з усёй краіны

Барацьба з шаленствам

Каардынацыйная рада па прафіляктыцы шаленства створана пры Аршанскім гарвыканкаме. Падставай для гэтага стала сьмерць маладога мужчыны. Яшчэ ўвесну ён палашчыў нейкага прыблуднага сабаку. Той “аддзячыў”, цапнуўшы за руку. Мужчына асаблівай увагі гэтаму не надаў, а дарэмна — сабака быў шалёны. Інкубацыйны пэрыяд хваробы доўжыцца ад 10 дзён да году. У аршанца ён склаў чатыры месяцы, і выратаваць яго жыцьцё дактары ўжо не маглі. Створаная рада абавязала ўладальнікаў сабакаў ды катоў штогод рабіць ім прышчэпкі ад шаленства. У верасьні—кастрычніку будзе праведзены адлоў ды адстрэл сабакаў, якіх заўважаць на вуліцах без гаспадароў.

Аўтобус і “Кацюша”

Аршанскі аўтобус №3, што кіраваўся з Задняпроўя ў цэнтар, раптам страціў кіраваньне, пакаціўся з гары, перасёк паласу сустрэчнага руху і ўзьехаў на ўзвышша да помніка “Кацюшы”. Па інэрцыі даў назад і быў спынены бардзюрам. Як высьветлілася, кіроўца аўтобуса на нейкі момант страціў прытомнасьць. Некіроўная машына панеслася з гары да мосту цераз Дняпро. Аднак па шчасьлівай выпадковасьці зьвярнула ўбок. Праўда, на сваім шляху яна зьбіла мужчыну, які ехаў на ровары (дзякуючы ўдалай шматгадзіннай апэрацыі яго жыцьцё ўратаванае.)

Абрабавалі храм

Ужо трэці раз за два гады існаваньня абрабаваная царква Раства Хрыстовага, што месьціцца ля чыгуначнага вакзалу Воршы. Скрадзеныя грашовыя ахвяраваньні ды ўрачыстае адзеньне сьвятара. Падазраюцца падлеткі — відаць, будучыя “парафіяне” айца Аляксандра Харламава, галоўнага турэмнага сьвятара Віцебскай япархіі.

Віктар Лютынскі, Ворша

Выкладаюць па-расейску

Летась гістарычны факультэт Гарадзенскага ўнівэрсытэту адчыніў беларускамоўную плынь. Сёлета ўжо два курсы маюць магчымасьць вучыцца цалкам на роднай мове. Аднак многія выкладчыкі адмаўляюцца чытаць лекцыі па-беларуску. Кіраўніцтва факультэту ня вельмі зважае на гэта, таму нават на беларускамоўнай плыні практычна дамінуе расейская мова выкладаньня.

Пра адносіны ж студэнтаў да “другой дзяржаўнай” яскрава сьведчаць вынікі паступленьня. Конкурс на беларускамоўную плынь склаў амаль 3 чалавекі на месца, у той час як на расейскамоўную быў недабор. Каб дакамплектаваць непапулярную групу, адміністрацыя амаль гвалтам перавяла дзясятак студэнтаў на плынь з расейскай мовай навучаньня.

Зьміцер Аляшкевіч, Горадня

 

У прынёманскiм мястэчку Белiца актывісты БНФ і ТБМ усталявалі сямiмэтровы дубовы крыж i каменны знак у памяць пра няроўны абарончы бой 1659 г. Тады тут, ля броду празь Нёман, трохтысячнае рушаньне лiдзкае шляхты стрымала наступ удзесяцёра большага расейскага войска.

Гараць лецішчы

Новы клопат зьявіўся ў пінчукоў. У пятніцу, 13 верасьня, пачаўся пажар на балоце, якое падыходзіць да лецішчаў чальцоў садовага таварыства “Азёрнае”. Ужо згарэў чарот, заняўся торф. Усе выходныя дачнікі капалі траншэі і пільнавалі, каб агонь не спаліў іх хаты. Сябры садовага таварыства ведаюць, хто запаліў балота, аднак у дзяржаўныя органы не паведамляюць. Напэўна, будуць разьбірацца самі.

Стойла для гандляроў

Дырэктар ГУП “Каапрынак” П.Пракопчык падрыхтаваў праект рэканструкцыі двух рынкаў, якія належаць гэтай арганізацыі. Замест сёньняшніх гандлёвых намётаў ён плянуе паставіць кантэйнэры з ралетамі. Пераабсталяваньне будзе каштаваць кожнаму гандляру 1832 даляры. Тым, хто адмовіцца плаціць, давядзецца сыходзіць з рынку. Усе новыя пабудовы, трапна названыя “стойлам”, будуць належаць ГУП “Каапрынак”. Гандляры абураюцца, кажуць што такія кантэйнэры ў Польшчы значна таньнейшыя.

Васіль Мацкевіч, Пінск

Streł u akno

A 6-j ranicy 9 vieraśnia ū akno kvatery pa vuł.Kamarova ū Baranavičach niechta streliū. Byū paranieny 30-hadovy haspadar, jaho špitalizavali. Milicyjanty vyśviatlajuć, chto, z čaho i čamu stralaū.

Rusłan Raviaka, Baranavičy


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0