аб усім патроху

 

Апапеньне

2 кастрычніка рада рэспублікі нацыянальнага сходу ўхваліла сумнавядомы закон “аб свабодзе сумленьня”, які робіць з праваслаўя “асноватворную рэлігію”. Супраць рашуча выступала толькі Ядвіга Грыгаровіч. “За” дакумэнт галасавалі 46 парлямэнтароў, “супраць” — 2. Філарэт будзе рады. У сваім інтэрвію напярэдадні галасаваньня ён падкрэсьліў, што праваслаўная царква ацэньвае праект новага закону “выключна станоўча”.

Да зьніклых няма справы

Палата прадстаўнікоў адмовілася стварыць камісію па справе зьніклых палітыкаў і журналістаў. Беларусь — адзіная краіна белае Эўропы, дзе таямніча зьнікаюць лідэры апазыцыі. Парлямэнтароў гэта, відаць, не кранае.

“Хартыя” па-беларуску

Інтэрнэт-штодзёньнік “Хартыі-97” (www.charter97.org) ізноў мае беларускамоўную вэрсію. Віншуем! Зычым таго самага іншай папулярнай інтэрнэт-газэце www.naviny.by.

Візыт з падкавыркай

Міністар абароннай прамысловасьці Іраку наведаў Менск. У праграме візыту былі выключна гуманітарныя мерапрыемствы.

Выкраданьне ў Кукурыстане?

Газэта “Известия” паведаміла, што скрадзены віцэ-прэзыдэнт расейскага нафтавага канцэрну “Лукойл” Сяргей Кукура два тыдні ўтрымліваўся захопнікамі ў кінутай чарнобыльскай вёсцы на Магілёўшчыне. Тое, што ён у Беларусі, Кукура (сам родам зь Берасьця) нібыта зразумеў з размоваў выкрадальнікаў.

Першы расейскі шпіён асуджаны

Былы інспэктар Камітэту каштоўных папераў Яўген Кукушкін зарабіў пяць гадоў турмы за спробу прадаць сакрэтную службовую інфармацыю расейскай камэрцыйнай фірме. КДБ атрымаў зьвесткі аб гэтым злачынстве з Інтэрнэту. На сайце адной з маскоўскіх фірмаў Кукушкін зьмясьціў каталёг абаронных прадпрыемстваў Беларусі, у якім былі зьвесткі пра 1600 суб’ектаў гаспадараньня, у тым ліку абаронных. Расейская gazeta.ru паведаміла пра выпадак пад загалоўкам “У Беларусі асуджаны расейскі шпіён”.

Эўрападробка

Фальшывыя 50 эўра выкрылі ў адной зь філіяў “Беларусбанку” сталіцы. Гэта першая знойдзеная ў Беларусі падробка новай валюты Эўразьвязу, якая, як лічыцца, мае найлепшую ў сьвеце ступень абароны.

Як пры Сталіну

134-мэтровы бульвар за помнікам Грыцаўцу на вуліцы Леніна ў Менску рэканструююць у стылі сталінскіх часоў. Замест старых ліпаў пасадзяць маладыя, асфальт заменяць пліткай, паставяць два маленькія фантаны, ліхтары, вазы з кветкамі ды невялічкія гандлёвыя буфэты. Сам бульвар абнясуць двухмэтровай сьцяною, наверсе якой будзе літая агароджа. Будоўля будзе каштаваць 1 млрд. рублёў, скончаць яе наступным летам.

Цэнтар Эўропы паехаў
на поўнач

Беларускія геадэзісты вылічылі, што цэнтар Эўропы ляжыць ля возера Шо на Глыбоччыне. Раней гучалі гучныя заявы, што цэнтар той — на Старадарожчыне. “Нехта хваліцца рознымі трыюмфальнымі аркамі…”, — як пісаў паэт.

“Зона” зьменшылася

“Чарнобыльскі” статус страціў 81 населены пункт Беларусі, яшчэ ў 146 адзначана зьмяншэньне радыяцыйнай забруджанасьці ў выніку распаду радыеактыўнага цэзію. Страта “чарнобыльскага” статусу пацягне скарачэньне сацыяльных ільготаў для насельніцтва тэрыторый, што прызнаныя ўмоўна чыстымі. Цяпер у зоне радыяцыйнай забруджанасьці засталіся 2802 населеныя пункты, у іх жыве каля 1,5 млн. чалавек.

Літва для літоўцаў

Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус падпісаў новы закон аб грамадзянстве, які можа істотна закрануць інтарэсы беларусаў Віленшчыны. Згодна зь ім, права на падвойнае грамадзянства будуць мець толькі этнічныя літоўцы. Грамадзяне іншых нацыянальнасьцяў, што пераяжджаюць на сталае жыхарства за мяжу, будуць губляць літоўскае грамадзянства. Праціўнікі закону з шэрагаў нацыянальных меншасьцяў рыхтуюць скаргу ў Канстытуцыйны суд.

Забойства сына банкіра

У Франкфурце (Нямеччына) зламысьнік выкраў і забіў 11-гадовага сына вядомага банкіра Фрыдрыха фон Мэцлера, кіраўніка апошняга прыватнага банку Нямеччыны “Metzler Bank”. Апошні раз Якаба бачылі на адным з аўтобусных прыпынкаў, калі ён вяртаўся дамоў з школы. Неўзабаве хлопчыка знайшлі нежывым, хоць выкуп у мільён эўра быў прыгатаваны. Паліцыя арыштавала студэнта, знаёмага хлопчыка, які, як мяркуецца, учыніў гэтае забойства.

Левыя супраць Буша

Чатыры сотні амэрыканскіх інтэлектуалаў, актораў, пісьменьнікаў, навукоўцаў зь левымі поглядамі выступілі з адкрытым лістом, у якім асуджаюць замежную палітыку адміністрацыі Буша і выступаюць супраць умяшаньня ЗША ў Іраку. Ліст падпісалі Браян Іна, Джэйн Фонда, Гор Відал, Наам Чомскі, Робэрт Олтмэн, Эдвард Саід ды інш.

Два мільёны за Штанюка

Беларускім футбалістам Сяргеем Штанюком зацікавіўся ангельскі клюб прэм’ер-лігі “Фулхем”. Цяпер 30-гадовы футбаліст гуляе ў другім дывізіёне ангельскага чэмпіянату.

“Уэмблі” разбураць

У панядзелак пачалося разбурэньне самага вядомага ангельскага стадыёну, узьведзенага ў 1923 г. Пабудова стадыёну заняла 300 дзён і каштавала 750 тыс. фунтаў. Ягоны наступнік будзе каштаваць інвэстарам 750 млн. фунтаў.

Аўтасалён у Парыжы

Сярод сёлетніх навінак адной з найбуйнейшых у сьвеце парыскай аўтавыставы ёсьць шэраг аўтамабіляў, якія зацікавяць сваёй даступнай цаной беларускіх аўтааматараў. Гэта найперш “Нісан Мікра” з арыгінальна спраектаваным кузавам, “Сэат Кордаба”, “Мазда-2” — першая машына гэтай фірмы, што вырабляецца ў Эўропе. Самая цікавая навінка “Опэля” — бусік “Мэрыва” — мае трапіць на беларускі рынак налета. “Рэно” прадставіла другую вэрсію сваёй кампактнай мадэлі “Мэган”, пакуль толькі трох- і пяцёхдзьверцавы хэчбэк, чацьвертую генэрацыю буса “Эспас” і невялікі студыйны “Эліпс”. Самы цікавы дэбют “комбі” — “Фіят Стылё Стэйшэн”. Навінка ад “Пэжо” — “Сэзам”, аўтамабіль для гарадзкіх умоваў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0