Антыдзяржаўная таямніца
Як загінула падлодка нашых “саюзьнікаў”
Як вызначыла ўрадавая камісія, “Курск” загінуў ад уласнае тарпэды, што выбухнула ў выніку “складанай фізыка-хімічнай рэакцыі”, хоць раней была ў поўным парадку. “Российская газета”, орган расейскага ўраду, напісала, што гэта мана, і апублікавала сваю падрабязную справаздачу пра прычыны трагедыі “Курска”. Аляксандар Емяльяненкаў, аўтар артыкула, атрымаў доступ да ўсіх 133 тамоў засакрэчаных матэрыялаў сьледзтва па справе “Курска” — тады як грамадзкасьці з гэтых дакумэнтаў былі прад’яўленыя тры старонкі машынапісу. Емяльяненкаў адшукаў таксама сьведкаў, экспэртаў і размаўляў са сваякамі падводнікаў.
Падробленыя подпісы
Як сьцьвярджае “Российская газета”, тарпэды расейскага флёту не праходзяць плянавых рамонтаў, зь іх выцякае перакіс вадароду, які ў сумесі з палівам утварае выбуховую сумесь. Сваякі членаў каманды расказалі, што капітан Генадзь Лячын не хацеў выходзіць у мора з такой “сьмярдзючай”, як ён казаў, тарпэдай. Емяльяненкаў выявіў, што на дакумэнтах прыёмкі на падлодку “тоўстай” тарпэды стаяць падробленыя подпісы людзей, якія адказвалі за стан узбраеньня “Курску”.
Сапсаваны буй
Надводныя караблі, якія ўдзельнічалі ў вучэньнях у Баранцавым моры (у тым ліку прызначаныя для выяўленьня падводных лодак і процідзеяньня ім), 31 гадзіну не маглі знайсьці месца, дзе на глыбіні 108 м ляжаў 150-мэтровы “Курск”. І ня толькі таму, што іхныя рэхазонды ні на што ня годныя — з “Курску” на паверхню не падняўся сыгналізацыйны буй. А ня выплыў ён таму, што перад выхадам у мора быў пастаўлены на засьцерагальнік. Аўтаматычнае прыстасаваньне, якое выпускае буй, ад часу спуску падлодкі на ваду (1994 г.) было адключанае пры дапамозе спэцыяльнай заглушкі. Электронны ключ ад апарата, які прыводзіў буй у стан гатоўнасьці, ляжаў у бартавым сэйфе.
Ня ўмелі спускаць батыскафы
Калі былі вызначаныя каардынаты “Курску”, можна было пачынаць выратавальную апэрацыю. Аднак выратавальны карабель “Міхаіл Рудніцкі” ня выйшаў з порту адразу: ня меў паліва. Калі ж нарэшце выправіліся, спачатку паплылі ня ў тым кірунку. На пошук належнага курсу пайшлі дзьве гадзіны. На месцы аказалася, што батыскафы “Рудніцкага”, якія некалькі гадоў не апускаліся пад ваду, працякаюць. Урэшце спробы наблізіцца да падлодкі давялося прыпыніць, бо матросы з “Рудніцкага”, якія даўно не праводзілі трэніровачных спускаў у батыскафах у моры, пабілі іх аб борт свайго карабля. Можна было б адрамантаваць, але на борце “Рудніцкага” не знайшлося неабходных інструмэнтаў і матэрыялаў — перш за ўсё развадных ключоў, ручных дрылёў і гумы…
А тым часам на борце “Курску” чакалі 23 маракі, якія перажылі выбух у тарпэдным адсеку. Чакалі доўга. Яны былі жывыя ня восем гадзінаў, як абвясьціла ўрадавая камісія, а, як вынікае з апублікаваных “Российской газетой” матэрыялаў, цэлыя суткі, а мо і даўжэй.
Мы перадрукоўваем дакумэнт са скарачэньнямі. Варта заўважыць, што “Российская газета” ў Беларусі не прадаецца і не паступае ў беларускія бібліятэкі.
Якую задачу выконваў “Курск”
Згодна з плянам вучэньняў, К-141 “Курск” павінен быў выканаць ракетную стральбу па мішэні 11 жніўня 2000 г., на наступны дзень — умоўную ракетную стральбу па авіяноснай шматмэтавай групе, а пасьля “разьвіць посьпех выкарыстаньнем тарпэднай зброі”. У 8.35 12 жніўня крэйсэр “адстраляўся” па надводных караблях “праціўніка”, аб чым у 8.51 камандзір далажыў на камандны пункт Паўночнага флёту. І гэта была апошняя інфармацыя з “Курску”.
У 11.09, калі крэйсэр “Пётар Вялікі” падыходзіў да раёну месцазнаходжаньня К-141, камандзір ягонай гідраакустычнай групы старшы лейтэнант А.Лаўрынюк выявіў пасылкі гідралякатара ў выглядзе імпульсаў, якія звычайна зыходзяць ад падводных лодак перад тарпэднай атакай. “Пётар Вялікі” і іншыя караблі прайшлі праз раён меркаваных дзеяньняў “Курску”. Тарпэднай атакі не назіралася. Данясеньня аб прычынах з падводнай лодкі не паступіла.
Чаму так доўга не маглі знайсьці “Курску”
У 16.35 “Пётар Вялікі” пачаў выклікаць К-141, аднак адказу не было. Не было данясеньня ад “Курску” ў вызначаны час і на камандны пункт Паўночнага флёту. У 18.14 начальнік штабу Паўночнага флёту загадаў пачаць пошукава-выратавальную апэрацыю, у якой узялі ўдзел 12 баявых караблёў, 21 выратавальнае судна, 5 самалётаў Іл-38 і 6 гелікоптэраў, а таксама два вадалазныя судны і спэцыяльны апарат выратавальнай службы Нарвэгіі.
13 жніўня ў 8.31 з борту “Пятра Вялікага” назіралі буй, заглыблены на тры мэтры, дыямэтрам каля 70 см, афарбаваны ў сьветла-зялёны колер. Прыблізна ў той самы час рэхалот паказаў зьмяншэньне глыбіні пад кілем з 104 да 84,86 м. 13 жніўня ў 18.15 падводны апарат АС-34, спушчаны пад ваду з выратавальнага судна “Міхаіл Рудніцкі”, выявіў засьветку на экране рэхалякатара. У 18.32 апарат выканаў аварыйнае ўсплываньне — ударыўся аб стабілізатар “Курску”.
Чаму ня ўсплыў
сыгнальны буй
Прадугледжанае праектам і ўстаноўленае на “Курску” аварыйна-інфармацыйнае прыстасаваньне, якое ў выпадку аварыі на падлодцы павінна аўтаматычна ўсплыць, сваёй місіі ня выканала.
Сыгнальны буй пасьля пад’ёму атамаходу быў знойдзены на сваім штатным месцы. Ён быў спраўны, аднак сыгнал на спрацоўваньне ў момант катастрофы на яго не паступаў. У прыладзе кіраваньня выпускам, знойдзенай у завалах трэцяга адсеку, адсутнічаў на штатным месцы ключ пуску, што і сталася асноўнай прычынай неспрацоўваньня аварыйна-сыгнальнага буя.
Камандзір групы сувязі перад выхадам “Курску” ў паход 10 жніўня абавязаны быў уставіць на штатнае месца ў выпускной прыладзе ключ пуску. Гэтага зроблена не было.
— Можа, я ведаю прычыну, — адгукнуўся Анатоль Рудакоў, бацька загінуўшага на “Курску” Андрэя Рудакова, капітана 3 рангу, камандзіра БЧ-4. — Гэты самы буй папсаваў ім крыві, яшчэ калі ў Міжземку хадзілі. Тая яшчэ тэхніка! Толькі і думалі, каб часам не згубіць. Здаралася, буй нават прыварвалі, якая ўжо тут аўтаматыка…
Камандзір БЧ-4, нягледзячы на зробленыя ім у вахтавым журнале 8, 9, і 10 жніўня запісы пра гатоўнасьць асабовага саставу часьці і ўсіх сродкаў сувязі да бою і паходу, не пракантраляваў дзеяньняў свайго падначаленага, дапусьціўшы выхад падводнай лодкі ў мора з адключаным буем.
Гэтыя акалічнасьці ўскладнілі пошук “Курску” ў Баранцавым моры і выратавальную апэрацыю.
Што замінала адчыніць аварыйны люк
З-за памылковых дзеяньняў камандуючага флётам адмірала Папова, пад чыім непасрэдным кіраўніцтвам праходзілі вучэньні 10—12 жніўня, няправільнай ацэнкі сытуацыі ягонымі падначаленымі, “Курск” быў абвешчаны аварыйным толькі ў 23.30 12 жніўня — са спазьненьнем на 9 гадзінаў. А выяўлены ў нерухомым стане на грунце быў праз 31 гадзіну пасьля гібелі.
І гэта пры тым, што ў непасрэднай блізкасьці ад “Курску” знаходзіліся 5 падводных лодак, 18 надводных караблёў, 22 самалёты, 11 гелікоптэраў, 10 берагавых часьцей.
Выявіць “Курск” на грунце ўдалося прыкладна ў 18.30 13 жніўня пры апусканьні апарата АС-34. Згодна з паказаньнямі камандзіра АС-36 А.І.Калугіна, ягоны апарат браў удзел у выратавальных работах толькі ў пэрыяд з 13.45 да 17.50 19 жніўня. За гэты час было зроблена пяць спроб сесьці на аварыйна-выратавальны люк дзявятага адсеку падводнай лодкі. Тры разы яны спрабавалі сесьці на камінгз-пляцоўку і адпампаваць ваду з камэры прысосу. Аднак намаганьні былі безвыніковымі.
АС-36 быў пабудаваны шэсьць год таму, і 18 жніўня пры апусканьні на глыбіню 110 м апарат пад ціскам дзесяць атмасфэр пачаў прапускаць ваду — з-за негермэтычнасьці ў клапане сыстэмы асушэньня, замяшчэньня і дыфэрэнтоўкі. З моманту дзяржаўных выпрабаваньняў у 1996 г. гэты апарат увогуле не спускаўся пад ваду, таму магчымасьці выявіць няспраўнасьць не было.
14 жніўня ў выніку некампэтэнтных дзеяньняў службовых асоб Паўночнага флёту пры спуску АС-34 ва ўмовах шторму з-за ўдараў аб борт “Міхаіла Рудніцкага” пабілася навігацыйнае абсталяваньне на апараце, а сам ён быў выведзены са строю. 16 жніўня зь “Міхаіла Рудніцкага” на “Пётар Вялікі” была перададзеная тэлеграма: “Для рамонту АС-34 патрэбны: ключы развадныя, тарцовыя ад 5 да 24 мм — 5 камплектаў, два ручныя дрылі са сьвердламі ад 2 да 16 мм — 2 камплекты, расходны матэрыял параніт 0,5—5 мм — 10 лістоў, гума 0,1 мм і больш — 10 лістоў, ПГВ-2 (гідраўліка) — 100 кг”. Усё пералічанае, на думку экспэртаў, мусіць быць на выратавальным караблі.
Рэальная магчымасьць “прысмактацца” да падлодкі АС-34 меў толькі 17 жніўня, калі апаратам кіраваў капітан 3 рангу Шолахаў, і АС-36 — 19 жніўня, калі апаратам кіраваў капітан 2 рангу Перцаў. Ва ўсіх астатніх выпадках выратавальныя апараты занадта доўга “наводзілі на цэль”, ад чаго разраджаліся акумулятарныя батарэі.
За што пазбыліся пасад адміралы Моцак і Папоў
Згодна з заключэньнем арганізацыйна-тактычнай экспэртызы ад 1 лістапада 2001 г., камандуючы Паўночным флётам адмірал У.Папоў, начальнік штабу флёту віцэ-адмірал М.Моцак і начальнік упраўленьня баявой падрыхтоўкі віцэ-адмірал Ю.Баяркін парушылі мэтодыку правядзеньня вучэньняў — на другім іх этапе караблі і авіяцыя не выконвалі тактычных дзеяньняў. Мелі месца толькі баявыя стрэльбы, што зьяўляецца парушэньнем дзейных патрабаваньняў. Разьмяшчэньне камандных пунктаў “усходніх” і “заходніх” на адным караблі выключала якое-небудзь навучаньне. Камандуючы флятыліяй віцэ-адмірал А.Бурцаў наагул ня ведаў, што ён — камандзір “усходніх”. Шэраг справаздачных дакумэнтаў з подпісамі згаданых вышэй службовых асоб выклікае сумнеў. Як гаворыцца ў заключэньнях экспэртызы, дакумэнты “ўтрымліваюць подпісы службовых асоб, якія адрозьніваюцца ад выкананых раней іншых подпісаў гэтых жа асоб…” А гэта ж дакумэнты, якія характарызуюць паўнату і якасьць адпрацоўкі экіпажам “Курску” спэцыяльных і курсавых задач, выкананьне рэглямэнтных праверак падчас эксплюатацыі тарпэднага абсталяваньня, і нават дакумэнты аб допуску да прыёму і абслугоўваньня тарпэдаў.
Дзе і як рыхтавалі “тоўстую” тарпэду для “Курску”
Загружаная на “Курск” 3 жніўня 2000 г. практычная тарпэда калібру 650 мм адносілася да цеплавых тарпэд, што маюць энэргетычную ўстаноўку, дзе ў якасьці акісьляльніку выкарыстоўваўся перакіс вадароду. Яна была выраблена на АТ “Машзавод” (Алма-Ата) у 1990 г. Агульны тэрмін службы тарпэды — да 20 год, сярэдні рамонт — праз 10 год. З моманту вырабу гэтая тарпэда на падводныя лодкі не выдавалася і для практычнай стральбы не выкарыстоўвалася.
Тэрмін захаваньня працаздольнасьці гуматэхнічных дэталяў, якія кантактуюць зь перакісам вадароду, пры захоўваньні цеплавых тарпэд у сабраным выглядзе абмежаваны. Зьвесткі пра ўстаноўку гумавых дэталяў павінны быць пазначаныя ў дадатку да фармуляру тарпэды. Аднак ён адсутнічае — нібыта “зьнішчаны выбухам”.
У асобных камплектуючых абсталяваньня тарпэды былі перавышаны дапушчальныя тэрміны службы. Паводле розных ацэнак — ад году да шасьці. У 2000—2001 г. у часе кантрольных праверак выяўлена, што ў працэсе падрыхтоўкі, абслугоўваньня і захоўваньня тарпэд калібру 650 мм на Паўночным флёце дапускалася паўторнае выкарыстаньне ўшчыльняльных кольцаў. Зафіксаваны выпадкі працечак перакісу з рэзэрвуара акісьляльніку ў месцах ушчыльненьня і праз засьцерагальныя клапаны з прычыны ўстаноўкі няштатных пракладак. На вонкавай паверхні рэзэрвуараў акісьляльніку ў месцах зварных швоў меліся ракавіны глыбінёй да 5 мм. На паверхні асобных тарпэдаў назіраліся сьляды карозіі. Не выконваліся прадугледжаныя інструкцыяй праверкі электрычнага ланцуга ад сыгналізатара ціску баявых і практычных тарпэдаў, а таксама сыстэмы дэгазацыі і спрацоўваньня сыгналізатара.
Што вядома пра падзеі на “Курску” перад выбухам
У завалах другога і трэцяга адсекаў былі знойдзеныя вахтавыя журналы і шмат іншай службовай дакумэнтацыі. Нават захаваліся папяровыя (!) стужкі самапісцаў у рубцы гідраакустыкаў.
Пры аглядзе пятага, рэактарнага, адсеку на пульце ГЭУ знойдзены ў поўнай захаванасьці кантрольны журнал устаноўкі правага борту і два — за 1999 і 2000 г. — вахтавыя журналы ГЭУ левага борту.
Было выяўлена некалькі запісак, пакінутых падводнікамі ў перадсьмяротныя гадзіны.
Аднак ніводзін са згаданых дакумэнтаў і сродкаў тэхнічнага кантролю, паводле заключэньня сьледзтва, не дае адказу на пытаньне пра прычыны катастрофы.
Запісы ў чарнавым вахтавым журнале “Курску” абрываюцца на 8-й раніцы: на вахту заступіла новая баявая зьмена, а ў яе — свой журнал. Яго выявіць не ўдалося. Затое тамсама, на трэцім насьціле другога адсеку, знайшлі чыставы журнал — сьціслы варыянт запісаў, перанесеных з чарнавога.
У 6.20 раніцы 12 жніўня дадзена каманда “Тэрміновае апусканьне” — гэта апошняе, што значыцца ў ім.
Апошні запіс у журнале посту кіраваньня рэактарам правага борту вахтавы афіцэр зрабіў у 8.50. Ягоны напарнік, апэратар посту кіраваньня левым рэактарам, быў больш патрабавальны да сябе. Менавіта яму належыць апошняе дакумэнтальнае сьведчаньне пра сытуацыю на падводнай лодцы да выбухаў. Запіс у журнале “Заўвагаў няма” зроблены 12 жніўня ў 11.15. Вяліся журналы са значнымі парушэньнямі. Шмат якія абавязковыя зьвесткі, што тычацца плаваньня і дзеяньняў экіпажу падчас вучэньняў, там адсутнічаюць. Няма запісаў аб прыбыцьці на борт цывільнага спэцыяліста заводу “Дагдызэль” і прадстаўніка ваеннай прыёмкі.
Пры аглядзе папяровай стужкі ў рэгістравальнай прыладзе гідраакустыкаў, выяўлена, што апошняя інфармацыя, якая захавалася на самапісцы (на 10.12 12 жніўня), сьведчыць пра пачатак павароту лодкі на курс каля 320 градусаў з хуткасьцю 6 вузлоў на глыбіні 16—18 м. Тая частка папяровай стужкі, якая знаходзілася між верхнім і ніжнім (прыёмным) барабанамі і магла б зьмяшчаць інфармацыю на момант катастрофы, зьнішчана падчас аварыі.
Чаму было неабходна падняць першы адсек
Спэцыяльна створаная камісія вуснамі свайго кіраўніка Ільлі Клябанава пасьля доўгіх ваганьняў і адтэрміновак вынесла вэрдыкт: тарпэда. Уся справа ў ёй. Прычым не баявая. І ня тая, добра вядомая падводнікам электрычная УСЭТ-80, што атрымала на заводзе “Дагдызэль” удасканаленую акумулятарную батарэю і якую экіпаж зьбіраўся выпрабаваць на другім залпе — сьледам за “таўстушкай”. Менавіта з гэтай прычыны на борце “Курску” апынуліся вядучы канструктар заводу Мамед Гаджыеў і прадстаўнік ваеннай прыёмкі Арнольд Барысаў.
Разбураныя часткі гэтай тарпэды выяўлены ў завалах другога-трэцяга адсекаў. Парэшткі старшага лейтэнанта Арнольда Барысава і яшчэ 58 членаў экіпажу вынуты адтуль жа. Таго, што засталося ад Мамеда Гаджыева, знойдзена не было. Ён, а таксама матросы Іван Няфедкаў, камандзір аддзяленьня тарпэдыстаў, і мэханік БЧ-2 Дзьмітры Каткоў знаходзяцца ў насавой частцы першага адсеку, якая засталася на дне. Адгаворкі, што іхныя целы цалкам згарэлі, спэцыялістаў не пераконваюць. Фарба, якая захавалася на фрагмэнтах адсечнага абсталяваньня, некранутыя агнём дакумэнты — як гэта стыкуецца з заявамі пра пажар з тэмпэратурай у некалькі соцень градусаў?! Толькі пад’ём першага адсеку можа даць дакладны адказ, у якім стане цяпер баявыя тарпэды, чаму пры першым выбуху аказаліся разбуранымі 4-ы і 2-і тарпэдныя апараты, а ня 6-ы, які знаходзіцца проста над чацьвёртым і, калі трымацца афіцыйнае вэрсіі, павінен быў пацярпець ня менш за 2-і. Выказваецца меркаваньне, што мела месца знадворнае ўзьдзеяньне зь левага борту і ніжэй за ватэрлінію. Ні пацьвердзіць гэта, ні абвергнуць без пад’ёму першага адсеку немагчыма.
Загадана верыць, што тарпэда ўзарвала сябе
зь сярэдзіны
12 жніўня ў 11.28 на “Курску”, сьцьвярджаецца ў акце ўрадавай камісіі, узарвалася перакісна-вадародная тарпэда. Узарвалася яна ў трубе тарпэднага апарата №4, куды была загружана для падрыхтоўкі да стрэлу раніцай таго самага дня.
З гэтым рэзюмэ сьледзтва згаджаецца. Хоць у дэталях пазыцыі разыходзяцца.
Так, у акце ўрадавай камісіі сьцьвярджаецца, што “выбух кампанэнтаў паліва практычнай тарпэды ў трубе тарпэднага апарата №4 выкліканы ўзьнікненьнем працечак пераксіду вадароду з рэзэрвуара акісьляльніку тарпэды празь няшчыльныя месцы зварных швоў ці ўшчыльняльных пракладак і ўзгараньнем немэталёвых прадмэтаў ў кальцавым зазоры тарпэднага апарата”. А ў заключэньні комплекснай камісійнай выбухатэхнічнай экспэртызы, праведзенай у Інстытуце крыміналістыкі ФСБ РФ, пра тое самае сказана куды больш абцякальна і няпэўна: “Цэнтар выбуху, які пацягнуў за сабой першасныя разбурэньні канструкцыі АПРК “Курск”, знаходзіўся ў міжбортнай прасторы і лякалізаваны ў месцы разьмяшчэньня практычнай перакіснай тарпэды… Прычынай выбуху не зьявілася знадворнае ўзьдзеяньне на канструкцыю практычнай тарпэды калібру 650 мм №1336А ПВ, якая знаходзілася ўсярэдзіне тарпэднага апарата, іншародных целаў, разьмешчаных па-за лёгкім корпусам лодкі, ці выбуху міны. Канкрэтызаваць мэханізм узьнікненьня крыніцы першаснага імпульсу не ўяўляецца магчымым…”
Гэтая экспэртыза завершана 19 ліпеня 2002 г. А 22 ліпеня старшы сьледчы па асабліва важных справах Галоўнай ваеннай пракуратуры падпалкоўнік юстыцыі А.Л.Егіеў ужо падпісаў выніковы дакумэнт расьсьледаваньня — амаль 200-старонкавую пастанову пра спыненьне крымінальнай справы. З амаль стандартнай фармулёўкай — з-за адсутнасьці складу злачынства…