Тадэвуш Кандрусевіч: “У Маскве без надзеі цяжка”

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.

“НН”: Як бы Вы ацанілі сёньняшняе становішча рыма-каталіцкай Царквы ў Расеі?

Т.К.: Хоць Канстытуцыя і заканадаўства дэкляруюць усім канфэсіям роўныя правы, мы сутыкаемся зь вялікімі цяжкасьцямі. Асабліва сёлета, калі былі ўтвораныя новыя структуры. Праваслаўная царква вінаваціць нас у экспансіі на “кананічную тэрыторыю”. Мы самі супраць празэлітызму. Але трэба акрэсьліць, што пад гэтым разумеецца.

Мы лічым, што свабода сумленьня, свабода веравызнаньня грунтуецца на прызнаньні годнасьці кожнага чалавека, яго вольным выбары. А праваслаўная Царква вучыць: “Хто нарадзіўся расейцам, той праваслаўны”. Але вернікі парафій Маскоўскага патрыярхату — гэта ня толькі расейцы. Што тычыцца нашае дзейнасьці на “кананічнай тэрыторыі Маскоўскага патрыярхату”, дык Езус не падзяляў сьвету.

“НН”: Мо ў гэтым пытаньні болей палітыкі, чым рэлігіі?

Т.К.: Так, крайнія палітычныя сілы выкарыстоўваюць гэтую сытуацыю. Пскоўскі архіяпіскап Яўсевій нядаўна напісаў два жорсткія лісты: прэзыдэнту Пуціну і пскоўскаму губэрнатару. Маўляў, “няма месца каталікам на расейскай зямлі”… У Пскове касьцёл быў пабудаваны ў 1854 г., цяпер у ім школа. Мы згадзіліся пабудаваць новы касьцёл. Пасьля ліста Яўсевія ўзьніклі праблемы з будаўніцтвам…

Выдалены біскуп Ежы Мазур з Іркуцку. Нядаўна не атрымаў дазволу на візу славацкі сьвятар-пробашч у Яраслаўлі. У Хабараўскім аэрапорце быў затрыманы і высланы назад у Японію а.Яраслаў Вішнеўскі. Гэта бяда, што 85% сьвятароў прыехалі ў Расею з-за мяжы, з 22 краінаў. Дый адкуль тут узяцца сваім сьвятарам — за 81 год не пасьвяцілі ніводнага.

“НН”: У інтэрвію газэце “Фігаро” Вы адзначалі, што каталікі, у адрозьненьне ад праваслаўных ці мусульманаў, ня маюць доступу да вышэйшых эшалёнаў улады ў Расеі. Ці ёсьць надзея, што сытуацыя зьменіцца ў лепшы бок?

Т.К.: За 11 гадоў я ніводнага разу не спаткаўся з прэзыдэнтам Расеі — ні зь першым, ні з другім. На прыёмах у Крамлі прысутнічаў, але асабіста ня быў прыняты. Хоць і прасіў пра гэта. Адно ў ліпені сустракаўся з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Валошыным. Тыдзень таму, разам з прадстаўнікамі праваслаўных, мусульманаў і юдэяў, быў прыняты ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Надзея на зьмену да лепшага ёсьць. Ведаеце, у Маскве нельга без надзеі, вельмі цяжка. Калісьці ж гэта скончыцца. А пакуль многія палітычныя сілы гэтую сытуацыю хочуць выкарыстаць. У некалькіх гарадах прайшлі мітынгі, пікеты. Але яны не разумеюць, што выступаюць супраць такіх самых расейцаў. Каталікі ж ня з Марсу зьявіліся ў Расеі…

“НН”: У якіх расейскіх рэгіёнах каталікоў найбольш?

Т.К.: Найбольш каталікоў у Маскве — 65 тысячаў. А маем толькі два касьцёлы, яшчэ адзін нам не перадаюць. Сорак тысячаў вернікаў налічваецца ў Санкт-Пецярбурзе, дзе ёсьць 5 касьцёлаў. Вельмі шмат каталікоў у Калінінградзе — каля 60 тысячаў. Мы стараемся друкаваць як найбольш літаратуры. За 11 гадоў падрыхтавалі і выдалі 400 розных кнігаў. Цяпер выйшаў першы том Расейскай каталіцкай энцыкляпэдыі. У кастрычніку ў Менску мае адбыцца яго прэзэнтацыя.

“НН”: А вядома, колькі каталікоў-беларусаў у Расейскай Фэдэрацыі?

Т.К.: Беларусы ёсьць, але ніхто не лічыў, колькі іх. У Санкт-Пецярбургу часам служацца набажэнствы па-беларуску. Я таксама служыў набажэнствы для беларусаў.

“НН”: Ці будуюцца ў Расеі каталіцкія храмы? Ці ня чыняць перашкодаў у гэтым улады?

Т.К.: Сканчаем будоўлю мы ў Цьверы, будуем касьцёл у Калінінградзе. У іншых месцах — каплічкі. Дзе-нідзе дамы пад капліцы пераабсталёўваем. Але ня ўсюды спрыяльная атмасфэра.

“НН”: Ці можна ў найбліжэйшыя гады чакаць візыту Папы Рымскага ў Расею?

Т.К.: Ніхто ня можа сказаць пра гэта. Хоць інтэлектуалы да яго прыхільна ставяцца і журналісты ўвесь час задаюць гэтае пытаньне. Людзі хацелі б бачыць яго. Калі Сьвяты Айцец быў ва Ўкраіне, у Расеі ладзілася сацыялягічнае дасьледаваньне. Выявілася, што 60—70% людзей хацелі б, каб ён прыехаў.

А.Т.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся ў 1946 г. на Гарадзеншчыне. Скончыў Ленінградзкі політэхнічны інстытут, Каўнаскую духоўную сэмінарыю. Служыў сьвятаром у Літве, у Беларусь вярнуўся ў 1988-м. У 1989—91 г. узначальваў Беларускую каталіцкую дыяцэзію. У 1991 г. Ян Павал II прызначыў яго апостальскім адміністратарам для рыма-каталікоў паўночнай часткі эўрапейскай Расеі, біскупам Маскоўскай дыяцэзіі. З таго часу ён служыць у Расеі. У 1999 годзе абраны старшынём Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Расейскай Фэдэрацыі. Зь лютага 2002-га — мітрапаліт рыма-каталіцкіх япархій Расеі. Валодае беларускай, расейскай, польскай, літоўскай, ангельскай і італьянскай мовамі, актыўна займаецца спортам.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0