Люстра дзён

 

Прадпрымальнікі бароняць свой сьцяг

Агульнанацыянальны страйк прыватных прадпрымальнікаў аднавіўся ў аўторак. Патрабаваньні дробных бізнэсоўцаў (у страйку бяруць удзел пераважна гандляры) — зьмяншэньне падатковага і бюракратычнага цяжару. Усяго да страйку далучыліся некалькі дзясяткаў тысяч чалавек ва ўсіх рэгіёнах краіны, акрамя Магілёўшчыны. Наш карэспандэнт пабываў на мітынгу прадпрымальнікаў у Баранавічах.

Як і ў іншых гарадах, на баранавіцкім мітынгу прадпрымальнікаў было людна. У Маладым парку а 17-й ужо віраваў натоўп з 500 чалавек. Апошні раз столькі людзей зьбіраў фронтаўскі мітынг 8 кастрычніка 2000 г. “Сёньня скура, футра, абутак, электратавары, а што заўтра?” — такі плякат вісеў на скульптуры жанчыны зь вінаградам, што ўзвышаецца пасярэдзіне былога фантану ў парку. Прысутнічалі 5 міліцыянтаў.

Мітынг пачаўся выступам былога абэзаўца Яўгена Віньніка, які цяперака прадстаўляў раду свабодных прафсаюзаў прадпрымальнікаў гораду. Усе выступоўцы заклікалі яднацца, бараніць свае правы, змагацца за адмену новага закону. Адзначалася, што бастуе ўся краіна. Некаторыя плакаліся аб цяжкой долі беларускага прыватнага гандляра ўвогуле.

Афіцыйны прадстаўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Алесь Пікула (былы кіраўнік гарадзкой рады БНФ “Адраджэньне”) падчас свайго выступу заклікаў прадпрымальнікаў вылучаць да ўлады й палітычныя патрабаваньні. Тым часам маладыя хлопцы ўзьнялі над натоўпам бел-чырвона-белы сьцяг. Да Пікулы падышоў міліцыянт і запатрабаваў прыбраць сьцяг. Пікула запярэчыў, што ня ведае тых хлапцоў. У гэты час мужчына сталага веку падскочыў да сьцягу й паспрабаваў яго вырваць. Сьцяг не аддалі, але ў кароткай валтузьні паламалі дрэўка. Народ акружыў месца здарэньня, і, пакуль міліцыянты туды дабеглі, стары атрымаў некалькі разоў у карак.

Міліцыя затрымала хлапцоў са сьцягам. Аднак прадпрымальнікі абступілі міліцыю й затрыманых ды ў дзясяткі галасоў вінавацілі старога: “Гэта правакатар!”, “Нашто было сьцяг дзерці?” — чулася вакол. Стары спрабаваў апраўдвацца, казаў, каб чыталі гісторыю, пра нацыяналізм, на што прадпрымальнікі амаль хорам прапанавалі яму ехаць зь Беларусі: “Гэта наш сьцяг! Хто ты такі, каб яго дзерці!”

Міліцыянты не чакалі такога напору і адпусьцілі хлопцаў ды адвялі старога ўбок — ад людзкога гневу. Праз колькі хвілінаў у парку зьявіліся яшчэ 10 праваахоўнікаў. Да хлапцоў падышоў старшы лейтэнант, крыху папужаў пратаколам, але папярэдзіў і адпусьціў.

Руслан Равяка, Баранавічы

лічбы тыдня

Васіль Даўгалёў хоча застацца ў памяці берасьцейцаў уласнай “белай вежай”. У Берасьці плянуюць збудаваць 70-мэтровую вежу з хуткасным ліфтам і рэстарацыяй наверсе. Прызначэньне — забесьпячэньне новага ўзроўню мабільнай сувязі. Першыя 12 м вежы фундуе “Берасьцеаблтэлекам” і абласны бюджэт. На далейшае будаўніцтва трэба спонсарская дапамога. Адначасова аблвыканкам шукае інвэстара, каб скончыць гатэль у цэнтры места, які закладалі яшчэ да Алімпіяды 1980 г. Пачатковая цана будынку — 360 млн. рублёў.

ПАДАРАЖЭЛІ камунальныя паслугі. За аднапакаёўку давядзецца плаціць 28 тыс. р., за двухпакаёўку — 42 тыс., а за трохпакаёўку — 56 тыс. Палова той сумы пойдзе на ацяпленьне. Але й такія кошты складаюць толькі 40% ад рэальных, таму тарыфы мусяць яшчэ расьці.

ЦЭНЫ НА ПРАЕЗД у транспарце падвысiлiся з 1 кастрычнiка ў Менску. Звычайны талёнчык каштуе 180 р., iльготны — 90 р. У экспрэс-аўтобусах адпаведна 360 i 180 р. Месячны праязны на адзiн вiд каштуе 8100 р., на 2 вiды i аўтобус-экспрэс — 10800 р., на тры вiды — 12600 р. Новых талёнаў яшчэ не надрукавалi, таму прадаваць будуць рэшту старых зь iншым намiналам.

БЕСПРАЦОЎНЫХ у краiне зарэгiстравана 124 тысячы. Гэта на 21 тыс. болей, чым на пачатку году. 431,2 тыс. працуюць няпоўны дзень цi знаходзяцца ў вымушаным адпачынку. Беспрацоўнаму выплачваюць 16,5 тыс. рублёў дапамогі.

ЧЭКІ “МАЁМАСЬЦЬ” з 15 кастрычніка можна будзе абмяняць на акцыі 69 акцыянэрных таварыстваў, што займаюцца вырабам будматэрыялаў, мэблі ці інжынэрнымі паслугамі. Аформіць чэкі можна ў філіі “Беларусбанку” па месцы жыхарства. Больш за 250 чэкаў не прымаюць.

142 МЛРД. РУБЛЁЎ выдаткуе налета бюджэт на крэдыты пад будаўніцтва жыльля. У параўнаньні з гэтым годам сума жыльлёвых крэдытаў павялічыцца на 8 млрд. руб., аднак у зьвязку з інфляцыяй іх рэальны кошт будзе меншы. Толькі ў сталіцы свайго жыльля ня маюць 129 тыс. сем’яў, зь іх 50 тыс. — маладыя.

АКЦЫІ “БЕЛШЫНЫ” будуць каштаваць 270 млрд. рублёў (145 млн. даляраў). Агулам мяркуюць прадаць 81,7 млн. акцыяў новага АТ па 3,3 тыс. рублёў кожную.

1,5 ТЫС. СПРАЎ АБ БАНКРУЦТВЕ разглядаюць зараз суды. Большасьць спраў датычыцца камэрцыйных структур, тады як у дзяржаўным сэктары банкрутамі могуць прызнаць усяго 80 прадпрыемстваў. Амаль у 90% выпадкаў працэдура банкруцтва распачынаецца з ініцыятывы падатковай інспэкцыі.

Алесь Кудрыцкi, С.І.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0