Сабачыя гісторыі

Адзін сабака любіў глядзець, як у вырай адлятаюць журавы. Граждану падабаліся вароны, і ён часта прасіў іх, каб яны яго не пакінулі аднаго перад халоднаю зімой.

Адзін сабака любіў восень за яе прыгажосьць. Граждан любіў восень за доўгія вечары, у якія ён гнаў самагонку.

Адзін сабака любіў холад. Граждану гэткае надвор’е не падабалася, і ён гаварыў: “У Савецкім Саюзе такіх каталкізмаў не дапускалі. А цяпер разьвялі дэмакратыю, што цэлае лета дажджу не было…”

Аднаму сабаку было халодна, і ён спаў у кажуху. Граждану было халодна, і ён усю ноч не даваў заснуць суседзям.

Адзін сабака начамі глядзеў лёгкую эротыку. Граждан ноччу хадзіў на калгаснае поле і зьбіраў мерзлыя караняплоды.

Аднаго сабаку пахвалілі на зьезьдзе пісьменьнікаў. Граждан пакрыўдзіўся, што не яго, прыйшоў дамоў і выгнаў з хаты жонку і дзяцей.

Адзін сабака не паехаў на зьезд пісьменьнікаў, бо не было за што купіць білет на цягнік. Граждан прыйшоў пяшком і цэлы дзень прасядзеў моўчкі, а потым усю ноч піў і хваліў новае кіраўніцтва.

Адзін сабака агітаваў за зьезд пісьменьнікаў у Доме літаратара. Граждан агітаваў ісьці ў тэатар, бо там мяккія крэслы.

В.Ш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0