Івашкевіча апраўдаюць “пасьля рэвалюцыі”

12 верасьня суд Першамайскага раёну Менску распачаў слуханьне крымінальнай справы Віктара Івашкевіча, рэдактара газэты “Рабочы”, аднаго з кіраўнікоў БНФ і свабодных прафсаюзаў. 22 жніўня 2001 г. у спэцвыпуску “Рабочага” мусіў быць надрукаваны артыкул “Злодзей павінен сядзець у турме”, прысьвечаны Аляксандру Лукашэнку. Увесь наклад быў канфіскаваны ўладамі й да чытача ня трапіў, аднак па факце публікацыі была заведзеная крымінальная справа. У чэрвені 2002 г. В.Івашкевіч быў абвінавачаны ў “паклёпе на прэзыдэнта” (артыкул 367, ч.2), у “публічнай зьнявазе прэзыдэнта” (арт. 368, ч.1, 2), у “замаху на злачынства” (арт. 14). Яму пагражае 5 гадоў зьняволеньня. Судовы працэс, што пачаўся ў сераду, праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Судзьдзя запатрабавала ад замежных дыпляматаў, праваабаронцаў, журналістаў пакінуць залю. Ходзяць чуткі, што судзьдзя мае намер скончыць працэс як найхутчэй.

Напярэдадні адкрыцьця судовага працэсу Віктар Івашкевіч адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.

“НН”: Ад некаторых заходніх экспэртаў даводзілася чуць, нібы “Маркевіч і Івашкевіч самі вінаватыя ў тым, што трапілі ў сёньняшнюю сытуацыю”. Як бы вы гэта пракамэнтавалі?

Віктар Івашкевіч: Мы ведалі, якой працай заняліся, ведалі, што ўлады ня любяць апазыцыйнасьці. У гэтым сэнсе, натуральна, самі вінаватыя. Ведалі, што крытыка прэзыдэнта небясьпечная.

“НН”: Якога прысуду Вы чакаеце? Ці ёсьць надзея, што суд Вас апраўдае?

В.І.: Я ня веру, што суд мяне можа апраўдаць. Бо апраўдаць мяне — значыць прызнаць, што ўсё напісанае ў газэце пра Лукашэнку — праўда. Апраўдаюць, хіба калі да часу вынясеньня прысуду адбудзецца рэвалюцыя і зьменіцца ўлада. А так, думаю, што працэс хутка ня скончыцца — разгляд справы будуць цягнуць. І атрымаю, напэўна, ня болей за Маркевіча.

“НН”: Нядаўна, баючыся за сваю бясьпеку, зьехаў за мяжу актывіст “Маладога фронту” Вадзім Кабанчук. Як бы Вы ацанілі ягоны ўчынак? Ці не ўзьнікалі ў Вас думкі пра эміграцыю?

В.І.: Не ўзьнікалі. Каб я хацеў — зьехаў бы ў любы момант. Тут праблемы няма. Заставацца тут — мой выбар. Але не з пазыцыі пакутніцтва ці ахвярнасьці. Мне тут падабаецца. А асуджаць кагосьці не бяруся — гэта іх выбар.

“НН”: Як бы Вы ацанілі сёньняшнюю сытуацыю ў БНФ “Адраджэньне”?

В.І.: Галоўнае — ажывіць дзейнасьць БНФ: гэта і ўдзел у мясцовых выбарах, і кампанія ў абарону незалежнасьці. У канцы восені актывізацыя станецца відавочнай. Падрыхтавана ўжо 200 кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Фронтаўскія кандыдаты пойдуць да простых людзей, да выбарцаў, не хаваючы сваёй прыналежнасьці да БНФ. І мусяць тлумачыць людзям нашую пазыцыю. Гэта аб’ектыўна ўзмацняе становішча Народнага фронту.

“НН”: Апошнім часам усё часьцей галоўным абаронцам незалежнасьці Беларусі называюць Аляксандра Лукашэнку...

В.І.: Кожны чалавек мае права выбару. І кожны можа ў любы момант пераасэнсаваць сваю дзейнасьць. Такі шанец ёсьць і ў Лукашэнкі — калі ён публічна пакаецца і павядзе краіну ў іншы бок. Але Беларусь павінна інтэгравацца ці з Расеяй, ці з Захадам, бо проста боўтацца немагчыма. Калі ж Лукашэнка не пачне рух на Захад, то непазьбежна яго будзе цягнуць на ўсход, нават насуперак яго жаданьню.

“НН”: Які лёс чакае газэту “Рабочы”?

В.І.: Газэта зноў пачне выходзіць у канцы верасьня. Частка журналістаў сышла — людзям трэба неяк жыць. Але на сёньня сытуацыя з рынкам журналістаў у Беларусі такая, што былі б грошы...

Гутарыў А.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0