Мова яднае, нібы рэлігія

У свой час “Наша Ніва” выступіла з ідэяй акцыі “Дзень без чужога слова”. Таварыства беларускай мовы падхапіла задуму празь некалькі год, каб правесьці месячнік “Размаўляем па-беларуску”. Партыі драбнеюць, ТБМ разгортваецца. Напярэдадні IV Кангрэсу Асамблеі няўрадавых арганізацый — гутарка з намесьнікам старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Сяргеем Кручковым.

“НН”: Пры канцы жніўня ТБМ абвесьціў месячнік беларускай мовы. Ці можна падвесьці нейкія вынікі гэтай акцыі, зрабіць высновы?

Сяргей Кручкоў: Я ня надта яго падтрымліваў, бо надта ж гэта па-савецку — абвяшчаць розныя месячнікі. Але рэакцыя людзей, СМІ была вельмі добрай. Нават усе расейскамоўныя FM-станцыі, у тым ліку і “Русское радио”, перадавалі, што распачаўся месячнік беларускай мовы.

Цяпер сытуацыя не такая, як у пачатку 1990-х, — аднымі законамі ці пастановамі не прымусіш людзей перайсьці на родную мову, трэба зьмяняць моўную звычку. Дзеля гэтага трэба зрабіць мову прыцягальнай ва ўсіх адносінах. Важнай і для кар’еры, і для ведаў. Дзеля гэтага патрэбна дзяржаўная палітыка.

Але ўсё пачынаецца са зьменаў стаўленьня да мовы. І галоўны вынік месячніка — мы ўбачылі, што ў людзей нармальнае стаўленьне да Беларушчыны. Яно не такое, як у 1995-м альбо ў 1996-м, калі была гістэрыя.

“НН”: Ці плянуе ТБМ надалей ладзіць гэткія акцыі?

С.К.: Дзеля таго каб штосьці разьвівалася, трэба ўвесь час прыдумляць нешта новае. Напрыклад, зладзіць месячнік добрага беларускага слова на грамадзкім транспарце.

“НН”: ТБМ імкнецца кантактаваць зь дзяржаўнымі органамі. Як бы Вы ацанілі плён ад гэтых кантактаў? Ці разумеюць чыноўнікі патрэбу ў родным слове?

С.К.: Верхавіна чынавенства надта палітызуе гэтае пытаньне. Думаюць, быццам усё, што па-беларуску, — супраць уладаў. А звычайны беларускі чыноўнік нармальна ставіцца да мовы.

Сёньня 95—97% лістоў, якія прыходзяць у ТБМ з органаў улады, напісаныя па-беларуску. Калі раней у іх “не было прыладаў, каб друкаваць па-беларуску”, на кампутарах ня быў інсталяваны беларускі шрыфт, дык цяпер відаць, што яны гэтую праблему вырашылі. А раней мы пачыналі з таго, што расейскамоўныя лісты проста вярталі й пісалі: “Прабачце, але мы не разумеем па-расейску, адкажыце нам на мове запыту”.

“НН”: Хто сёньня прыходзіць у ТБМ?

С.К.: І настаўнікі, і пісьменьнікі, і моладзь, якая бачыць сваё будучае ў навуцы, — тыя, хто нечым канкрэтна пачаў займацца. Прыходзяць, вядома, і з “Маладога фронту”, і зь іншых арганізацыяў. Але сябе яны тут не знаходзяць у тым пляне, што мы ня ладзім радыкальных акцыяў, мітынгаў, шэсьцяў і г.д. Мы арыентуемся на тых, хто ўжо абраў свой шлях і ведае, чаго хоча ад жыцьця. Рух стаў менш хаатычным, больш мэтанакіраваным.

“НН”: Якія адносіны ў Таварыства з палітычнымі сіламі Беларусі?

С.К.: Розныя. Але маем кантакты, як ні дзіўна, і зь лібэрал-дэмакратамі, і з камуністамі, і з КХП-БНФ, і з БНФ “Адраджэньне”, і з сацыял-дэмакратамі. У меншай ступені з АГП. Мы хацелі б, каб мова яднала, а не разьядноўвала. Так у Польшчы ў свой час нацыянальныя сілы аб’яднала рэлігія.

“НН”: Ці магло б ТБМ у будучыні стаць нейкай кансалідацыйнай сілай у грамадзтве, магчыма, палітычнай сілай, калі таго запатрабуе час?

С.К.: Тут можна шмат фантазіяваць. У мяне выклікаюць шчырае захапленьне некаторыя моманты працы польскай “Салідарнасьці”. Тое, як інтэлігэнцыя змагла скарыстаць “Салідарнасьць”, а “Салідарнасьць” скарыстала інтэлігэнцыю. Апошняя, нягледзячы на тое што Валенса быў малапісьменны чалавек (ягоная польская мова яшчэ горшая, чым Лукашэнкава беларуская), пайшла ў “Салідарнасьць”. Распрацоўваліся законапраекты, канцэпцыі, рэформа нацыянальнай школы. Хацелася б скарыстаць такія прыклады. А калі гэта зможа кансалідаваць партыі і рухі, мы будзем толькі радыя, будзем гэта вітаць. Хоць на сёньня мы ня можам прэтэндаваць на такі шырокі рух, якім была “Салідарнасьць”, бо цяпер іншае жыцьцё, іншая інфармацыйная прастора. Ужо немагчыма кансалідаваць абсалютна ўсіх.

“НН”: Ці могуць з ТБМ выйсьці новыя палітычныя лідэры, якіх сёньня не хапае?

С.К.: Лідэраў хапае. І ў ТБМ, і ў іншых непалітычных і палітычных арганізацыях. Іншая справа, што ў Беларусі інфармацыйная прастора так уладкаваная, што гэтых людзей ня бачна. Любы зь іх сёньня будзе выглядаць вельмі шэрым у параўнаньні з Лукашэнкам. Яны знаходзяцца ў розных “вагавых катэгорыях”. У іншай інфармацыйнай сытуацыі яны склалі б яму выдатную канкурэнцыю.

“НН”: І менавіта дзеля зьмяненьня тае сытуацыі ТБМ распачало выдаваць яшчэ адну газэту?

С.К.: Праект газэты “Новы час” заснаваны даўно. Пачалося з нараканьняў на газэту “Наша слова”. І рэспубліканская рада ТБМ вырашыла рабіць паралельна два ўзаемадапаўняльныя выданьні. “Новы час” разьлічаны на іншую катэгорыю чытачоў, чым “Наша слова”. Ён у большай ступені скіраваны на беларускае настаўніцтва. Мы зрабілі ўжо два першыя нумары. Пакуль газэта выходзіць непэрыядычна і купіць яе можна ў грамадзкіх распаўсюднікаў.

Гутарыў Сяргей Ёрш

 

Сяргей Кручкоў нарадзіўся ў Менску. Яму 35 гадоў. Скончыў Політэхнічную акадэмію па спэцыяльнасьці інжынэр-будаўнік. У ТБМ прыйшоў зь бізнэсу. Працуе кіраўніком спраў Таварыства, а ў 2001 г. быў абраны намесьнікам старшыні. Распавядае, што, калі прыйшоў у ТБМ, сьвятло гарэла толькі ў адным пакоі офісу — астатнія былі адлучаныя за няўплату. Тады ён і прапанаваў свае паслугі, каб вырашаць гэтыя і іншыя гаспадарчыя праблемы. Ведаў, што ў яго атрымаецца. З таго часу сьвятла больш не адключалі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0