Як прыватызацыю праводзіў Піначэт

Сёньня, разважаючы пра эканамічныя праблемы Беларусі, шмат хто схільны шукаць рэцэптаў паляпшэньня сытуацыі ў Аўгуста Піначэта. Цяжка параўнаць тое, што адбываецца сёньня ў нашай гаспадарцы, з Чылі 1970—80-х. Аднак веданьне хады рэформаў Піначэта можа быць карысным у часе аналізу эканамічных і палітычных працэсаў, што адбываюцца ў нашай краіне. Урэшце, адзінаўладны кіраўнік Беларусі мае столькі ж магчымасьцяў для правядзеньня “рэформаў зьверху”, колькі чылійскі дыктатар.

 

Трохі пра Піначэта

Аўгуста Ўгартэ Піначэт нарадзіўся ў 1915 г. у сям’і мытніка марскога порту, продкі якога эмігравалі ў Чылі з Францыі. Піначэт меў рэпутацыю самага рэлігійнага генэрала. Сям’я Пінашэ (так вымаўлялася родавае прозьвішча па-француску) вызначалася палымянай рэлігійнасьцю. Ён абраў кар’еру вайскоўца і мэтанакіравана прасоўваўся па службовай лесьвіцы. Пасьля вучэльні паслужыў лейтэнантам у палку, потым паступіў у вайсковую акадэмію, дзе атрымаў спэцыяльнасьць “афіцэр генэральнага штабу”. Выкладаў вайсковую геаграфію і лёгіку ў ВНУ Чылі, ЗША й Эквадору. Апублікаваў дзясятак кніг па геаграфіі, геапалітыцы, вайсковай гісторыі, ацэнкі якіх такія ж неадназначныя, як і думкі пра іх аўтара. У 44 гады зрабіўся генэралам, быў прызначаны на пасаду начальніка штабу дывізіі. За часамі прэзыдэнта-марксіста Сальвадора Альендэ генэрала Піначэта прызначаюць начальнікам Генэральнага штабу, а затым — галоўнакамандуючым сухапутнымі войскамі. Піначэт быў блізкім сябрам і дарадцам прэзыдэнта, але гэта не зашкодзіла яму з удзелам авіяцыі і артылерыі зьдзейсьніць 11 верасьня 1973 г. вайсковы пераварот.

Зьмены ўлады вымагала сытуацыя ў дзяржаве. Урад Альендэ распачаў татальную нацыяналізацыю, адбываліся стыхійныя захопы дробных і сярэдніх прадпрыемстваў — т.зв. “народная прыватызацыя”, пагаршалася становішча з прадуктамі харчаваньня. Замежныя крыніцы фінансаваньня і крэдытаваньня адмовіліся супрацоўнічаць зь ненадзейным урадам сацыялістаў і камуністаў. Інфляцыя, якая да лета 1973 г. склала 1000%, зьнішчыла ўсе вынікі пераразьмеркаваньня прыбыткаў. Расла незадаволенасьць насельніцтва, мацнела апазыцыя, ладзіліся масавыя забастоўкі й маніфэстацыі. Незадаволенасьць палітыкай Альендэ схіліла большасьць чылійцаў на бок Піначэта.

Прыйшоўшы да ўлады, ён забараніў палітычныя партыі, увёў жорсткую цэнзуру. У 1974 г., згодна з дэкрэт-законам, Піначэт абвяшчае сябе “вярхоўным носьбітам улады”. У Чылі ўсталёўваецца ваенна-аўтарытарны рэжым са зьнешняй атрыбутыкай прэзыдэнцкай рэспублікі, дзе ўлада прэзыдэнта не абмяжоўваецца ні парлямэнтам, ні палітычнымі партыямі, ні грамадзянскай супольнасьцю. Генэрал нэўтралізаваў усіх, каго лічыў сваімі супернікамі. Спэцслужбы “прыбіралі” лідэраў апазыцыі, у тым ліку і за мяжой. Усяго ў Чылі за час вайсковага кіраваньня загінулі каля трох тысяч чалавек і больш за сто тысячаў прайшлі праз турмы. Ад рэпрэсіяў пацярпеў 1% насельніцтва краіны, што маляўнічаю стужкаю працягнулася ўздоўж ціхаакіянскага ўзьбярэжжа. Аднак хто-ніхто лічыць вайсковы пераварот Піначэта і наступныя рэпрэсіі “гвалтам у адказ”: тры гады кіраваньня Альендэ былі часам гвалтоўнага пераразьмеркаваньня ўласнасьці, спробай стварыць сацыялізм кубінскага тыпу ў цалкам капіталістычнай краіне. Калі б Альендэ гэта ўдалося, гэта нанесла б краіне куды болей шкоды, чым жорсткае кіраваньне Піначэта. “Паглядзіце, што рабілася на Кубе, у Камбоджы, Нікарагуа”, — абараняюць генэрала яго пасьлядоўнікі.

 

Страх у падмурку лібэралізму

Замест сацыялістычнае мадэлі эканомікі Альендэ, якая ставіла сацыяльна-накіраваныя, але нерэалістычныя задачы, генэрал Піначэт прапанаваў лібэральную. “Культ страху”, заснаваны на рэпрэсіях, стаўся своеасаблівым падмуркам палітычнай стабільнасьці, неабходнай для пасьпяховага ўкараненьня новай эканамічнай мадэлі. Генэрал запрасіў ва ўрад маладых чылійскіх эканамістаў — прыхільнікаў манэтарысцкай школы й свабоднага рынку. Да 1975 г. яны склалі праграму радыкальнага зьмяненьня эканомікі, названую “шокавай тэрапіяй”, сутнасьць якой — у адмаўленьні ад усіх формаў дзяржаўнага рэгуляваньня, рэзкім скарачэньні грашовай масы і ўрадавых выдаткаў, лібэралізацыі замежнага гандлю. Асноўнымі складнікамі рынкавага рэфармаваньня ў Чылі былі рэформа падаткаабкладаньня й банкаўскай сфэры, узмацненьне заканадаўчай базы правоў прыватнай уласнасьці, ліквідацыя перашкодаў для замежных капіталаўкладаньняў. Але галоўным элемэнтам Піначэтавай рэформы была масавая прыватызацыя.

Яе першым этапам было вяртаньне ўласнасьці, канфіскаванай і нацыяналізаванай за часам Альендэ, ранейшым гаспадарам. За 1974—1978 г. гэтак былі раздадзены 294 прамысловыя прадпрыемствы й 150 тысячаў фэрмаў.

На другім этапе ў прыватныя рукі перадаваліся вытворчыя фірмы і банкі. Колькасьць дзяржаўных прадпрыемстваў зьменшылася больш чым у 8 разоў — з 620 у 1973 г. да 76 у 1981 г. На гэтым этапе адбыліся першыя пралікі. Прадпрыемствы перадаваліся па нізкіх коштах, а часам і задарма, таму “жывых” грошай у казну трапляла вельмі мала. Шляхам фінансавых спэкуляцыяў прыватны сэктар выкупіў вялікую колькасьць асноўных фондаў дзяржавы й значную долю банкаў. Спэкуляцыі стымуляваліся адначасовай лібэралізацыяй і прыватызацыяй банкаўскай сфэры, што незвычайна палегчыла атрыманьне крэдытаў дзякуючы фармальным і нефармальным сувязям. Банкаўская сфэра была цалкам лібэралізаваная. Цэнтрабанк не кантраляваў працэнтавых ставак.

Зьмены адбыліся ня толькі ў рэальным і фінансавым сэктарах эканомікі, але і ў сфэры адукацыі й мэдыцыны. У адпаведнасьці з праграмай Нацыянальнай сыстэмы службаў аховы здароўя, з 1975 г. дзяржаўная мэдыцына абслугоўвала толькі 30% насельніцтва. Усе астатнія мусілі карыстацца паслугамі прыватных лекараў. З 8 унівэрсытэтаў 6 зрабіліся прыватнымі.

Высокая эканамічная актыўнасьць, уласьцівая першым двум этапам рэформаў, была толькі бачнасьцю: замежныя інвэстыцыі траплялі збольшага ў шматлікія фіктыўныя кампаніі і банкі. Усеагульная лібэралізацыя адкрыла магчымасьць атрыманьня спэкуляцыйных прыбыткаў з наступным вывазам іх за мяжу — нешта накшталт таго, што адбывалася ў Расеі на пачатку 90-х.

Разам з тым, у Чылі ішла барацьба з гіпэрінфляцыяй. У сярэдзіне 70-х узровень інфляцыі складаў каля 600% у год. З дапамогай “шокавай тэрапіі” да 1976 г. удалося зьменшыць прырост спажывецкіх цэнаў на 212% і ў 1977 г. — на 92%, што суправаджалася, аднак, агульным спадам вытворчасьці, ростам беспрацоўя і скарачэньнем рэальных заробкаў.

 

Зацугляная прыватызацыя

Стала відавочным, што эканамічная рэформа ня спраўдзіла чаканьняў. У 1981—83 г. у Чылі пачаўся эканамічны крызыс, штогод банкрутавалі 700—800 фірмаў. Больш чым на 14% зьменшыўся ВУП, вырасла беспрацоўе (у 1982 г. яно ахапіла 31% насельніцтва), зьменшыліся рэальныя заробкі.

Таму з пачатку 80-х урад пачаў карэктаваць эканамічную палітыку, зрабілася больш жорсткім падаткаабкладаньне, тавары першай неабходнасьці былі ўзятыя пад дзяржаўны кантроль. У 1980 г. Чылі на тры гады перайшла да рэжыму фіксаванага курсу нацыянальнай валюты, а ў 1982 г. была праведзеная 50-працэнтная дэвальвацыя пэса. Ад 1983 г. цэны пайшлі ўніз, пакрысе пачаўся эканамічны рост, а рэальныя заробкі сталі расьці. Дзелавая актыўнасьць канцэнтравалася вакол магутных канцэрнаў і фінансава-прамысловых групаў, якія выжылі ва ўмовах рынкавай канкурэнцыі. Урад узяў пад кантроль асноўныя банкі і ліквідаваў усе астатнія, сканцэнтраваўшы ў сваіх руках істотную долю прадпрыемстваў і банкаўскіх устаноў. На гэтым, трэцім этапе Піначэтавых рэформаў раскрыўся прынцыпова новы мэханізм прыватызацыі, які ажыцьцяўляўся пад лёзунгам пабудовы “народнага капіталізму”. Цэнтральным яго зьвяном зьяўляецца Адміністрацыя пэнсійных фондаў. У Чылі быў уведзены абавязковы “падатак на старасьць”: кожны працаўнік мусіў усё жыцьцё адкладаць 10—20% ад заробку ў адзін з 14 прыватных пэнсійных фондаў. Апошнія займаліся інвэставаньнем, прыносячы прыбытак сабе і пайшчыкам. Накопленыя сродкі можна было перадаць у спадчыну ці, у выпадку заўчаснага сыходу з працы, зьняць часткова або цалкам. Перавагі такой сыстэмы былі настолькі яўнымі, што хутка яна з прымусовае ператварылася ў добраахвотную: калі ў 1981 г. у новай сыстэме былі застрахаваныя 1,4 млн. чалавек, дык у 1989 г. — 3,47 млн.

Трэці этап пераўтварэньняў меў наступныя вынікі: з 1984 г. тэмпы эканамічнага росту пачалі паступова падвышацца (штогадовы прырост ВУП даходзіў да 5%). Найхутчэй разьвіваліся экспартныя галіны, асноўнай зь якіх была медная (Чылі належыць чвэрць сусьветных запасаў медзі). Экспарт штогод павялічваўся на 10%. У 1985 г. эканамічная палітыка зрабілася больш збалянсаванай і рэалістычнай. Ізноў пашырыліся маштабы прыватызацыі. Агульны аб’ём інвэстыцыяў у 1985—88 г. склаў 1,1 млрд. даляраў. Рацыяналізацыя дзяржаўных выдаткаў і ўкараненьне больш эфэктыўнай сыстэмы падаткаабкладаньня скарацілі дэфіцыт бюджэту з 25% ВУП у 1972 г. да 2% у 1986 г. У рамках гэтага этапу ладзілася рэформа банкаўскай сфэры (1986—90 г.), у часе якой удасканальвалася структура рэзэрвавых фондаў, ліквідаваліся колькасныя абмежаваньні на пазыкі, удасканальвалася сыстэма банкаўскай справаздачнасьці. Зьмяніліся функцыі Цэнтрабанку краіны, які выйшаў з-пад апекі Міністэрства фінансаў і зрабіўся незалежным. Гэта дазволіла яму ўзаемадзейнічаць з камэрцыйнымі банкамі на аснове агульнапрынятай сыстэмы рэгуляваньня ліквіднасьці: крэдытныя лініі банкам адкрываліся наўпрост. Новыя законы аптымізавалі працэдуру куплі-продажу банкаў як для рэзыдэнтаў, так і для нерэзыдэнтаў.

Называючы вынікі гэтых пераўтварэньняў “чылійскім эканамічным цудам”, сёньняшнія навукоўцы й публіцысты, бадай, крыху перабольшваюць. Нельга, аднак, адмаўляць, што той уздым, які зрабіў эканоміку краіны самай стабільнай і пасьпяховай ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы, адбыўся толькі дзякуючы рэформам Аўгуста Піначэта. У Беларусі складана было б карыстацца ягонымі ўзорамі. Вяртаць колішнім гаспадарам прадпрыемствы й зямлю? Мала знойдзецца ахвотных. Нашчадкі нешматлікіх беларускіх капіталістаў пачатку стагодзьдзя раскіданыя па сьвеце, большая ж частка сёньняшняга рэальнага сэктару нашае прамысловасьці стваралася за савецкім часам і гаспадара, апроч дзяржавы, увогуле ня мае. Унукі “кулакоў” ды “сярэднякоў” таксама пабойваюцца браць зямлю: ня маюць інвэнтару, каб яе ўрабляць. Трэба льготныя дзяржаўныя пазыкі пад яго набыцьцё. А дзе браць грошы?.. Выгода Піначэта ў тым, што ён ня мусіў глядзець, як заўтра ляжа ўсходняя альбо заходняя карта, адкуль падзьме вецер, ня мусіў падстройвацца пад палітычную каньюнктуру. Не чакаў імгненнага эфэкту ад сваіх рэформаў і не настройваў на яго людзей галёканьнем пра “заўтра будзе лепей”. Змагаючыся зь левай апазыцыяй, думаў ня толькі пра прыватны, але й пра дзяржаўны інтэрас. Ён упарта, памыляючыся, але йшоў да свае мэты — часта праз кроў і рэпрэсіі. І ў гісторыі застанецца як складаная, неадназначная асоба — жорсткі дыктатар, які з памылкамі і не адразу, але вывеў краіну на новы ўзровень разьвіцьця.

Ганна Вернікоўская


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0