Пачуцьцёвая Эўфрасіньня

Навукова-вытворчае аб’яднаньне “Агат”, што вырабляе вайсковую высокатэхналягічную прадукцыю, зафундавала скульптурную кампазыцыю, прысьвечаную Эўфрасіньні Полацкай. Гэта будзе другі ў Беларусі помнік асьветніцы: першы паўстаў колькі гадоў таму ў дворыку Белдзяржунівэрсытэту.

Стаяць амаль 4-мэтровы помнік будзе ля прахадной “Агату” — на праспэкце Скарыны, недалёка ад Маскоўскага аўтавакзалу.

Стварыў Эўфрасіньню скульптар Анатоль Арцімовіч, які праектаваў Курган Славы пад Менскам, помнікі Рагнедзе й Ізяславу ў Заслаўі, князю Барысу ў Барысаве. Паводле ягоных словаў, у 1999 г. кіраўнік “Агату” Мікалай Ільясаў прапанаваў фінансавую падтрымку: “Зь ягонай дапамогай я вырашыў зрабіць падарунак Менску да свайго 60-годзьдзя. Скульптура сьвятой Эўфрасіньні была адлітая ў 2000 г. Вяліся перамовы, каб паставіць яе ў праваслаўнай царкве сьвятой Эўфрасіньні Полацкай на вуліцы Прытыцкага”.

Аднак, паводле словаў А.Арцімовіча, там помнік не ўпадабалі. Эўфрасіньня трапіла на палігон “Агату”, дзе і знаходзілася да апошняга часу. Зварот да галоўнага архітэктара Менску А.Чадовіча вялікага плёну ня даў: “Ён адказаў, што абавязкова знойдзе месца для скульптуры. І мне прапанавалі на выбар тры пляцоўкі — але толькі з устаноўкай помніка ў 2005 г. Тады сп.Ільясаў надумаў паставіць помнік каля прахадной “Агату”. Яго падтрымаў менскі гарвыканкам і асабіста мэр Паўлаў”.

Чаму ж праваслаўная царква адмовілася ад выявы беларускай сьвятой? На думку намесьніка генэральнага дырэктара НВА “Агат” Барыса Макарчанкі, гэта адбылося з-за дужа “сьвецкага ўвасабленьня” Эўфрасіньні Полацкай: “Там яна паказаная якраз у час прыняцьця рашэньня аб манастве. На ёй ужо манаская вопратка, з-пад якой яшчэ відаць княскае ўбраньне. І наагул, атрымалася вельмі зямная маладая пачуцьцёвая жанчына”.

Сфатаграфаваць пачуцьцёвую Эўфрасіньню нам не дазволілі — маўляў, помнік цяпер ляжыць і ня робіць такога моцнага ўражаньня. Дый чакаць засталося нядоўга: адкрыцьцё заплянаванае на сярэдзіну верасьня.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0