Very АБСЭt

Занепакоеная разьвіцьцём падзеяў у Беларусі пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 г., Пастаянная рада АБСЭ ў верасьні 1997 г. зацьвярджае мандат кансультатыўна-назіральнай групы для Беларусі. Яна мусіла “кансультаваць” урад у пытаньнях пабудовы дэмакратычных інстытутаў і назіраць, каб Беларусь выконвала міжнародныя абавязацельствы.

КНГ АБСЭ прыбыла ў Менск у красавіку 1998 г. Яе кіраўніком быў Ганс-Георг Вік, 70-гадовы нямецкі дыплямат. У мінулым — пасол ФРГ у Іране, СССР, Індыі, пры NATO і кіраўнік нямецкай выведкі BND. КНГ вяла кансультацыі з усімі палітычнымі сіламі, а Вік не прапускаў ніводнага больш-менш значнага мерапрыемства апазыцыі.

Увесну 1999 г. адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Ад АБСЭ прысутнічалі незалежныя назіральнікі. Па выніках назіраньня місія АБСЭ робіць выснову: “Выбары ў Беларусі страцілі свой дэмакратычны характар, сталі палітычным працэсам дэманстрацыі здольнасьцяў дзяржаўных структураў забясьпечыць падтрымку вялікай колькасьці насельніцтва і такім чынам дасягнуць у яго вачах дэмакратычнай легітымнасьці”.

У сярэдзіне 1999 г. КНГ АБСЭ вылучвае ідэю выхаду з канстытуцыйнага крызысу шляхам перамоваў. У чэрвені 1999 г. па ініцыятыве рабочай групы ПА АБСЭ пачаўся Бухарэсцкі працэс — палітычныя кансультацыі паміж лідэрамі апазыцыі і сябрамі няўрадавых арганізацый. У ліпені адбываюцца кансультацыі паміж Рабочай групай, КНГ і Прэзыдэнтурай у пытаньні пачатку дыялёгу паміж урадам і апазыцыяй. Мэта — “пошук дастатковых супольных падставаў для прыняцьця закону для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў з забесьпячэньнем доступу апазыцыі да СМІ, стварэньнем парлямэнту са значнымі функцыямі і паўнамоцтвамі”. Кіраўнік Рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі Адрыян Сэвэрын сустракаецца з Лукашэнкам. Адбываецца гэта напярэдадні 20 ліпеня — сканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 г. Але Сэвэрын пра тую дату маўчыць. Удзячны прэзыдэнт Беларусі абяцае правесьці ў наступным 2000 г. справядлівыя й сумленныя парлямэнцкія выбары.

21 ліпеня зь Менску празь місію АБСЭ ў Літву ўцякае Сямён Шарэцкі. 30 жніўня ён сустракаецца зь Вікам. Апошні паказвае дакумэнты аб прызначэньні групы ад улады на перамовы з апазыцыяй. Шарэцкі ж кажа, што група будзе ўсяго толькі кансультавацца з партыямі адносна ўдасканаленьня выбарчай сыстэмы. “Ні пра якія перамовы прэзыдэнт ніколі ня думаў, КНГ выдала жаданае за сапраўднае”, — кажа сьпікер апошняга Вярхоўнага Савету.

Але Шарэцкага ня слухаюць, і ў верасьні 1999 г. пачынаюцца “кансультацыі” ўлады і апазыцыі. Пасярэднікам выступае Вік. Найпершай, а ўрэшце і апошняй тэмай на іх становіцца асьвятленьне перамоўнага працэсу ў СМІ. Лукашэнка неўзабаве касуе вынікі перамоваў. Апазыцыя застаецца ў дурнях. У ёй сьпее незадаволенасьць Вікам, які, як яна мяркуе, гуляе на баку ўладаў.

Прадстаўнікі АБСЭ спрабуюць шукаць разьвязаньня “беларускага пытаньня” ў Расеі. У чэрвені 2000 г. Сэвэрын просіць Селязьнёва аб падтрымцы з боку расейскай Дзяржаўнай Думы ды асуджае беларускія партыі за адмову ад удзелу ў выбарах.

У верасьні 2000 г. канфэрэнцыя АБСЭ ў Вэне вырашае накіраваць на беларускія парлямэнцкія выбары тэхнічных назіральнікаў ад Бюро па дэмакратыі і правах чалавека. У кастрычніку пачынаецца скандал вакол “беластоцкай” заявы Віка. У кулюарах канфэрэнцыі ў Польшчы ён быццам бы заявіў: “АБСЭ цягам апошніх 6 гадоў вяла палітыку падштурхоўваньня Беларусі да Расеі, якая ўступіла на курс дэмакратызацыі, каб такім чынам дэмакратызаваць Беларусь”. Вік пасьля абвергне гэтую інфармацыю, але халадок недаверу між ім і апазыцыйнымі партыямі расьце.

Тым ня менш, кастрычніцкія выбары прызнаюца недэмакратычнымі і Вік кажа, што “Беларусь ня выкарыстала свайго шанцу”. Дзейнасьць КНГ пачынае дратаваць Лукашэнку. Ён вінаваціць групу ў выдзяленьні 70 тыс. даляраў беларускай апазыцыі. КНГ тлумачыць, што грошы былі выдаткаваныя на “забесьпячэньне назіраньня за выбарамі”. Наступ працягвае міністар Хвастоў: “У апошні час КНГ АБСЭ спрабуе стаць самастойным палітычным рычагом у Беларусі, дарма што гэта не прадугледжана мандатам місіі”, — кажа міністар. Увесну 2001 г. Вік прапанаваў расейскім назіральнікам дзейнічаць у рамках АБСЭ. У такім выпадку расейскі бок ня змог бы, пры наяўнасьці парушэньняў, у сэпаратным парадку прызнаць вынікі выбараў. Такім чынам рыхтуецца глеба для перамогі дэмакратычнага прарасейскага кандыдата. У адказ Лукашэнка 4 верасьня на сустрэчы з выбарцамі ў Палацы Рэспублікі абяцае пасьля выбараў выслаць кіраўніка КНГ АБСЭ. Гэты свой намер ён пацьвярджае ў дзень выбараў у гутарцы з прадстаўніком ПА АБСЭ Кімам Кільюнэнам. Выбары засталіся непрызнанымі ў сьвеце, назіраньне з боку АБСЭ ацаніла выбарчы працэс як недэмакратычны. Тым ня менш, пасьля выбараў беларускія ўлады адыходзяць ад адкрытага супрацьстаяньня. Яны разумеюць, што варта пачакаць зусім крыху, і Вік са сваімі супрацоўнікамі паедзе сам, бо ў кіраўніка місіі сканчаецца кадэнцыя, а ў астатніх візы. Так і сталася.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0