Лукашэнка жыве ў слове

Аратарскія здольнасьці Аляксандар Лукашэнка мае несумненныя. А паколькі якасьці публічнага палітыка наўпрост залежаць ад пераканаўчасьці ягоных прамоваў і ўзроўню ўзьдзеяньня на слухачоў, Лукашэнка быў і ўсё яшчэ застаецца ці не найлепшым публічным палітыкам Беларусі. Да 1995 г. зраўнавацца зь ім мог хіба Зянон Пазьняк.

Я бачыў, як рэагавала на Лукашэнку аўдыторыя яшчэ ў 1994 г. Ужо тады ён быў любімцам хатніх гаспадыняў, паколькі антыкарупцыйны даклад, які адрэдагавалі Васіль Новікаў і Людміла Масьлюкова, прынёс яму сапраўды любоў народу. Але справа ж ня ў тым, што ён казаў, а ў тым, як ён гэта казаў. Як трымаўся, як пераконваў, як расстаўляў акцэнты. Вось жа, выйшаў праз год на тую ж парлямэнцкую трыбуну Сяргей Антончык — таксама рабацяга, таксама дэпутат, — але ж не прайшло!

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. я суправаджаў будучага прэзыдэнта ў дзьвюх паездках — у Гомель і Горадню. У Гомелі ён прамаўляў у памяшканьні крытага стадыёну, разьлічанага на тысячы чатыры гледачоў. На Рыгоравіча прыйшлі паглядзець тысячы паўтары патэнцыйных выбарцаў. Ён стаяў на арэне, перад ім — мікрафон на стойцы, побач — на рагу стала — стос нейкіх папераў. Гадзіна пайшла на маналёг пра беларускую намэнклятуру, якая абрабавала ўласны народ, яшчэ дзьве гадзіны занялі адказы на пытаньні. Потым Лукашэнка адышоў ад мікрафона, зьняў пінжак, павесіў яго на сьпінку крэсла і сеў. Сьпіна была мокрай, кашулю можна было выкручваць. А твар — не спакойным нават, а нерухомым, безжыцьцёвым, быццам усе эмоцыі выйшлі з потам. Відаць было, як цяжка працаваў чалавек. Менавіта — працаваў! Гэтак вялікія акторы выкладаюцца перад гледачамі і думаюць, быццам граюць апошні раз у жыцьці.

Але ў яго быў удзячны глядач. І глядач сышоў з трыбунаў, каб дакрануцца да свайго куміра! Гэтак селевая лявіна сыходзіць з гор, каб затапіць даліны. Людзі, здавалася, уставалі з сваіх месцаў і наўпрост, не зьвяртаючы ўвагі на крэслы перад імі, ішлі да арэны. Яшчэ імгненьне — і зьмялі б усё, і Лукашэнку разарвалі б ад любові вялікай і шчырай. Я сядзеў тады за сталом на арэне, побач зь ім, і толькі пасьпеў крыкнуць: “Сьпіну трымайце!”. Хлопцы-аўганцы, прыстаўленыя да кандыдата ў прэзыдэнты Гомельскім гаркамам Саюзу моладзі, сталі колам. Лявіна накатвалася павольна, няўмольна, але толькі наблізілася да стала — і ў яе зьявіліся твары, прарэзаліся вочы, усьмешкі. Яны йшлі да Лукашэнкі — як да сьвятога. Як у Марка Блока ў “Каралях-цудатворцах”. Божухна, якое ж у нас сярэднявечча, калі гэткае паўтараецца! Людзі працягвалі да яго рукі, каб дакрануцца, дзяцей, каб даткнуўся (блаславіў?), нейкія кніжкі, шматкі паперы, пашпарты, каб пакінуў аўтограф. Адзін падаў стодаляравую купюру — захоўвае ён сёньня гэтую купюру з подпісам галоўнага антыамэрыканіста Эўропы? Колькі каштуе той рарытэт? А колькі ён будзе каштаваць гадоў праз трыццаць? (Аўтограф Чаўшэску на звычайнай паперцы ў маскоўскай букіністычнай краме я бачыў менавіта за сто даляраў.)

Гарадзенцы паставіліся да выступу будучага прэзыдэнта куды больш скептычна. Але трансьляцыю ягонага выступу давялося ладзіць проста на вуліцы перад Палацам культуры тэкстыльнікаў: не атрымалася ўмясьціць у старэнькі будынак ДКТ усіх ахвотных.

Выступ Рыгоравіча будаваўся па той самай схеме, што і ў Гомелі, — прамова, потым адказы на пытаньні. Адказваў, як заўсёды, шматслоўна. Але калі ў Гомелі гаварыў болей аб агульным, дык у Горадні — пераважна пра гарадзенскія рэаліі. Асабліва хапіла памерламу ўжо тады “пану ваяводу”, Зьмітру Арцыменю, які менш як год таму загінуў ад кулі так і ня знойдзенага забойцы. Адчувалася, што тут Лукашэнка быў спакойны і ўпэўнены ў сабе, бо словы ягоныя падалі ў глебу, добра ўгноеную чуткамі і плёткамі. Праз год, падчас чарговага свайго прыезду ў Горадню, ён папросіць прабачэньня ў сям’і Арцымені — маўляў, быў уведзены ў зман. Але ім было ўжо ўсё роўна, а зь пераможцы — якое спагнаньне?

Памятаю прэс-канфэрэнцыю Лукашэнкі пасьля першага туру выбараў. Ён быў сам прыгнечаны ўласнаю перамогай. Яго выратавала нахабства. Калі ён абвясьціў, што знайсьці прэм’ер-міністра прасьцей, чым даярку ў калгасе, сьмяялася толькі прэса. У той момант ледзь ня ўвесь электарат біў у ладкі: вось, вось, так ім! Хіба ж гэта навука — краінай кіраваць! А ў калгас іх, быкам хвасты круціць, кароў даіць, сьвіней карміць! Хопіць, нацараваліся! Лукашэнка стыхійна сфармуляваў галоўную думку мільёнаў выбарцаў: ва ўладзе — зладзеі, гані іх да яснай халеры і кіруй — як Іван Сьвітаньнік, што ажаніўся з царэўнай! Зьдзейсьнілася казка! І Лукашэнка зь ягоным хрыпатым голасам і дзікай трасянкай быў сымбалем гэтай зьдзейсьненай векавой мары. І народ за такім прэзыдэнтам у той момант пайшоў бы куды заўгодна. Сказаў бы — “У рынак!” — і пайшлі б у рынак. Сказаў бы — “У NATO” — і пайшлі б у NATO шчыльнымі радамі. А загаварыў бы па-беларуску — і прыгадалі б мову матчынай калыханкі і дзедавых прыказак…

Але — не сказаў, не загаварыў. Усе астатнія публічныя выступы былі ўжо толькі гульнёй, спробай падвысіць рэйтынг, зарабіць балы. Хашчавацкі ў сваім фільме ўдала змантаваў кадры з той, першай, прэс-канфэрэнцыі “бацькі” з кадрамі, калі яго перабіваюць рабочыя на заводзе. І прэзыдэнт па-дзіцячаму крыўдуе: “Калі вы мяне перабіваць будзеце, я зьеду!” Зьніклі чары, зьнікла любоў. На зьмену прыйшоў разьлік пэнсіянэраў: “А другі нам у тэрмін пэнсіі плаціць будзе?”

Лукашэнка жыве ў слове. Слова для яго — і натуральная стыхія быцьця, і сродак мадэляваньня рэчаіснасьці; адначасова і галоўны будаўнічы матэрыял, і адзіны магчымы ўчынак. Ён вымаўляе слова — і далей ужо здаецца яму, што сьветабудова зьмяніла сваю прасторава-часавую форму. Памятаеце знакаміты, ад 10 лістапада 1994 г., тэлевыступ: “Цэны, назад!” Гэта Кебічу можна было патлумачыць, чаму “назад” — не атрымаецца. А тут аргумэнт адзін: “Я сказаў? Сказаў!”, і далей дзеяньне павінна было разьвівацца у дакладнай адпаведнасьці са сфармуляваным сцэнарам.

Але надыходіць дзень, калі сплецены са словаў сусьвет пачынае рассыпацца. І дэміюрг гэтага ўсьведамляе, што яго можа засыпаць рэшткамі слоўных канструкцыяў. І — што тады? Вымаўленае слова тыражаванае ня толькі ў сьвядомасьці аўдыторыі, што яго чула, але і на кілямэтрах відэа- і аўдыёстужак, на палосах газэтаў. Як быць зь ім? Як сьцерці яго? Бо даецца чалавеку дакладна паводле ягоных спраў. А калі для Лукашэнкі, які абражаў сваімі словамі сотні людзей, надыдзе час адплаты, што будзе — і зь ім, і з намі? Прыгадайце і Карпенку, які нібыта “сарваў узбэцкія бавоўнавыя пастаўкі”, і Віньнікаву, “вартую працаваць прыбіральніцай у ашчадкасе”, і супернікаў Лукашэнкі на выбарах, што “прагнуць парохкаць вакол карыта ўлады”, якое цяпер шчыльна абступіла атачэньне самога Лукашэнкі.

Аляксандар Ярашук, вельмі слабы палітык, адказваючы на маё пытаньне, заявіў, што ў Лукашэнкі ёсьць яшчэ чатыры гады, каб правесьці эканамічныя рэформы. Лукашэнка ня будзе праводзіць рэформы. Ён баіцца невядомага. Але пабудаваць на грунце новай рыторыкі новую сыстэму палітычных узаемаадносінаў у краіне ён здолее. Бо атрымалася ж: так доўга вымаўляў слова “сувэрэнітэт”, што вывучыў яго значна лепш, чым уся беларуская апазыцыя. Праўда, цяпер апазыцыі трэба вучыць іншыя словы, але і там хапае разумных людзей: вывучаць, Бог дасьць. І ў сьвеце новых, цяпер ужо паважлівых, словаў, якія абумоўліваюць учынкі, знайшлося б месца і самому Лукашэнку — законнае і аб’ектыўна належнае яму месца ў беларускай Гісторыі, а ня тое, якое зьляпілі мы ўсе з дакораў і нянавісьці да яго.

Аляксандар Фядута


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0