На тыдні

 

Хто падслухаў Лябедзьку

Прэс-сакратар КДБ Хведар Котаў адмаўляе дачыненьне гэтай службы да зьяўленьня запісу тэлефоннай размовы Барыса Нямцова і Анатоля Лябедзькі ў СМІ. Адказваючы на пытаньне “НН”, ці мае Камітэт неабходныя тэхнічныя магчымасьці, каб зрабіць такі запіс, Х.Котаў сьцьвердзіў, што “КДБ валодае неабходным арсэналам, людзкімі і тэхнічнымі рэсурсамі, каб раскрыць любое злачынства супраць дзяржавы”. “Нам ёсьць з кім працаваць і каму працаваць”, — сказаў ён.

А.Лябедзька абвінаваціў беларускія спэцслужбы ў правакацыі супраць яго, пасьля таго як “Советская Россия” и “Советская Белоруссия” апублікавалі запіс размовы А.Лябедзькі і Б.Нямцова.

Зьезд СП 24 верасьня

Рада Саюзу пісьменьнікаў прызначыла дату зьезду. Рада сабралася на мяжы кворуму — з 60 сяброў прысутнічаў 31. Аднагалосна вырашылі, што зьезд адбудзецца 24 верасьня ў Доме літаратара. Камісію па падрыхтоўцы зьезду ўзначаліў Алесь Пашкевіч, у яе ўвайшлі таксама С.Законьнікаў, Г.Далідовіч, М.Скобла і Б.Пятровіч. Рада перахапіла ініцыятыву ў альтэрнатыўнага “аргкамітэту” на чале з акадэмікам Гніламёдавым. Ягоныя прыхільнікі, дарэчы, і спрабавалі сарваць кворум.

Козік у Іраку

Прафбос Леанід Козік зьяўляецца яшчэ й сустаршынём беларуска-ірацкай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўнцтве. Таму ён наведаў Ірак і 2 верасьня сустрэўся з Садамам Хусэйнам. Пра мэты візыту МЗС адказвае няпэўна. Тым часам ЗША працягваюць рыхтавацца да вайсковае апэрацыі па скіданьні Хусэйна. Нямеччына пакуль выказваецца супраць.

Пасольства Ізраілю
не зачыняецца

Прэм’ер Ізраілю Шарон падпісаў распараджэньне не зачыняць амбасады гэтае краіны ў Беларусі.

Амэрыканскія лякатары
ў Дзьвінску

Да канца 2002 г. ЗША разгорнуць магутную радыёлякацыйную станцыю пад Дзьвінскам. Яна будзе здольная адшукваць хуткасныя цэлі, у тым ліку боегалоўкі ракет. Ствараецца яна на базе былога савецкага аб’екту, працаваць на ёй будуць амэрыканскія спэцыялісты. Міністэрства абароны Расеі выказала Латвіі пратэст.

Праграма разьвіцьця “Беларуськалію”

Прэзыдыюм Савету міністраў ухваліў праграму разьвіцьця “Беларуськалію” да 2010 г. Яна прадугледжвае прыцягненьне інвэстыцый на 989,4 млн. даляраў. Летась паступленьні ад паставак калійных угнаеньняў на экспарт склалі 463,4 млн. даляраў. Рэнтабэльнасьць вытворчасьці — 30,3%. З раней заплянаваных на 2000—2001 г. інвэстыцый памерам 236,7 млн. даляраў удалося прыцягнуць толькі 168,7 млн.

Мірны ў чвэрцьфінале

Макс Мірны дайшоў да чвэрцьфіналу турніру US Open.

45% нафтапрадуктаў — кантрабанда з Расеі

Урад ухваліў праект дэкрэту прэзыдэнта “Пра дадатковыя меры па змаганьні зь незаконным абарачэньнем нафтапрадуктаў”. Дакумэнт падрыхтавалі пасьля таго, як падаткавікі выявілі, што 45% ад агульнае колькасьці ўвезеных нафтапрадуктаў складае кантрабанда Расеі.

Рост грашовай масы абагнаў рост цэнаў

Аб’ём грашовай масы ў краіне вырас за першае паўгодзьдзе на 28,6% пры росьце спажывецкіх цэнаў на 20,2% і склаў 1,6 трлн. руб. Зь іх гатоўкай — 583,2 млрд. руб. (яе колькасьць вырасла толькі на 13,9%), а доля ў агульным аб’ёме грашовай масы зьменшылася на 36,3%. Рэшта — безнаяўныя грошы.

Дранчук справабаў сфатаграваць Лукашэнку

Актывіст апазыцыі Цімох Дранчук спрабаваў сфатаграфаваць, як старэйшы сын Лукашэнкі выяжджае на службовым “Мэрсэдэсе” з элітнага дому на пр.Машэрава, ля дзяржаўнай рэзыдэнцыі “Дразды”. Аднак супрацоўнікі Службы бясьпекі, паводле словаў Дранчука, забралі ў яго дыскету з здымкамі.

Курорт на Зайцавай паляне

Гарналыжная траса будзе створаная ля Раўбіч, у раёне ўзвышша “Зайцава паляна”. У праекце таксама паўкілямэтровы ліфт-пад’ёмнік, паркінг на дзьве тысячы машынаў, рэстарацыі, кемпінгі, падсьвятленьне, плястыкавае пакрыцьцё замест сьнегу на лета. Кошт трасы — пад мільён даляраў. Асноўны інвэстар — аўстрыйская фірма “Sport Consulting Company”, з кіраўніцтвам якой вёў перамовы асабіста А.Лукашэнка. Раўбіцкі гарналыжны курорт мае замяніць беларусам альпійскія.

Радыяцыя робіцца мінулым

Урад скараціў сьпіс населеных пунктаў, забруджаных радыяцыяй. 150 гарадоў і вёсак цяпер лічацца чыстымі, іхныя жыхары страцілі права на льготы і адсяленьне.

Новая сетка БТ

Кіраўнік БТ Ягор Рыбакоў абяцае маштабныя рэформы на канале, пачынаючы з новага сэзону, які адкрыецца 21 верасьня. Скароціцца “Панарама”, дададуцца “Навіны” а 23-й. Пачне працаваць “Начны этэр” да 3-й ночы, а ў ім упершыню на БТ — лёгкая эротыка. Новым дэвізам БТ будзе: “Першы нацыянальны. Тэлебачаньне тваёй краiны”.

Змаганьне за клясу

Пад пагрозаю закрыцьця — беларуская кляса ў менскай СШ №181. Адміністрацыя спасылаецца на яе малакамплектнасьць (11 чалавек) і прапануе вучням перайсьці ў расейскамоўныя клясы. Дзеці — супраць. Сёлета да клясы далучыліся яшчэ 4 чалавекі, якія раней вучыліся па-расейску. Паводле нормаў, гэтага ўсё ж замала.

Гіганцкая аўтакатастрофа пад Крупкамі

У аўтакатастрофе пад Крупкамі на трасе Менск—Масква сутыкнуліся 16 аўтамашынаў. Загінулі 9 чалавек, столькі ж параненыя. Здарэньне супала з рашэньнем Міністэрства транспарту павялічыць дапушчальную хуткасьць на асобных кавалках гэтай аўтастрады з 110 да 120 км у гадзіну.

Паводле інфармацыі БелаПАН, радыё “Свабода” і ад ул.кар.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0