казкі менскага жыцьця

Каўка

У горадзе горача. Думкі пакідаюць распаленае экзатычнаю сьпёкаю цела, лятуць у запаветны куток кватэры і адна за адной, блакітнымі празрыстымі зданямі, квола абдымаюць лядоўню з прахаладжальнымі напоямі... Смага!

Сьвет зрабіўся варожым і вялікім, як у маленстве. Нават — як у немаўляцтве. У бязьмежных прасьцінах-пялюшках нескаардынавана варушыцца непаслухмянае цела. Няўжо гэта я?

Сьпёка. Поўдзень... Дзе маё малако? Як за матчын палец, хапаюся за шурпатую чорную палачку з чырвонай кнопкаю — пульт дыстанцыйнага кіраваньня зрокавымі ілюзіямі. Пстрык! — уключыўся тэлевізар. А вочы нібы прыціснуліся да круглай матчынай плоці і ссуць: навіны, выявы, рэклямныя ролікі...

Вось аздоблены вабнай этнічнай мэлёдыяй чырвоны кубак кавы — сымбаль сардэчнасьці і перамогі. Ён так дапамагае гераіням і героям рэклямных гісторыяў! На зьмену казцы пра Чырвоны Каптурок прыйшла казка пра Чырвоны Кубак.

І яна ўжо тут, у нашым рэальным жыцьці — у Менску. Некалькі дзён таму я зазірнула за вялікі рэклямны стэнд зь вясёлым Чырвоным Кубкам кавы — і ўбачыла па той бок бясплатны тэлефон-аўтамат! Тэлефануй па горадзе ў любы час каму хочаш... Проста цуд, Залюстроўе “Nescafé”!

Аднак я сама апошнім часам купляю адно сінія бляшанкі кавы “Maxwell House” з выяваю спакойнага белага кубка. Яны больш гармануюць з новым убраньнем маёй кухні: з блакітна-сінімі цыратай, фіранкамі, посудам, белымі ручнікамі і шпалерамі... У гэтую летнюю сьпёку я выразна адчула, што разьлюбіла “цёплыя колеры” і закахалася ў сіні.

Ён, мне здаецца, гэткі падобны да ідэальнага мужчыны! Ён высокі і недаступны — як неба, дынамічны — як вада... Ён рэдкі ў шэрым горадзе, як у сьпелым жыце васількі.

Толькі адна сяброўка — Галінка Дубовая — цудоўна разумее мяне. Яна называе каву “каўкай” і, трымаючыся невядомага мне рытуалу, штораз шчодра раскладае па шматлікіх місачках на стале свае дробныя ласункі-жалуды (цукеркі, печыва, салодкія шматкі, ягады)... “Будам жыць!”

“Будам жыць!” — так назваў сваю кнігу слынны знаўца канкрэтных рэаліяў беларускай літаратуры і жыцьця Аляксей Каўка. Яе вокладка — колеру моцнае кавы... Дзядзька Аляксей, памятаю, зьдзіўлена засьмяяўся, калі даведаўся ад мяне яшчэ і пра гэты — “кававы” сэнс свайго прозьвішча.

Каўка — гэта і чорная птушка, якая крычыць так, нібы хоча пракаўтнуць сваю бяду, сваё гора — бо народжаная не ў чалавечым абліччы. Не паспытаць ёй смачнае каўкі ў гасьцях у Дубовае Галінкі!..

Люблю глядзець, як цукровыя кубікі белых гадзіньнікаў круцяцца на скрыжаваньнях.

Людка Сільнова


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0