А таксама патрэбны свой банк
Пуцін сказаў тое, што было вядома і раней. Уваходжаньне Беларусі ў склад Расеі — адзіная прымальная для апошняй форма інтэграцыі. Калі ў Лукашэнкі і апазыцыі зьявіўся супернік, чаму на пэўным этапе не змагацца разам? Але галоўная нашая задача на сёньня — стварэньне фінансава-эканамічнага падмурку ўсяго беларускага руху.
Мы жывём у такі час, калі многае залежыць ад грошай. І гэты падмурак павінны адбудаваць самі беларусы. Нам не дапамогуць ні Ўсход, ні Захад.
Трэба ўлічваць досьвед іншых народаў. Нам патрэбны незалежныя беларускія структуры рознага кірунку, як у Беларусі, так і за межамі. Многа нашых грамадзян езьдзіць на заробкі. Чаму б не ўпарадкаваць гэта? Каб чалавек ехаў працаваць, напрыклад, у Заходнюю Эўропу, там жыў у беларускім асяродку і адлічваў якія адсоткі на агульнабеларускія справы. Падвышаўся б дабрабыт людзей, іх сьвядомасьць, і былі б грошы. Таксама і з прадпрымальнікамі: каб яны дапамагалі адзін аднаму і разам заваёўвалі эканамічную прастору як у краіне, так і за яе межамі. Было б добра заснаваць свой банк.
У культурным напрамку трэба надаваць больш увагі адукацыі, СМІ, выхаваньню моладзі і юнацтва. Так і няма Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту. Калі немагчыма адкрыць яго тут, трэба заснаваць за межамі, напрыклад, у Вільні. І блізка, і ёсьць гістарычная пераемнасьць. Многа гаварылася аб беларускай спадарожнікавай тэлевізіі, але ня бачна ніякіх зрухаў. Няблага было б мець беларускамоўную FM-станцыю. Да сёньня няма паўнавартаснай юнацкай грамады, накшталт піянэрыі, але без палітычнай ідэалёгіі. Гэта арганізацыя павінна дапамагаць дзеткам выхавацца фізычна, духоўна, атрымліваць больш ведаў. А колькі пустуе былых піянэрскіх лягераў – іх можна адрамантаваць і выкарыстоўваць як нацыянальныя летнікі. Працы шмат – ад беларусізацыі назваў вуліцаў да дапамогі старым. Каб усё гэта зьдзейсьніць, трэба фінансавы падмурак і арганізацыя, якая аб’яднае ўсе беларускія сілы. Была выдатная прапанова “грамадзянства БНР”. Але яна не павінна падмяняць дзяржаўныя структуры ды імкнуцца ў будучым стаць дзяржавай. Яе мэты – каардынацыя ўсіх незалежніцкіх аб’яднаньняў, сувязь і адстойваньне інтарэсаў шараговых беларусаў.
Увогуле, міжнародную палітыку апазыцыі трэба трохі зьмяніць. “Беларусь у Эўропу!”? Быццам мы і так не ў Эўропе. А калі Расея пагодзіцца зь незалежнасьцю Беларусі і яе беларусізацыяй, дык чаму ня мець зь ёй добрых стасункаў?
Алег, Барысаў