Ганс-Геарг Вік: “Я ня здолеў пераканаць Лукашэнку”

Колішні старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ Ганс-Геарг Вік стараўся быць добрым настаўнікам. Ён дапамог беларускаму грамадзтву пазбыцца безагляднае веры ў Захад, зразумець, што нашыя ўяўленьні пра дэмакратычныя каштоўнасьці могуць разыходзіцца, асэнсаваць неабходнасьць адстойваць свае пазыцыі нават перад добразычліўцамі. Гэта не была прыемная навука. Таму ён застаўся ў нашай памяці супярэчлівым сымбалем. Гэтае інтэрвію зь ім запісанае падчас сустрэчы з журналістамі Беларусі, Украіны і Расеі, якая адбылася ў Свабодным унівэрсытэце (Бэрлін).

 

“НН”: Спадару Вік, як Вы ацэньваеце вынікі працы Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі?

Ганс-Геарг Вік: Праца КНГ яшчэ працягваецца, бо працэс дэмакратызацыі Беларусі паводле стандартаў АБСЭ не завершаны. Гэтыя стандарты былі зацьверджаныя на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў у 1990 г. у Капэнгагене і Парыжы. Краіны — спадкаемцы СССР, у тым ліку Беларусь, абавязаліся перад АБСЭ пакласьці гэтыя стандарты ў аснову палітыкі сваіх краінаў. Я ня здолеў пераканаць прэзыдэнта Лукашэнку ў тым, што дэмакратызацыя краіны паводле гэтых стандартаў адпавядае інтарэсам Беларусі. Але нам удалося ў дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю, недзяржаўнымі арганізацыямі і палітычнымі партыямі паспрыяць стварэньню сапраўды стабільных і дзеяздольных дэмакратычных структураў. Яны дасягнулі значнага посьпеху падчас выбару адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, нягледзячы на працяглы і інтэнсіўны ціск. 30—40% выбарцаў аддалі свае галасы за адзінага кандыдата ад кааліцыі. Афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў былі масава сфальсыфікаваныя. Але ў грамадзянскай супольнасьці ўтварыўся альянс паміж дэмакратычнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі, якія адышлі ад Лукашэнкі (прафсаюзы, моладзевыя, жаночыя арганізацыі). Нягледзячы на суперніцтва паміж палітычнымі партыямі, яны маюць шмат супольнага ў змаганьні за дэмакратыю, за перавагу закону і за свабоду выказваньняў у Беларусі. Рада апазыцыйных палітычных партый працягвае сваю сумесную пазытыўную працу і абавязкова даб’ецца супольных пазыцый на мясцовых выбарах у сакавіку наступнага году.

Вялікая заслуга Кансультатыўна-назіральнай групы — разьвіцьцё ў грамадзянскай супольнасьці жыцьцяздольных палітычных структураў і кааліцыяў, якія ў стане выйграць выбары і ўтварыць стабільны ўрад.

“НН”: Якія перашкоды мусіла пераадолець КНГ і які бок — улады ці апазыцыя — больш на яе ціснулі?

Г.-Г.В.: Пасьля выбараў у парлямэнт 2000 г. улады адмовіліся ад супрацоўніцтва з АБСЭ. Апазыцыя спачатку бачыла ў АБСЭ міжнародную стуруктуру, якая падтрымлівае ўлады. Гэта было грубае неразуменьне ролі нашай місіі ў краіне. Разуменьне дэмакратычных крытэраў, якіх патрабавала АБСЭ, толькі пачало прыходзіць. Падчас падрыхтоўкі перамоваў з прадстаўнікамі прэзыдэнта аб свабодзе прэсы, дэмакратычным законе аб выбарах і функцыях парлямэнту ў 1999 г. утварылася Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партый, якая з таго часу шмат разоў даказвала, што яна здольная да перамоваў з урадам у інтарэсах дэмакратыі й да ўтварэньня агульнанацыянальных выбарчых кааліцый. На баку апазыцыі ёсьць палітычныя групы, якія адмаўляюць шлях перамоваў, кампрамісаў і выбараў і таму крытыкуюць АБСЭ. Часткова гэтыя апазыцыйныя групы самі зьяўляюцца прадуктам сыстэмы. КНГ не заўсёды мела посьпех са сваімі рэкамэндацыямі для палітычных партый. Мы гэтага і не чакалі, і цяпер не чакаем — але гатовасьць да дыялёгу прысутнічала заўсёды зь некаторымі выключэньнямі.

Недзяржаўныя арганізацыі пасьпяхова супрацоўнічалі з АБСЭ падчас пабудовы агульнанацыянальнай сеткі незалежных назіральнікаў. Гэтым самым быў зроблены вялікі ўклад у стварэньне базысных дэмакратычных групаў.

“НН”: Якая сіла ў сёньняшняй Беларусі можа ўзяць на сябе задачу дэмакратызацыі грамадзтва?

Г.-Г.В.: Палітычныя партыі, незалежныя ад Лукашэнкі недзяржаўныя арганізацыі і незалежныя СМІ адыгрываюць вялікую ролю ў змаганьні за дэмакратыю ў Беларусі. Неабходна міжнароднае супрацоўніцтва з гэтымі групамі, бо дзяржаўныя органы розным чынам падаўляюць дэмакратычныя сілы ў Беларусі і ўжываюць сродкі, каб перашкодзіць разьвіцьцю палітычных структур і грамадзянскай супольнасьці. Грамадзянскія супольнасьці ў краінах былога СССР павінны навучыцца будаваць кааліцыі палітычных і грамадзкіх сіл, каб супрацьпаставіць кандыдату ад прэзыдэнцкай улады пераканаўчага і вартага даверу суперніка. Калі грамадзянская супольнасьць зможа дзейсна і пераканаўча прадставіць сябе выбарцу, аўтарытарная сыстэма пахісьнецца.

“НН”: Як Вы ацэньваеце шанцы саюзу Беларусі і Расеі? Вас часта папракалі тым, што Вы спрыяеце “змове” супраць Беларусі.

Г.-Г.В.: Пакуль Расейская Фэдэрацыя і Беларусь маюць такія адрозныя палітычныя і эканамічныя структуры, як гэта ёсьць зь лістапада 1996 г., цяжка ўявіць сапраўдны, а ня толькі дэкляраваны Саюз. Што тычыцца “змовы”, дык валоданьне рэсурсамі — гэта ў сёньняшнім сьвеце ўжо ня тая катэгорыя, якая вызначае палітыку. Нафта і газ з Расейскай Фэдэрацыі прыйдуць на эўрапейскі рынак пры любым разьвіцьці стасункаў паміж Беларусяй і Расеяй. У гэтым зацікаўленыя ўсе: Расея, Беларусь, Украіна, Польшча і Заходняя Эўропа.

“НН”: Ці займаецеся Вы беларускім пытаньнем пасьля таго, як пакінулі Беларусь?

Г.-Г.В.: Я і далей займаюся Беларусяй: даю кансультацыі, чытаю лекцыі і выступаю з публікацыямі. Акрамя гэтага, я актыўна займаюся Нямецка-індыйскім таварыствам, старшынём якога з’яўляюся, а таксама арганізацыяй супрацоўніцтва паміж індыйскім субкантынэнтам і Эўропай. Але ёсьць таксама іншыя інтарэсы ў палітыцы і міжнародных стасунках. Акрамя гэтага, у мяне вялікая сям’я…

Гутарыла Вэраніка Дзядок

Ганс-Геарг Вік нарадзіўся ў 1928 г. у Гамбургу. У 1947—52 вывучаў у Гамбурскім унівэрсытэце гісторыю, філязофію і права. Ад 1954 да 1993 працаваў на розных пасадах у Міністэрстве замежных справаў, быў амбасадарам ФРГ у Іране (1974—77), СССР (1977—80), Індыі (1990—93). Ад 1980 да 1985 г. пастаянны прадстаўнік ФРГ у Радзе NATO, у 1985—90 г. прэзыдэнт Фэдэральнай службы інфармацыі (выведка). Пасьля завяршэньня кар’еры выконваў асаблівыя дыпляматычныя даручэньні, у тым ліку быў кіраўніком Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі й дарадцам пры прэзыдэнце Грузіі. Старшыня Нямецка-індыйскага таварыства. Выкладаў у Міжнародным цэнтры Вудра Вільсана (ЗША), Цэнтры імя Джорджа Маршала ў Гармішы, шэрагу польскіх унівэрсытэтаў.


Вік пра Беларусь

Ён [Лукашэнка] пераацэньвае значэньне Беларусі для Расейскай Фэдэрацыі.

Стаўленьне эўрапейскіх установаў да Беларусі істотна адрозьніваецца ад стаўленьня да дзяржаваў цэнтральнаазіяцкага й закаўкаскага рэгіёнаў.

Ня трэба забывацца, што ў 1991—96 г. Беларусь хуткімі тэмпамі рухалася да пабудовы дэмакратычнай дзяржавы, угрунтаванай на лібэральнай дэмакратыі з падзелам уладаў, захаваньні законнасьці і павазе да правоў чалавека.

Беларусь стала праверкай на трываласьць АБСЭ. Адначасова Беларусь — гэта лякмусавая паперка для праверкі зацікаўленасьці дзяржаваў СНД у працэсе дэмакратызацыі.

На Захадзе працягваецца сур’ёзная спрэчка адносна таго, ці можна дамагчыся рэформаў ад рэжыму Лукашэнкі, калі пайсьці яму насустрач, пасьля таго як канфрантацыяй і санкцыямі дабіцца пераменаў ня выйшла.

Кааліцыя нацыянальных і дэмакратычных сілаў, апазыцыйных дзейнаму прэзыдэнту, — новы фэномэн для беларускай палітычнай культуры. Ідэя стварэньня такой кааліцыі стала другой па сіле ідэяй, вакол якой згуртаваліся грамадзяне краіны, пасьля няновае ідэі перадачы ўлады “моцнай асобе”, дыктатару.

Пры незаангажаванасьці эўрапейскіх інстытуцый у беларускія справы ўзьнікае небясьпека, што кааліцыя дэмакратычных і іншых апазыцыйных прэзыдэнту Лукашэнку сілаў зноў распадзецца з-за нястачы матэрыяльных сродкаў, і гэта ў той час, калі рэйтынг Лукашэнкі ўпаў да самага нізкага за ўсе часы ўзроўню.

З артыкулу Ганса-Геарга Віка “Demokratieförderung in Belarus”, зьмешчанага ў часапісе “Osteuropa”, 7/2002.


камэнтар палітоляга

Дыялёг бессэнсоўны

У сьвятле сёньняшняй сытуацыі асаблівы інтарэс выклікаюць словы Г.-Г.Віка аб тым, што ў Беларусі магчымыя “перамовы з урадам у інтарэсах дэмакратыі”. Былы кіраўнік КНГ АБСЭ і цяпер кажа аб “шляху перамоваў, кампрамісаў” у Беларусі, аб магчымасьці “дыялёгу”. Некаторыя краіны Захаду, інтарэсы якіх адлюстроўвала дзейнасьць Віка ў Беларусі, дагэтуль не зразумелі, з кім яны тут маюць справу.

Разам з тым, зразумела, чаму яны працягваюць быць прыхільнікамі “дыялёгу”. Схема дэмакратызацыі грамадзтва праз дыялёг улады і апазыцыі распрацаваная і добра зразумелая для прадстаўнікоў АБСЭ, бо апрабаваная на прыкладзе шэрагу краінаў. Яны ня ўлічваюць спэцыфікі беларускага грамадзтва і палітычнай сытуацыі.

Перамовы як шлях да дэмакратызацыі заўжды былі магчымыя толькі пры наступных ўмовах: 1) апазыцыя мае дастаткова моцныя пазыцыі ў грамадзтве, каб быць гарантам таго, што будуць выконвацца ўмовы магчымага пагадненьня; 2) і ўлада, і апазыцыя зацікаўленыя ў перамовах і гатовыя да ўзаемных саступак.

Другая вялікая памылка некаторых заходніх палітыкаў, што працуюць у Беларусі, — яны ня бачаць прынцыповай розьніцы паміж перамовамі і дыялёгам. Дыялёг, які мы ўжо “праходзілі” ў 1999 г., бессэнсоўны.

Андрэй Ляховіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0