навука і прырода

 

Кастрычнік

На ўсёй тэрыторыі Беларусі ў кастрычніку пануе залатая восень. Але розьніца ў надвор’і па краіне робіцца вельмі адчувальнай. У халодныя гады даволі часта здараюцца ў кастрычніку прымаразкі, а пры канцы месяца й сапраўдныя маразы — месцамі да -150С. Такое надвор’е зьнішчае зімовыя культуры, сваю худобу сяляне пакідаюць у хлявох на 2—3 тыдні раней, чым звычайна. Вельмі церпяць і птушкі, якія не пасьпелі адляцець у вырай. Гэткімі былі 1912 і асабліва 1976 г., калі амаль увесь кастрычнік ранішнія тэмпэратуры нават у Менску былі ад –8 да –20С. А вось 1966 г. пасьля верасьнёўскіх прымаразкаў дзясяты месяц адзначыўся анамальнай цеплынёй: +22… +26, а ў Гомелі нават і +280С. Звычайна кастрычнік дорыць нам “бабіна лета”, шчодрае на сонца і цяпло, калі на некалькі дзён ажываюць расьліны, вылятаюць на палеткі пчолы, а зьмеі выпаўзаюць з нораў, каб нагрэцца напрадзімку. А яшчэ гэты пэрыяд адзначаецца выключнай празрыстасьцю паветра, лятучым павуціньнем і зьзяньнем рознакаляровай лістоты.

І ўсё ж прырода бярэ сваё, і цяпло разам з грымотамі ды вясёлкамі, якія вельмі рэдка, але здараюцца ў нас увосень, адыходзіць на поўдзень. У асобныя дні, калі колькасьць ападкаў нашмат перавышае норму, на невялікіх рэках, асабліва басэйну Прыпяці, адбываюцца восеньскія паводкі. Узровень вады ўздымаецца на 150—200 см. У 1974 г. гэткая паводка заліла ледзь ня паў-Палесься. Колькасьць ападкаў у той год перавысіла 100 мм. А на 62 гады раней, у 1912 г., прыкладна той самай парой цісканулі такія маразы, што ажно лёд стаў на азёрах.

Цягам месяца ўся прырода рыхтуецца да зімы. Зайцы ды ласкі бялеюць, бабры паляпшаюць свае хаткі, у ментуза прачынаецца апэтыт.

3 кастрычніка г.зв. “Астапавы вятры”: паўночныя — да халадоў, заходнія — да дажджоў, астатнія — да добрага надвор’я. Часта спраўджваецца й варажба на Пакровы (14 кастрычніка). Калі ў гэты дзень будзе першы сьнег — да сьнежнай зімы. А яна вельмі патрэбна, бо няма сёлета вады ў рэках і азёрах амаль паўсюдна, а ўзровень вады ў Нарачы — рэкордна нізкі.

Юры Фралоў

 

Малако зь ёдам

Не “выводзіць радыяцыі”, але ратуе ад ёдавага галадаваньня

Нядаўна Гомельскае аб’яднаньне “Малочныя прадукты” пачало выпускаць ёдаванае малако для жыхароў забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў. Можна адшукаць новы гатунак малака i ў Менску, робіць яго гарадзкi малаказавод №3. Там у аддзеле тэхнолягаў расказалi, што малако дапамагае змагацца зь ёдавай недастатковасьцю. Ёд бяруць з адмысловай дабаўкi, распрацаванай беларускiмi навукоўцамi. Малако зь ёдам каштуе крыху даражэй за звычайнае — нацэнку складае кошт гэтай дабаўкi. Выпускаюць малака параўнальна няшмат — 5 тонаў у дзень (звычайнага малака — 130 т.).

Цi ёсьць патрэба пiць новы гатунак малака? Як “НН” патлумачылi ў НДI радыяцыйнай мэдыцыны й эндакрыналёгii, малако зь ёдам ня мае нiчога супольнага з “вывядзеньнем радыяцыi”. Адразу пасьля выбуху ў Чарнобылi яно магло прыдацца, каб шчытападобная залоза замест радыеактыўнага ёду ўвабрала ў сябе незаражаны — з малака. Той ёд, што вылецеў у паветра ў 1986 г., быў нетрывалым злучэньнем i даўно распаўся, пакiнуўшы радыеактыўны сьлед у залозах людзей, якiя ня мелi ў арганiзьме дастаткова “чыстага” ёду. Але ж чуткi пра выкiды выплываюць рэгулярна, таму малако зь ёдам не зашкодзiць: душа будзе спакойная. А яшчэ тое малако падпітвае арганiзм натуральным ёдам. Беларусь знаходзiцца ў геаграфiчнай зоне, беднай на яго. Калi шчытападобная залоза ня мае дастаткова ёду, яна можа павялiчвацца нават без узьдзеяньня радыяцыi, губляць свае функцыi ды выпрацоўваць менш гармонаў. Асаблiва небясьпечнае ёднае галадаваньне для дзяцей. Таму новае малако карыснае для нармальнага функцыянаваньня арганiзму.

Алесь Кудрыцкi

 

Ізноў пра акрылямід

У №25 ад 5 ліпеня “НН” паведамляла пра акрылямід — рэчыва, якое ўтрымліваецца ў багатых на вугляводы стравах (чыпсы, пячэньне), што смажыліся пры высокай тэмпэратуры, ды можа выклікаць рак.

У мінулы чацьвер у часопісе “Nature” зьявіліся дзьве працы, аўтары якіх незалежна адзін ад аднаго адкрылі крыніцу ўзьнікненьня акрыляміду ў ежы. Як сьцьвярджаюць абодва дасьледніцкія калектывы, ён узьнікае ў выніку так званай рэакцыі Мэйларда. Для яе працяканьня патрэбныя тэмпэратура, большая за 1000С, трохі вільгаці, некаторыя распаўсюджаныя ў харчовых прадуктах цукры (у тым ліку глюкоза), а таксама амінакіслоты (асноўныя “цаглінкі”, зь якіх будуюцца бялкі). Значныя колькасьці акрыляміду зьяўляюцца падчас смажаньня, запяканьня ці гатаваньня ў грылі прадуктаў, багатых толькі на адзін (з дваццаці вядомых) тып амінакіслотаў — аспарагін. Іншыя непрыдатныя для гэтай рэакцыі. На жаль, гэта не азначае, што можна будзе лёгка выключыць з рацыёну прадукты, якія ўтрымліваюць гэтае рэчыва. Аспарагіну шмат у бульбе (ён складае 40% усіх ейных амінакіслотаў), у просе (14%), а таксама ў рысе (18%). Да таго ж, менавіта рэакцыя Мэйларда, падчас якой утвараецца небясьпечны акрылямід, робіць стравы з гэтых прадуктаў прывабнымі на выгляд і смачнымі. Цяжка будзе ад іх адмовіцца.

Паводле “Nature”

 

Плямы на скуры Сусьвету

Болей няма сумневаў: касьмічнае рэліктавае выпрамяненьне, якое з усіх бакоў ахінае Зямлю, — гэта сьлед вельмі гарачай эпохі маладога Сусьвету, і яно слаба палярызаванае, як і прадугледжвалася тэорыяй Вялікага выбуху. Давялі гэта апошнія вымярэньні, якія фізыкі з Унівэрсытэту Чыкага і Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі ладзілі на Паўднёвым полюсе.

Цяпер, дзякуючы дакладнаму вымярэньню палярызацыі, астраномы змогуць патроіць колькасьць інфармацыі пра самыя першыя этапы разьвіцьця Сусьвету і лепей арыентавацца ў гушчэчы неправяральных на сёньня гіпотэзаў што да пачатку часу і прасторы.

 

Рэха Вялікага выбуху

Ультракараткахвалевае рэліктавае выпрамяненьне было адкрытае цалкам выпадкова ў сярэдзіне 60-х амэрыканцамі Арно Пэнзіясам і Робэртам Уілсанам. Ім ніяк не ўдавалася пазбавіцца ад шуму, які прымала тэставаная імі антэна радыётэлескопа.

Урэшце астрафізыкі здагадаліся, што маюць справу не з дэфэктам апаратуры, а зь цеплавым выпрамяненьнем вельмі гарачага Сусьвету, якое ўзьнікла мільярды гадоў таму і цяпер запаўняе ўсю прастору вакол нас. Некалі яно было вельмі магутнае, аднак пасьля працяглага падарожжа праз космас пасьпела значна астыць.

У канцы 80-х назіраньні з каляземнай арбіты дапамаглі ўстанавіць, што тэмпэратура гэтых касьмічных хваляў амаль аднолькавая ў розных раёнах неба. Тэмпэратурная карта нябеснай сфэры нагадвала плямінкі на скуры гепарда. Кожная плямка была цяплейшая ці халаднейшая за суседнюю хіба што на 0,00001 градуса. Гэта сьляды раньняй эпохі (каля 300 тыс. гадоў пасьля Вялікага выбуху), калі з супэргарачай бясформеннай плязмы пачыналі фармавацца першыя структуры ў космасе.

Памеры “плямаў” дапамаглі праясьніць геамэтрыю Сусьвету. Выпрамяненьню 14 млрд. гадоў, і яно, перш чым яго зарэгістравалі тэлескопы, мусіла зрабіць доўгае падарожжа ў касьмічнай прасторы. Калі б Сусьвет быў скрыўлены, як паверхня лінзы, дык і форма “плямаў” мусіла б зьведаць скажэньні. Нічога такога, аднак, ня выявілася. Адсюль была зробленая выснова, што час і прастора нашага Сусьвету не дэфармаваныя.

У тэорыі Айнштайна геамэтрыя Сусьвету зьвязаная са шчыльнасьцю энэргіі й масы. Таму “няскрыўлены”, як выявілася, космас павінен утрымліваць намнога больш матэрыі і энэргіі, чым назіраецца цяпер. Паводле падлікаў, уся вядомая нам матэрыя (туманнасьці, галяктыкі, міжгаляктычныя воблакі) складае толькі 20% ад масы Сусьвету. Рэшта (яе называюць цёмнай матэрыяй) схаваная ад нашых вачэй.

Астрафізыкі на полюсе

Скептыкі сьцьвярджаюць, што з назіраньняў за рэліктавым выпрамяненьнем нельга рабіць такіх далёкасяжных высноваў пра Сусьвет. Ня ўсе згаджаюцца з тым, што гэтае слабае выпрамяненьне сапраўды нясе інфармацыю пра зародкі першых касьмічных структураў. Бо на цеплавы водсьвет Вялікага выбуху маглі накласьціся нашмат пазьнейшыя касьмічныя фэномэны — выпрамяненьне галяктык ці электронаў зь міжзорнай прасторы Млечнага Шляху.

Адно было зразумела: калі ультракароткія хвалі — сапраўды сьлед гарачай эпохі, яны павінны быць слаба палярызаваныя па краях плямаў, паколькі тады яны зазнавалі расьсейваньне ў плязьме.

Зьмерыць палярызацыю хваль было значна цяжэй, чым тэмпэратуру. Узяліся за гэта астрафізыкі з Чыкага і Бэрклі. Радыётэлескоп DASI быў разьмешчаны на палярнай станцыі Амундсэна-Скота на Паўднёвым полюсе, паколькі тамтэйшая атмасфэра ўтрымлівае найменш вільгаці, якая паглынае ультракараткахвалевае выпрамяненьне. Вымярэньні занялі аж 271 дзень, але скончыліся посьпехам, пра які навукоўцы паведамілі на канфэрэнцыі “Космас-02” у Чыкага.

Вымярэньне палярызацыі рэліктавага выпрамяненьня — гэта першы крок да лепшага разуменьня таго, як нараджаўся Сусьвет, а больш дэталёвыя вымярэньні палярызацыі адкрыюць новую эру ў навуцы. У тэмпэратуры рэліктавага выпрамяненьня нібы “застылі” згусткі матэрыі, якія існавалі пасьля Вялікага выбуху. Палярызацыя ж можа нам растлумачыць, як матэрыя разьвівалася.

На аснове гэтага касмолягі здолеюць абвергнуць або пацьвердзіць розныя сцэнары эвалюцыі Сусьвету-немаўляці, напрыклад гіпотэзу інфляцыі, згодна зь якой долю сэкунды пасьля Вялікага выбуху прастора разгортвалася з хуткасьцю, якая ў шмат разоў перавышала хуткасьць сьвятла.

Паводле “Gazety Wyborczej”

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0