Тэлесэзон у Амэрыцы

Увосень ва ўсім сьвеце пачынаецца новы тэлесэзон. Заканадаўцам моды ў шоў-індустрыі і найбуйнейшым вытворцам адпаведнага матэрыялу застаецца Амэрыка. Лета лічыцца там сэзонам баевікоў – славутыя студыі дазваляюць сабе выпуск неабцяжараных мастацкімі высілкамі карцінаў. І ў гэтым сэзоне гледачам падрыхтаваныя выбухі на ўвесь экран, хлопцы са зброяй незвычайнай велічыні й магутнасьці ды – у якасьці адбітку расейскіх катастроф – дэфэктныя падводныя лодкі. Але нават паводле галівудзкіх стандартаў сёлетні сэзон перанасычаны фільмамі, створанымі ў працяг вядомых гітоў (“Людзі ў чорным-2”) ці пераробкамі славутых мультфільмаў ды коміксаў (як “Скубі-ду” ці “Чалавек-павук”).

Апошнім часам папулярныя кінааўтары выяўляюць жаданьне супрацоўнічаць з тэлестудыямі – 13 сэрыяў даюць большыя магчымасьці для самарэалізацыі, чым дзьвюхгадзінны кінафільм. У выніку на амэрыканскім экране ў гэтым сэзоне будзе болей мастацкасьці й глыбокага псыхалягізму. Тэлеканалы абяцаюць шэраг новых сэрыялаў, сярод якіх “Сапраны” (пра падвойнае жыцьцё боса мафіі) ці “24”. Кожны эпізод апошняга сэрыялу прысьвячаецца адной гадзіне з жыцьця супрацоўнікаў антытэрарыстычнага аддзелу ЦРУ ў Лос-Анджэласе, якія выкрываюць змову супраць кандыдата на пасаду прэзыдэнта. У сэрыяле выкарыстоўваецца “падзелены экран” – каб адначасова паказваць розныя лініі сюжэту. А сэрыял “Шэсьць футаў у глыбіню”, зьняты ў стылі “чорнай камэдыі”, распавядае пра жыцьцё сям’і, якая трымае пахавальны салён. Не шкадуючы глядацкіх нэрваў, камэра паказвае працэс апрацоўкі мерцьвякоў перад пахаваньнем і драматычныя канфлікты паміж сямейнікамі. У жанры ток-шоў сэнсацыяй сэзону магла б стацца новая штодзённая перадача зь Білам Клінтанам у якасьці вядучага, пра што зь ім вялі перамовы аж два каналы амэрыканскай тэлевізіі. Урэшце Клінтан адмовіўся, бо дужа цяпер заняты дабрачыннасьцю. Але спадзеў на будучыню пакінуў.

Міхал Чарвінскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0