Інтэграцыйная інэрцыя
Нацбанк ухваліў праграму пераходу на расейскі рубель
2 верасьня Нацыянальны банк ухваліў канцэпцыю пераходу на расейскі рубель у якасьці грашовай адзінкі “саюзнай дзяржавы”. Далейшы лёс гэтага праекту будзе вырашаць беларуская частка сумеснай працоўнай групы па стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру саюзнай дзяржавы.
Узначальвае яе старшыня праўленьня Нацбанку Пятро Пракаповіч. Потым беларуская частка павінна ўзгадніць свае прапановы з расейскай і аддаць іх да 1 лістапада на разгляд “саюзнага” саўміну. Інтрыга ў тым, што панятак “саюзная дзяржава” апошнім часам зрабіўся зусім размытым: Пуцін кажа пра інтэграцыю Беларусі ў РФ па частках, а Лукашэнка марыць пра адзіную дзяржаву зь дзьвюх незалежных. Паводзіны Нацбанку ў такіх умовах — гэта рух па інэрцыі. Чыноўнікі ніжэйшага рангу ня вельмі зважаюць на зьмены ў адносінах паміж Лукашэнкам і Пуціным. Бюракратычная машына інтэграцыі запушчаная і працуе незалежна ад іхных заяваў. У гэтым хаваецца пэўная небясьпека для беларускага сувэрэнітэту.
Ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку пацьвердзілі, што канцэпцыя ўхваленая. Падкрэсьлілі: усё ідзе ў адпаведнасьці з саюзнай дамовай. На пытаньне, як гэта стасуецца з апошнімі заявамі Лукашэнкі й Пуціна, не адказалі нічога.
Камэнтуе прафэсар Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня Нацбанку:
— Выпрацоўка канцэпцыі пераходу на расейскі рубель — гэта не самаўпраўства Нацбанку. Пракаповіч выконвае тое, што падпісаў Лукашэнка: Беларусь пераходзіць на валюту іншай дзяржавы. Калі проста ўвядуць расейскі рубель, дык ні пра які агульны эмісійны цэнтар ня можа быць размовы. Каму будзе тады патрэбна ствараць яго ды прыдумляць нейкую іншую валюту, калі ўся Беларусь будзе карыстацца расейскім рублём? Дарэчы, калі глядзець з пазыцыяў Расеі, дык некаторыя патрабаваньні досыць справядлівыя: Нацбанк ня мае права выдзяляць крэдыты беларускаму ўраду, на рынку каштоўных папераў ён можа працаваць толькі ў межах лімітаў, выстаўленых Цэнтрабанкам Расеі, павінен складаць Расеі справаздачы — гэта натуральна, калі мы пяройдзем на расейскі рубель. Нацбанк тады аўтаматычна ператвараецца ў філіял цэнтрабанку — накшталт філіяў у Татарстане ці Башкірыі.
Камэнтуе Віталь Сіліцкі, выкладчык паліталёгіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту:
— Гэтая “адзіная валюта” цягнецца ўжо дзесяць год. Тое, што адбываецца, трэба разглядаць не як валютнае пытаньне, а як пытаньне ўлады. Гэта інэрцыя. Стварэньне ілюзіі актыўнага бегу на месцы. Падобна да таго, як у нацыянальным сходзе абмяркоўваюць законапраект пра выбары ў саюзны парлямэнт, хоць самі ня ведаюць, ці будзе ён калі створаны. Нікому не патрэбнае рашэньне, зь якога нічога ня будзе. А вось чаму зьмест канцэпцыі хаваюць у тайне — сказаць цяжка.
Алесь Кудрыцкі