20 вучняў гэтак паступілі 17. У школе ёсьць музычныя й мастацкія гурткі, хор, тэатар, з 8-й клясы – факультатыў нямецкай мовы, з 10-й – польскай. Гэтыя дадатковыя заняткі адбываюцца ў другой палове дня.

Школа №131 (вул.Убарэвіча, 74). Тут паглыблена вывучаюць замежную мову, з 8-й клясы – матэматыку. 90% выпускнікоў паступаюць у ВНУ. У падрыхтоўчыя клясы сёлета пойдзе 41 чалавек. З 8-й клясы дзеці займаюцца па двух профілях – экалёгія і матэматыка. Акрамя таго, ахвотныя вывучаюць нямецкую, польскую і францускую мовы, ёсьць 27 розных гурткоў. Школа мае доступ да Інтэрнэту, вучні факультатыўна наведваюць спэцыяльныя заняткі. Школьны харэаграфічны ансамбль “Натхненьне” летась заняў 1-е месца на конкурсе “Ўсьміхніся, зорачка!” Выхаванцы ансамблю паступаюць у харэаграфічную вучэльню, танчаць у “Харошках”. Працуе тут дзіцячы парлямэнт і школьнае самакіраваньне.

Школа №89 (вул. Пухавіцкая, 21). Мае незвычайны ўхіл – гэта экспэрымэнтальная пляцоўка “Этнашкола”. Тут ад падрыхтоўчай клясы вывучаюцца народная харэаграфія, музыка, тэатар, нават вуснае маўленьне. Летась у школе вучыліся 740 вучняў. “Нашая школа жыве па сваім – народным – календары, – распавядае дырэктар Пятро Мазалеўскі. – Дзеці адзначаюць Каляды, Вялікдзень, Юр’я. Ёсьць у нас пасьвячэньне ў першаклясьнікі, сьвята лічылкі…”

Школа №23 (пр.Скарыны, 45) нядаўна зрабілася гімназіяй. З падрыхтоўчай клясы тут вялікая ўвага надаецца вывучэньню гуманітарных ды фізыка-матэматычных навук. З 5-й клясы тут паглыблена вывучаецца замежная мова, з 7-й – фізыка ды матэматыка. Школа толькі-толькі зрабілася беларускамоўнай, таму там ёсьць “расейскія” клясы – дзеці давучваюцца. Сёлета набраныя па дзьве падрыхтоўчыя, 4-я і 5-я клясы (блізу 20 чалавек кожная). Едуць сюды з розных канцоў гораду і нават з-за гарадзкой мяжы. Надоечы прывезла на іспыты свайго ўнука бабуля зь Менскага раёну. Кіраўніцтва школы мае намер адрадзіць нацыянальную клясычную гімназію.

За апошнія два тыдні заяваў у беларускія клясы, са словаў дырэктараў, паболела. У адной са школаў гэта патлумачылі заявамі Лукашэнкі й Пуціна, пераменамі ў курсе краіны. Але прычыны звароту бацькоў да нацыянальнай адукацыі, хутчэй, глыбейшыя. Беларускамоўныя школы пачынаюць канкураваць у якасьці навучаньня з расейскамоўнымі, пашыраючы кола прадметаў, даючы маладзёну, узгадаванаму ў Беларушчыне, добрую базу для атрыманьня нармалёвае спэцыяльнасьці й дасягненьня годнага жыцьця.

У наступных нумарах газэты – інфармацыя пра іншыя беларускамоўныя школы Менску і краіны.

Уладзімер Пучынскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0