Далейшы лёс невядомы

Бязьлітасны час зьнішчае ня толькі дакумэнты ды помнікі — памяткі нашай мінуўшчыны, якія мы яшчэ не навучыліся берагчы. Іншы раз зьнікаюць і людзі, якія пакінулі значны сьлед у падзеях мінулага стагодзьдзя. Гэтак сталася з шэрагам дзеячоў беларускай паваеннай эміграцыі. Мы ня ведаем, што зь імі…

Дасьледнікі гісторыі беларускай эміграцыі альбо беларускага вызвольнага руху на Бацькаўшчыне часта сутыкаюцца з гэтай праблемай — бракуе зьвестак пра лёс таго ці іншага дзеяча. Пакуль грамадзка-палітычнае жыцьцё сярод эмігрантаў было жывейшае, пакуль выходзілі дзясяткі газэтаў, бюлетэняў, часопісаў, можна было прасачыць і жыцьцёвы шлях нейкага беларускага дзеяча. Аднак эмігранты пастарэлі, сіла ўжо ня тая. Распадаюцца арганізацыі, ціха паміраюць выданьні, у якіх можна было знайсьці зьвесткі. Таму часта ў біяграфіі якога замежнага беларуса даводзіцца пісаць “далейшы лёс невядомы” ды ставіць замест году сьмерці пытальнік.

Ян Пятроўскі не адказвае

Сёлета вясной з Амэрыкі прыйшла вестка пра сьмерць вядомага беларускага эмігранта, пісьменьніка, перакладчыка Плятона на беларускую мову Яна Пятроўскага. Быў падрыхтаваны й мусіў выйсьці ў “НН” нэкралёг, але ў апошні момант яго зьнялі з паласы: так і не атрымалі пацьверджаньня ад нашых эмігрантаў, што Пятроўскі сапраўды памёр. Нам перадавалі, што ў ягоным доме ніхто не падыходзіць да тэлефона, а туды паехаць, каб высьветліць лёс Пятроўскага, няма каму.

Лявон Юрэвіч зь Нью-Ёрку згадвае, што калі некалькі гадоў таму ён быў у Пятроўскага, той “жыў адзін у доме, ад якога да крамы трэба ехаць, каб набыць што да стала. І хоць побач хаты стаяла машына, за руль ён, натуральна, не сядаў — трэ было прасіць або суседзяў, або знаёмых... Зь Пятроўскім мы перазвоньваліся, але сувязь перарвалася, калі ён пераехаў у дом для састарэлых, бо хатні тэлефон адлучылі, а каардынатаў ягоных знаёмых я ня меў”.

Змагароў лёс

Алесь Змагар (Яцэвіч) — вядомы беларускі эміграцыйны паэт, пісьменьнік, выдавец, грамадзкі дзяяч. Юнаком ён браў удзел у Слуцкім паўстаньні, пасьля ваяваў супраць бальшавікоў у складзе аддзелаў “зялёных” на Случчыне. На Захадзе апынуўся пасьля вайны. Ствараў беларускае школьніцтва ў Аўстрыі, кіраваў вайсковай арганізацыяй “Беларускі вызвольны рух”, рэдагаваў газэту “Незалежная Беларусь”. Змагар — аўтар шматлікіх кніг паэзіі, апавяданьняў, рамана “Случчына ў вагні”.

15 кастрычніка 1993 г. “ЛіМ” зьмясьціў зацемку пра тое, што “Алесь Змагар сустракае 90-годзьдзе”. Што зь ім сталася далей — невядома. Лявон Юрэвіч спрабаваў высьветліць лёс Алеся Змагара, але даведаўся толькі, што дзесьці ў сярэдзіне 90-х ягоны сын Міхась адправіў бацьку ў дом састарэлых. Дакладна невядома, калі ён памёр. “Беларуская энцыкляпэдыя” падае датай ягонай сьмерці 1995 г., але цяжка сказаць, ці гэта праўдзівая дата. Сорамна, што дагэтуль замест году і месца сьмерці Алеся Змагара даводзіцца ставіць пытальнік.

Двое з “Дванаццаткі”

Нядаўна Беларускі інстытут навукі й мастацтва выдаў кнігу Янкі Запрудніка “Дванаццатка”, прысьвечаную арганізацыі беларускіх хлопцаў-патрыётаў, якая існавала на эміграцыі ў 1946—54 г. Аўтар, адзін з “Дванаццаткі”, сабраў пад адну вокладку ўсю даступную інфармацыю пра яе дзейнасьць і лёсы чальцоў. Так, Цімох Вострыкаў у 1952 г. з амэрыканскага самалёта дэсантаваўся ў Беларусь для антыбальшавіцкай барацьбы, быў арыштаваны, доўгія гады правёў у савецкіх канцлягерах, цяпер жыве ў Гомелі. Да яго часта езьдзяць журналісты. Два чалавекі з “Дванаццаткі” зьніклі бясьсьледна. Павал Дзімітрук у 1956 г. выехаў у Амэрыку, у штат Мічыган. Мясцовая газэта “Rockford Register” 19 ліпеня 1956 г. напісала пра яго жаданьне стаць электрыкам і грамадзянінам ЗША. “Ці дасягнуў ён свае мэты, няведама. Нідзе ў беларускім друку прозьвішча ягонае ня згадвалася”, — піша Запруднік. Застаўся невядомым і лёс Леаніда Швайчука, які жыў у Вялікай Брытаніі. У беларускім грамадзкім жыцьці ён удзелу ня браў. “Пазьнейшыя спробы знайсьці ягоныя сьляды ніякіх вынікаў не далі”, — адзначае аўтар “Дванаццаткі”.

Выкраданьні

Лявон Юрэвіч лічыць, што праблема “зьнікненьня” Пятроўскага альбо Змагара “адрозная ад сапраўднага зьнікненьня, прыкладам, бацькі Антона Адамовіча — чалавека, што выйшаў з дому і насамрэч зьнік, або зьнікненьня Ўладзімера Дудзіцкага — па сутнасьці, невядома, у якой краіне ён зьнік”. Сапраўды, праблема высьвятленьня лёсаў Яна Пятроўскага і Алеся Змагара нашмат прасьцейшая, чым таго ж Дудзіцкага. Юрэвіч лічыць, што беларускія арганізацыі “маглі б даслаць афіцыйнае запытаньне і атрымалі б адказ — дакладны адрас таго дому ці дакладную дату сьмерці”. А лёс Уладзімера Дудзіцкага могуць праясьніць хіба архівы КГБ. Паводле адной з вэрсіяў, на пачатку 1970-х ён вырашыў вярнуцца на Бацькаўшчыну. Больш яго ніхто ня бачыў, хоць і хадзілі чуткі, што Дудзіцкага сустракалі ў мардоўскіх лягерах. Ён быў вялікім паэтам, а адпомсьціць бальшавікі яму маглі за тое, што ён нейкі час кіраваў беларускай службай радыё “Свабода”. Пошукі сьлядоў Уладзімера Дудзіцкага, якія вяліся на пачатку 1990-х, у апошнія гады зусім прыпыніліся.

Зарасьлі ў іхнае

Некаторыя эмігранты “зьнікалі” сьвядома: не хацелі раскрываць месца свайго пражываньня, бо баяліся за сваё жыцьцё і за жыцьцё сваякоў у Беларусі. Вядомы выпадак, калі агенты дзяржбясьпекі ў другой палове 1940-х гг. захапілі на Захадзе й вывезьлі ў СССР афіцэра Беларускай краёвай абароны Рыгора Зыбайлу. Толькі нядаўна ўдалося адшукаць ягоную магілу — пасьля вяртаньня з савецкіх канцлягераў ён жыў пад Івацэвічамі, памёр у 1987 годзе.

Найперш не выяўляліся на эміграцыі былыя ўдзельнікі беларускага антыбальшавіцкага партызанскага руху, якім у другой палове 1940-х удалося перайсьці на Захад. Вядома, што ў 1949 г. каля 100 былых партызанаў, пераважна з Палесься, выехалі ў Паўднёвую Амэрыку. Жылі яны ў Бразыліі, Аргентыне, Парагваі, Балівіі. Пра іх лёс удалося даведацца толькі дзякуючы лісту, які ў сакавіку 1988 г. быў надрукаваны ў № 342 газэты “Беларускі голас” (Таронта). 80-гадовы Сьцяпан Гукалюк, адзін з апошніх жывых партызанаў, пісаў з Бразыліі да рэдактара “Беларускага голасу” Сяргея Хмары:

“Усе амаль нашыя дружбакі ўжо паўміралі. Рэдка хто яшчэ жыве з тых, што тады пераехалі ў Бразылію. Маладзейшыя потым перасяліліся ў Парагвай, дзе мелі добрую працу, некаторыя ў Аргентыну, але там было цэлы час неспакойна, бо гэтая бандытня чырвоная кідала бомбы і страляла людзей нават у Буэнас-Айрэсе, пакуль іх вайскоўцы не прысьмірылі. Некаторыя паехалі ў Балівію.

Трымаліся мы разам, пакуль жыў Харэўскі, ён добры быў камандзер. Пры ім у Порта-Алегра была і нашая вэтэранская арганізацыя. Па сьмерці вёў Перагуд, а па яго сьмерці ўсё замерла. Жонка Перагуда мясцовая і зусім з намі ня зналася і не гаварыла. Сягоньня калі яшчэ хто і жывы, дык зарос у іхнае, і нават калі сустрэнешся з кім, дык ламае язык, больш слоў мясцовых, чым нашых. Сілюк даўно памёр. Памёр і Сілівончык, і Гарывада, і Струк. У Аргентыне — Кулак, наш лясьнічы Ігнатаў, Перавалоцкі. Некалькі маладзейшых пажаніліся на нашых баптыстках і жылі ўва Фраме. Карповіч стаў баптыстам і яшчэ жыве. Казаў, што ня можа пераслаць грошы, бо Аргентына не пушчае за граніцу. У Парагваі, паколькі ведаю, памёр Курэц, Сувой, Гучок і многія другія. Тамашэвіч быў у Балівіі, меў краму, ажаніўся з кечувай… У Берысе яшчэ астаткі перадваенных нашых старых эмігрантаў, а больш іхныя сыны трымаюцца Беларушчыны. Праўда, гавораць напалавіну па-беларуску, а напалавіну па-расейску, але ў гэтым сваім клюбе даюць часамі беларускія танцы і песьні, побач расейскіх, і нават выходзяць на парады ў беларускай вопратцы, аднак усе яны дурныя камуністы, бо кажуць: там (у БССР — С. Ё.) воля для беларусаў...

Ня ведаю, хто яшчэ жывы ў Балівіі. Не перапісваемся. Ня ведаю нічога і аб Краі. Як хіба ведаеце, у нас была пастанова не пісаць туды да радакоў, каб не нарабіць ім бяды ды не навесьці на наш сьлед чакістаў, якія за намі ахвоціліся і ў Германіі, і па-за ёй. Некаторыя тут пазьмянялі свае імёны на мясцовыя, дык і не пазнаеш, што пад ім наш. Дзеці звычайна не гавораць па-нашаму і нават не разумеюць. Але некаторыя, як у Аргентыне, паакончвалі ўнівэрсытэты і маюцца нязгорш. Пару ў Курытыбе ажаніліся з палячкамі і проста спалячыліся. Так што з тае соткі, якія тады выехалі, засталося ў жывых хіба пяцёх, мо пару больш, што я знаю, і ўсе ўжо слабыя старэчы. Перадайце прывет Вірку. Яго радак Царук, той, які быў у Перагудавым атрадзе, памёр у Балівіі, падобна меў жонку-індыянку, але больш валачыўся па дзікіх мясцох, страляючы зьвера, як Ваш Таўпека, аб якім Вы ўспомнілі.

Вось хіба адпісаў вам на ўсё. Дык жывіце здаровы!

Сьцяпан Гукалюк”

Пра лёс самога Гукалюка паведаміць ужо не было каму…

Сяргей Ёрш

Гэтым артыкулам “Наша Ніва” адкрывае новую рубрыку, у якой гатовая друкаваць сьведчаньні пра ўсіх зьніклых патрыётаў Беларусі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0