Затрыманая Натальля Шаўко

Нямецкія памежнікі затрымалі пры перасячэньні мяжы ФРГ грамадзянку Беларусі Натальлю Судлянкову (Шаўко) — былую ўладальніцу кампаніі “Фіко”.

Натальля Шаўко — выпускніца хімфаку БДУ, пасьля заканчэньня якога працавала на заводзе “Ўдарнік”. Зорным часам для Шаўко быў пачатак 1990-х гадоў, калі яна пайшла ў бізнэс. Фінансава-інвэстыцыйная кампанія “Фіко” пасьпяхова разьвівалася, а імя ейнай прэзыдэнткі Натальлі Шаўко сталася вядомым. Інтэрвію зь ёй у той час зьмяшчалі многія правыя газэты, якім імпанавала падтрымка ёю дэмакратычных партый.

Шаўко яшчэ ў канцы 1980-х брала ўдзел у дзейнасьці легендарнай арганізацыі “Талака”, пасьля была прыхільніцай БНФ. Знаходзячыся на пасадзе прэзыдэнта буйной фірмы, Натальля Шаўко дапамагала нацыянальнаму руху фінансава.

Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі фірма “Фіко” трапіла пад крымінальную справу. У выніку гэтага ў 1999 годзе Натальля Шаўко разам зь сям’ёй выехала за мяжу, атрымала палітычны прытулак у Чэхіі, дзе і жыла апошнія тры гады. Затрыманая яна была падчас перасячэньня чэска-нямецкай мяжы. Аказалася, беларускія ўлады шукалі яе праз Інтэрпол і дамагаліся выдачы ў Беларусь.

Дырэктар Беларускай службы радыё “Свабода” Аляксандар Лукашук заявіў у этэры, што лічыць арышт Н.Судлянковай палітычна матываваным. На ягоную думку, улады Беларусі імкнуцца пакараць яе і за мінулую дзейнасьць, і за сёньняшнюю — апошнім часам Натальля рабіла рэпартажы для радыё “Свабода”.

Цяпер лёс Судлянковай вырашыць нямецкі суд. У яе абарону ўжо выступілі праваабарончыя арганізацыі і чэскія ўлады.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0