СНД нам толькі сьнілася

7 кастрычніка ў Кішынэве адбудзецца саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД. У гэты дзень прэзыдэнт Расеі адзначае юбілей — 50 гадоў. Ён не застаўся без “падарункаў” ад сваіх партнэраў па СНД. У ліпені Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны запатрабавала ліквідаваць базу расейскага флёту ў Севастопалі. У жніўні Азэрбайджан атрымаў праз Турцыю першую буйную партыю амэрыканскай зброі. Напэўна вядома таксама, што Ўзбэкістан, Азэрбайджан і Грузія атрымаюць ізраільскую вайсковую тэхніку.

Казахстан зьбіраецца аддаць ЗША ваенна-марскую базу на Касьпіі (у Актаў, недалёка ад буйных радовішчаў нафты). У верасьні з адпаведнай ініцыятывай выступіў шэраг парлямэнтароў. 13 верасьня ў грузінскім парлямэнце пачалася працэдура ўступленьня ў NATO. Указам прэзыдэнта Э.Шэварднадзэ створана ўрадавая камісія, што падрыхтуе да лістападаўскага саміту Паўночнаатлянтычнага блёку ў Празе адпаведныя дакумэнты.

Пасьля развалу СССР Маскве трэба была арганізацыя, што аб’яднала б былыя савецкія рэспублікі, стварыўшы спрыяльнае для Расеі геапалітычнае асяродзьдзе. Межы “блізкага замежжа” мусілі акрэсьліваць сфэру выключна расейскіх інтарэсаў. 21 сьнежня 1991 г. паўстала СНД.

Жыцьцяздольнай гэтая арганізацыя магла быць толькі пры ўмове існаваньня дастаткова моцнага цэнтру, які б забясьпечваў рэалізацыю сумесна прынятых рашэньняў. Але сярод краінаў — удзельніцаў СНД ад пачатку не было згоды, а Масква ня мела дастатковай вагі, каб гэты кансэнсус забясьпечыць. Зь першых дзён свайго існаваньня СНД абрастала мноствам зь цяжкасьцю заключаных пагадненьняў, якія краіны-ўдзельніцы не выконвалі, бо адбыліся зьмены ў сытуацыі або таму, што і ня думалі выконваць, а падпісвалі з-за каньюнктуры, каб вырашыць кароткачасовыя задачы.

Сытуацыя ўскладнілася ў 1995 г., калі на абшарах СНД узмацніўся ўплыў новых цэнтраў сілы. Дагэтуль ЗША паблажліва пагаджаліся на існаваньне сфэры расейскага ўплыву: для Захаду было важна даць інстытуцыянальна скласьціся расейскай дзяржаве, не штурхаць Маскву да аднаўленьня Савецкага Саюзу. Падзеі ў Маскве 3 кастрычніка 1993 г. (мяцеж Руцкога—Хасбулатава) на нейкі час спалохалі Захад, але ў 1995 г. сталася ясна, што боязь была дарэмнай.

ГУУАМ супраць ЭЭЗ

Тады Амэрыка дала зразумець Расеі, што мае свае інтарэсы ў СНД. Інтарэс да Казахстану, Туркмэніі, Азэрбайджану і Грузіі тлумачыцца зацікаўленасьцю ў касьпійскіх нафце і газе (як мінімум 7% сусьветных запасаў). Яшчэ праз актывізацыю сваёй палітыкі ў цэнтральнаазіяцкіх краінах СНД Амэрыка імкнулася не дапусьціць узмацненьня тут пазыцыяў Кітаю.

Асаблівае абурэньне Расеі выклікала тое, што на Захадзе атрымалі водгук празаходнія заявы ўкраінскіх палітыкаў. У Крамлі добра разумелі, што без 50-мільённай Украіны ўсе міждзяржаўныя арганізацыі на прасторы СНД будуць мець большы азіяцкі і меншы эўрапейскі кампанэнт.

Сьледам за ЗША і іншымі заходнімі краінамі на поўдні СНД зьявілася Турцыя. Рэжымы мусульманскіх дзяржаў СНД былі зацікаўленыя ў перайманьні досьведу сьвецкай мусульманскай краіны. У Азэрбайджане й іншых цэнтральнаазіяцкіх краінах сталі часта зьяўляцца турэцкія палітыкі й бізнэсоўцы. Кіраўнікі мусульманскіх дзяржаваў СНД пачалі ўсё больш прыслухоўвацца да меркаваньня Турцыі — стратэгічнага саюзьніка ЗША, чальца NATO.

Зьмены ў расейска-амэрыканскіх адносінах адлюстраваліся на складзе крамлёўскай адміністрацыі. Пры канцы 1995 г. “лібэрал” Андрэй Козыраў саступіў пасаду міністра замежных справаў “вялікадзяржаўніку” Яўгену Прымакову. Адміністрацыя Барыса Ельцына вырашыла праводзіць жорсткі курс на ўтрыманьне “блізкага замежжа”. Але на гэта Масква ня мела рэсурсаў. І кіраўнікі краінаў СНД усё часьцей аглядаліся на Захад.

Першая буйная палітычная параза Расеі, што прэтэндавала на ролю дамінатара на абшарах СНД, была зьвязаная з пытаньнямі эканамічнага супрацоўніцтва. 2/3 расейскага экспарту (каля 40 млрд. даляраў) прыпадае на энэрганосьбіты, таму расейскія нафтавыя кампаніі не былі зацікаўленыя ў тым, каб таньнейшая і больш якасная нафта Казахстану і Азэрбайджану трапіла на заходні рынак. У сярэдзіне 90-х павялічвалася здабыча і расейскага газу. У той жа час, разьведаныя запасы нафты на касьпійскім шэльфе Казахстану складаюць 30 млрд. тонаў. На тэрыторыі Туркмэніі знаходзіцца траціна сусьветных запасаў газу. Яшчэ ў савецкі час былі разьведаныя буйныя радовішчы газу і на тэрыторыі Ўзбэкістану. Іх распрацоўка ў пэрспэктыве дазволіць рэспубліцы ўвайсьці ў дзясятку самых буйных экспартэраў “блакітнага паліва”.

Сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё гэтых краінаў залежала ад вырашэньня праблемы экспарту нафты і газу. Грузія і Азэрбайджан былі зацікаўленыя ў тым, каб атрымліваць за транзыт касьпійскіх энэрганосьбітаў грошы. А ў распрацоўцы касьпійскіх радовішчаў і будаваньні трубаправодаў былі зацікаўленыя заходнія інвэстары.

Супольнасьць эканамічных інтарэсаў паўднёвых краін СНД і Захаду стварыла канфліктную сытуацыю ў СНД. У 1997 г. узьнікла новая міждзяржаўная арганізацыя — ГУУАМ (Грузія, Узбэкістан, Украіна, Азэрбайджан і Малдова). Аляксандар Лукашэнка правільна адзначыў, што гэта “празаходняя арганізацыя, створаная ў процівагу інтэграцыі Беларусі й Расеі”. Дэ-факта ГУУАМ быў створаны для забесьпячэньня транзыту касьпійскіх энэрганосьбітаў праз Азэрбайджан і Грузію, у абход Расеі. Спажыўцамі нафты мусілі стаць ня толькі краіны Захаду, але й Украіна з Малдовай.

У выніку падзеяў 1997 г. СНД раскалолася на два лягеры — ГУУАМ, ініцыятыву стварэньня якога Масква нездарма прыпісвае Вашынгтону, і Эўраазіяцкую Эканамічную Супольнасьць (ЭЭС) у складзе Расеі, Беларусі, Казахстану, Кіргізіі і Таджыкістану. Дэ-факта да ЭЭС адносіцца і Арменія. Краіны ГУУАМ фармальна засталіся ўдзельніцамі СНД, але прыярытэтам замежнай палітыкі абралі разьвіцьцё адносінаў з Захадам. Казахстан карыстаецца ўдзелам у ЭЭС, каб атрымліваць усе магчымыя дывідэнды ад супрацоўніцтва з Расеяй, адначасова прыкладаючы максымум намаганьняў для разьвіцьця супрацоўніцтва з Захадам.

Кішынэўскі саміт кіраўнікоў СНД 1997 г. паказаў, што Садружнасьць ператварылася ў “клюб прэзыдэнтаў”. Усе пытаньні міждзяржаўнага супрацоўніцтва з таго часу вырашаюцца ў межах двухбаковых адносінаў.

Вайсковая прысутнасьць

Наступны ўдар па геапалітычных амбіцыях Крамля быў нанесены ў 1999 г. Масква бачыла ў краінах СНД ня толькі сваіх эканамічных сатэлітаў. Расею цікавіла магчымасьць выкарыстоўваць іх вайсковыя рэсурсы. 15 траўня 1992 г. 9 краінаў СНД падпісалі дамову аб калектыўнай бясьпецы (ДКБ). Потым Расея шматкроць прапаноўвала стварыць сумеснае камандаваньне ўзброенымі сіламі. Паколькі расейскае войска складала б пераважную іх частку, у камандаваньні перавагу мусілі мець расейскія генэралы. Краіны ДКБ без энтузіязму ставіліся да прапановаў Расеі аб вайсковай інтэграцыі. Іх цікавіла толькі магчымасьць атрымліваць танную расейскую зброю, а таксама ўплываць на Крэмль у эканамічных пытаньнях. У 1999 г. некалькі краінаў ГУУАМ — Азэрбайджан, Грузія і Ўзбэкістан — выйшлі з ДКБ. Цягам таго ж году грузінскія войскі ўзялі ўдзел у 9 вучэньнях NATO.

У ДКБ засталіся толькі краіны, што ўваходзілі ў ЭЭС, і Арменія. Межамі гэтых дзяржаваў акрэсьлівалася прастора, дзе яшчэ чулі голас Крамля.

Пасьля дэфолту жніўня 1998 г. Маскве былі вельмі патрэбныя заходнія інвэстыцыі і рэструктурызацыя замежнай пазыкі. На стамбульскім саміце АБСЭ (лістапад 1999 г.) Захад пайшоў насустрач Расеі. Наўзамен Крэмль мусіў ліквідаваць свае вайсковыя базы ў Грузіі ды Прыднястроўі.

На стамбульскім саміце было вырашана будаваць трубаправод Баку—Джэйхан, што мусіў зьвязаць нафтавыя і газавыя радовішчы Казахстану, Туркмэніі і Азэрбайджану з турэцкімі портамі. Пасьля рэалізацыі гэтага праекту Расея саступала Захаду апошнія пазыцыі на поўдні СНД: трубаправод павінен быў ісьці праз Грузію ў абход Расеі. Галоўным інвэстарам гэтага праекту выступілі ЗША.

У немалой частцы трубаправод Баку—Джэйхан мусіў быць запоўнены казахскай нафтай. Максымум, што магла прапанаваць Казахстану Расея, — транзыт 35—40 млн. тонаў у год. А Казахстан зараз можа прапанаваць на экспарт 100, а ў найбліжэйшай будучыні — 120 млн. тонаў нафты штогод. Будоўля трубаправоду Баку—Джэйхан заклала аснову для празаходняй арыентацыі краіны, праз тэрыторыю якой Расея мае выхад на іншыя цэнтральнаазіяцкія дзяржавы СНД.

Не спыніць, не стрымаць

У спадчыну ад Б.Ельцына прэзыдэнт У.Пуцін атрымаў моцна аслабленую Расею, якая ня мела рэсурсаў, каб скласьці альтэрнатыву хуткаму паглыбленьню інтэграцыі краінаў СНД з Захадам. Пуцін вырашыў не змагацца за ўплыў ва ўсім “блізкім замежжы”, а скіраваць намаганьні на ўтрыманьне пазыцыяў у краінах ДКБ.

Аднак першыя буйныя “непрыемнасьці” адміністрацыі У.Пуціна прынесла адна з самых важных для Крамля дзяржаваў ДКБ — Казахстан. Папярэднік У.Пуціна заплюшчваў вочы на тое, што словы тыповага ўсходняга палітыка Н.Назарбаева часта разыходзіліся зь дзеяньнямі. З Казахстану ў Расею ішла хваля кантрабанды, а таксама наркотыкаў. Улады Казахстану спрыялі незаконнай міграцыі суайчыньнікаў на тэрыторыю Арэнбурскай, Кемераўскай вобласьцяў і Алтайскага краю Расеі. Масква плаціла вялікую цану за тое, каб Казахстан заставаўся сябрам ДКБ, ЭЭЗ, Мытнага саюзу. Вясной 2000 г. Пуцін санкцыянаваў стварэньне на мяжы з Казахстанам пагранічных заставаў (пры канцы году іх было ўжо 90).

Трагедыя 11 верасьня 2001 г. дала моцны штуршок неспрыяльным для Расеі зьменам на абшарах СНД. “Быць разам” з Амэрыкай, як таго жорстка патрабаваў Вашынгтон, Масква магла толькі заплюшчыўшы вочы на ўзмацненьне пазыцыяў ЗША на поўдні СНД. Было ясна, што амэрыканская вайсковая прысутнасьць там падвядзе тлустую рысу межам уплыву Расеі. Заявы расейскіх палітыкаў аб тым, што прыход NATO на поўдзень СНД мае часовы характар, прызначаліся для расейскай аўдыторыі, што хацела чуць такія словы. Захад меў на поўдні СНД стратэгічныя інтарэсы, якія патрабавалі сталай вайскова-палітычнай прысутнасьці.

Было зразумела: тыя дзяржавы, што больш цікавяць ЗША і іх саюзьнікаў па NATO, атрымаюць ня толькі гарантыі бясьпекі, але й вялікія эканамічныя дывідэнды.

ЗША ў Цэнтральнай Азіі цікавілі базы, якія можна было выкарыстоўваць для сталага кантролю над усім рэгіёнам. Антытэрарыстычная апэрацыя была тут на другім пляне. Кантроль над Цэнтральнай Азіяй давалі моцныя пазыцыі ў наймацнейшай дзяржаве рэгіёну — Узбэкістане. Яе кіраўнік І.Карымаў меў чым зацікавіць Пэнтагон. Адзін з самых буйных аэрадромаў у Цэнтральнай Азіі — Ханабад не патрабаваў вялікіх выдаткаў для прыстасаваньня пад стандарты NATO.

На Ўзбэкістан праліўся дождж амэрыканскіх інвэстыцыяў. У 2002 г. ЗША ўклалі ў эканоміку гэтай краіны 8 млрд. даляраў (амаль 10% дзяржбюджэту Расеі). Масква змагла прапанаваць Ташкенту толькі 32 млн.

Другая буйная вайсковая база NATO выкарыстала інфраструктуру аэрадрому Манас, што побач зь Бішкекам, сталіцай Кіргізіі. Гэтая краіна толькі ад амэрыканскіх бізнэсоўцаў атрымала 300 млн. даляраў інвэстыцыяў. Да таго ж, за кожныя ўзьлёт і пасадку баявога самалёта NATO Бішкек, як і Ташкент, атрымлівае 6 тыс. даляраў.

У красавіку, у часе візыту міністра абароны ЗША Д.Рамсфэлда ў Казахстан, Н.Назарбаеў настойліва прапаноўваў амэрыканцам разьмясьціць на тэрыторыі рэспублікі мотапяхотную брыгаду і часьці СПС. Прапанова адкладзеная. Амэрыка і без таго вельмі зацікаўленая ў казахскіх энэрганосьбітах: Вашынгтон пацьвердзіў свой намер сёлета інвэставаць у эканоміку рэспублікі 4 млрд. даляраў.

З краінаў Цэнтральнай Азіі толькі Таджыкістан застаецца па-за межамі праграмы супрацоўніцтва Захаду зь дзяржавамі рэгіёну. Здабыча рэдкіх мэталаў, што магла б зацікавіць заходніх інвэстараў, патрабуе вялікіх выдаткаў. Да таго ж рэспубліка — самая неспакойная сярод суседак. Падчас грамадзянскай вайны 1992—97 г. тут загінула 100 тыс. чалавек, яшчэ мільён быў вымушаны памяняць сваё месца жыхарства. Захад зацікаўлены ў тым, каб Расея працягвала сваю міратворчую місію ў гэтай краіне.

Кіргізія таксама выступае за вайсковую прысутнасьць Расеі на сваёй тэрыторыі: кіргізы маюць сумны гістарычны досьвед суседзтва з Кітаем.

Раней парлямэнт Грузіі абмяркоўваў магчымасьці выхаду з СНД. Цяпер гэтае пытаньне, відаць, страціла актуальнасьць для Тбілісі. А мо ў Грузіі папросту забыліся, што яны ўваходзяць у склад гэтай арганізацыі. Людзі часта забываюцца пра тое, у існаваньні чаго яны моцна сумняюцца.

Андрэй Ляховіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0