Альпы пад Лагойскам
Гарналыжны курорт будзе па статусе замежным прадпрыемствам
Празь месяц ва ўрочышчы Зайцава Паляна бліз Лагойску пачнуць будаваць новы гарналыжны комплекс эўрапейскага ўзроўню. Фiнансуюць праект аўстрыйцы: фiрма “Sport Consulting Company” ўкладае ў справу мільён даляраў. На плошчы ў 12,4 га збудуюць гарналыжную трасу даўжынёй 650 м па натуральным схiле, а таксама кэмпiнгi, рэстаран ды паркоўку на 2 тыс. аўто. Гарналыжная траса будзе абсталяваная пад’ёмнiкам (даўжынёй 550 м), якi здолее ўздымаць паўтысячы чалавек за гадзiну. Збудуюць і дзьве дзiцячыя трасы па 150 м, таксама зь лiфтамi. Прыяжджаць туды можна будзе нават летам — на схiлы пакладуць адмысловае плястыкавае пакрыцьцё, а таксама ўначы — абяцаюць зрабiць якасную падсьветку.
Той, хто ведае тыя мясьцiны, зразумее, чаму аўстрыйцы абралi менавiта Лагойшчыну для стварэньня гарналыжнага комплексу. Лагойскае ўзвышша (разам зь Менскiм) — самы высокi раён краiны (200—300 м над узроўнем мора). Непадалёк знаходзяцца й Раўбiчы. Тамтэйшы спартовы комплекс апошнiм часам пачаў актыўна заваблiваць адпачывальнiкаў, прапануючы iм катаньнi на лыжах ды санках, гатэльныя нумары, шашлыкi й г.д. Але большасьць аматараў горных лыжаў ехалі калi ня ў Альпы, дык у якое Закапанэ, бо даўжыня гарналыжнага схiлу ў Раўбiчах толькi 240 м. Хутка, вiдаць, ня трэба будзе падавацца за мяжу: дастаткова праехаць 10 км да Лагойску па шашы М3 ды адшукаць тую Зайцаву Паляну. Дый мясьцiны цiкавыя: Лагойск — дужа старое мястэчка (першыя згадкі — 1078 г.), яшчэ захавалiся замкавыя валы ды равы, а за 6 км на поўнач ад яго, паміж вёскамi Беланы й Кузевiчы, знаходзiцца цэнтар адзiнага ў Беларусi мэтэарытнага кратэру. Ён упаў 40 млн. гадоў таму, пакiнуўшы варонку дыямэтрам у 15 км, на дне якой цяпер невялiчкае возера.
Праўда, трапiць у Зайцаву Паляну, а таксама агледзець навакольныя цiкавосткi зручней, калі маеш уласнае аўто. Цi будзе новы гарналыжны комплекс месцам элiтарнага адпачынку? У аддзеле спорту Лагойскага райвыканкаму лiчаць, што “кожны беларус зможа раз на месяц дазволiць сабе горныя лыжы”. Кошт карыстаньня гарналыжнаю трасай вымяраецца сумай за карыстаньне пад’ёмнiкам ды пракат лыжаў з ботамі. У Польшчы гадзіна на пад’ёмнiку кашуе 2,5 даляра ў гадзiну, у Лагойску — паўдаляра. Комлекс будзе не дзяржаўным, а замежным прадпрыемствам, прызначаным не для спартоўцаў, а перш за ўсё для звычайных аматараў забавы.
Алесь Кудрыцкi