Героі і “ўроды”

Дыскусія, якая разгарнулася ў “НН” з падачы С.Дубаўца (а мусіла насамрэч пачацца ад Акудовічавага “Бяз нас”), не зьяўляецца спрэчкай пра факты. Факты вядомыя, мы іх ня проста ведаем, мы іх разам пражылі за апошнія дзесяць год. О, гэта былі гераічныя часы! І ніхто з нас не сумняваўся, што менавіта мы ў іх былі героямі.

Гераізм – дзіўная рэч. Ён існуе, пакуль ты не сумняешся, што ты герой. А ледзьве паўстае сумнеў (а мо гэты ты – для кагосьці – урод, блазан, марыянэтка?!), усялякі гераізм сканчаецца. Пачынаецца мысьленьне.

Дыскусія, фармальнай тэмай якой выступае пытаньне, падтрымліваць рэжым у ягонай абароне беларускай незалежнасьці ці не, толькі вывела на паверхню шматлікія сумневы беларускага грамадзтва апошніх год. І самы галоўны сумнеў – ці варта ўвогуле жыць у краіне (і ў сьвеце) у якой існуюць толькі героі і ўроды. А можа сьвет крыху больш складаны? А можа ў краіне – побач з двума вышэйназванымі катэгорыямі – жыве яшчэ безьліч іншых людзей – суседзі, сябры, калегі, суграмадзяне, паэты, мянты, настаўнікі, пэнсіянэры. А можа гэта насамрэч іх краіна? А можа гэта ад нас яны бароняцца апошнія дзесяць гадоў усімі магчымымі спосабамі, – і ад сваіх герояў, і ад сваіх уродаў? Ад тых, што апошнія сем гадоў вядуць бязьлітасную вайну на зьнішчэньне і спрабуюць уцягнуць у гэтую вайну ўсю краіну…

Калі мяне пытаюцца – на чыім ты баку? – я звычайна адказваю: на баку дэрвішаў, мянтоў, паэтаў і пэнсіянэраў. На баку тых, хто падтрымлівае не Лукашэнку альбо апазыцыю, а саму краіну – усе разам і кожны па-свойму.

Бо Беларусь – рэальная, сёньняшняя Беларусь – гэта адзіны магчымы кансэнсус, які ў нас ёсьць. На першы погляд, гучыць банальна, бо хто ж вам скажа, што выступае супраць усёй краіны. Кожны з бакоў сёньняшняга канфлікту (унутранага) змагаецца нібыта з чымсьці канкрэтным – “антыдэмакратычным рэжымам” і “дыктатарам”, альбо з “прадажнымі марыянэткамі”, “нацыяналістамі”, “адмарожанымі”. І кожны з бакоў выключае свайго апанэнта як “чужога” з гэтай прасторы. А паколькі за кожным стаіць пэўная частка беларускага грамадзтва, пэўны кавалак гісторыі, пэўныя міты, – дык у выніку сама Беларусь – бяз нас, альбо бязь іх, – непазьбежна стаецца абсечанай і ўбогай.

Гэты ўнутраны канфлікт, ціхая грамадзянская вайна, якая ідзе апошнія пяць-сем гадоў і ў якой паўсталі дзьве розныя Беларусі, мае свае карані ў гісторыі. Бо той тып новай “беларускай” культуры, якая паўстала пасьля 1986 г., мае мала супольнага з “гнілой хаткай” Багушэвіча і з народніцкім праектам вызваленьня вёскі пачатку XX ст. “Наша” беларушчына – паводле базавых мітаў, псыхалёгіі, мэнтальнасьці – гэта “ліцьвінства”, шляхецкая “высокая” культура, перапісаная па-беларуску. Менавіта таму мы адчуваем сябе “дома” ў Міцкевіча альбо сярод віленскага барока і з пагардай крывім насы на “калхоз” і “хамскую ўладу”.

Лукашэнка ж зь ягоным “калхозам”, зь ягоным “рыначным сацыялізмам” – лягічны працяг “лініі Багушэвіча” і ўвогуле беларускага праекту пачатку XX ст. Ён мае такія самыя правы на традыцыю і на “беларускую ідэю”. І тое, што робіцца “рэжымам” апошнія сем год – зусім не “маразм” і не “калхоз”, а лягічная і пасьлядоўная спроба рэалізацыі “народніцкіх” ідэалаў у новых умовах глябальнага капіталізму. Гэта адчайная спроба беларускага “мужыка” выжыць у сваёй “гнілой хатцы” – побач з “МакДональдзам”, – пакуль эліты пра дэмакратыю спрачаюцца, сьцягамі махаюць і аб правапісе дыскутуюць. Выжыць, новую хатку пабудаваць, а потым і дзетак у школу да Янкі Здольніка выправіць, – ды каб было яшчэ чым гэтаму Янку за навуку заплаціць.

Можна колькі заўгодна іранізаваць пра трактары “Беларус”, але жахлівая праўда сёньняшняга глябальнага сьвету ў тым, што “высокая” беларуская культура будзе сыстэмна існаваць у нашай краіне датуль, пакуль нашыя “калхозьнікі” гэтыя самыя трактары ў Альжыр прадаюць.

Выйсьце з сытуацыі ўнутранага канфлікту мне бачыцца не ў капітуляцыі і не ў перамозе аднаго з бакоў. Мы розныя і мусім заставацца рознымі. Гэтая рознасьць будзе характэрнай рысай беларускай гісторыі бліжэйшыя 30–50 гадоў. Выйсьце – у адмове ад снабісцкага стаўленьня да рэальнай Беларусі. Выйсьце – у вынясеньні па-за межы палітыкі, у плоскасьць грамадзкага кансэнсусу, такіх рэчаў, як краіна (яе незалежнасьць, патрыятызм), мова, культура, дабрабыт усіх разам і кожнага паасобку. Бо самая вялікая “беларуская вайна” апошніх дзесяці гадоў – не за дэмакратыю альбо супраць яе. Гэта вайна супраць таго жабрацтва, у якім мы ўсе апынуліся на руінах савецкай цывілізацыі.

Таму інтэлігенцыя ў палітыцы (вядома, частка інтэлігенцыі) можа быць толькі трэцяй сілай, арбітрам, які адсочвае правілы гульні і не дазваляе “гульцам” пераходзіць на мардабой, узаемную зьнявагу і ўзаемнае зьнішчэньне. На жаль, у рэальнасьці рэалізаваць гэтую ролю надзвычай цяжка.

Тое, што мы называем “пазіцыяй інтэлігенцыі” можа выявіцца і стацца публічным фактам толькі тады, калі яна будзе агучаная ў мэдыях. Але сёньняшнія мэдыі зрасьліся з “палітыкай” і маюць з сытуацыі “вялацякушчага мардабою” свае дывідэнды. Яны ўспрымаюць інтэлігенцыю толькі як інструмэнт, з дапамогай якога можна вырашаць свае ўласныя задачы. І калі нават уявіць сабе нейкі сцэнар, які мог бы быць праінтэрпрэтаваны публічна як пазыцыя інтэлігенцыі, ды гэта будзе мабілізацыя паліттэхнолягамі 5–6 “інтэлігентаў” – з таго альбо іншага боку – якія б агучылі падтрымку для “бязлітаснага змаганьня”.

Ігар Бабкоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0