У аўторак і сераду прайшлі матчы дзясятага туру чэмпіянату Беларусі па футболе. Сёлета гэта быў першы выпадак, калі тур прайшоў не ў выходныя.

Цэнтральны матч адбыўся ў Барысаве, дзе сустракаліся першая і другая каманды чэмпіянату — БАТЭ і МТЗ‑РІПА. Відаць, у барысаўцаў не хапіла сілаў на другі запар матч з моцным супернікам. Нагадаем, што ў суботу БАТЭ ў напружанай барацьбе перамог «Шахцёр» 4:3. Аднак такой буйнай паразы ад барысаўцаў ніхто не чакаў — 0:3. Галы на рахунку Афанасьева, Вячаслава Глеба і Маміча.

Жодзінскае «Тарпэда», якое нечакана для многіх знаходзіцца ў стане лідэраў, чарговы раз пацьвердзіла гэты статус. У Жодзіне «аўтазаводцы» перамаглі «Гомель» 2:1. За тры хвіліны да сканчэньня матчу вырашальны гол забіў Гарбаненка.

Пасьля шэрагу няўдач, нарэшце рэабілітаваўся «Шахцёр». Салігорцы перамаглі «Смургоні» 2:0.

Аўтсайдэр першынства «Менск» выйграваў 2:0 у сталічнага «Дынама», аднак перавагу ня змог захаваць — 2:2.

Астатнія матчы туру прынесьлі наступныя вынікі: «Віцебск»«Нафтан» 1:2, «Дняпро»«Нёман» 1:3, «Дынама» (Берасьце) — «Дарыда» 2:1.

Турнірная табліца пасьля дзясятага туру выглядае наступным чынам:

БАТЭ — 24 пункты, МТЗ‑РІПА — 20, «Тарпэда» — 19, «Нёман» — 17, «Гомель», «Шахцёр» — па 15, «Смургоні» — 13, «Дынама» (Менск), «Дынама» (Берасьце) — па 12, «Нафтан» — 10, «Дняпро», «Віцебск» — па 9, «Дарыда» — 8, «Менск» — 7.

Найлепшы бамбардзір Генадзь Блізьнюк (БАТЭ) — 11 галоў.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0