з усёй краіны

Карова ў студні

Бяда звалілася на галаву жыхара вёскі Азярцо, што на Івацэвіччыне, Васіля Шашука. Яго карова пасьвілася на закінутай безгаспадарнай сядзібе і правалілася ў неглыбокую пустую студню, прыкрытую лістамі шыфэру. Вяскоўцы, узброіўшыся вяроўкамі, спрабавалі вызваліць жывёліну з пасткі, але якая там сіла ў пэнсіянэраў. Тады выклікалі выратавальнікаў з МНС. Тыя спачатку адкапалі калодежнае кольца, а потым з дапамогай бандажных паясоў выцягнулі цэлую і здаровую палоньніцу на паверхню.

Бунт на фэрме

Страцілі цярплівасьць працаўнікі цэнтральнай фэрмы калгасу “Быценскі” (Івацэвіччына). Даяркі адмовіліся раніцай даіць кароў, бо ад жніўня ня бачылі заробкаў. Статак выгналі на пашу нядоеным. Для душэўнай гутаркі з рашучымі жывёлаводамі прыехаў старшыня калгасу. Не абяцаючы ім грошай, ён даходліва і натхёна гаварыў пра цяжкае фінансавае становішча гаспадаркі. Вось апошнім разам завезьлі на мясакабінат цэлую “Калхіду” жывёлы, атрымалі чатыры мільёны рублёў, дык патрацілі іх на салярку і запчасткі, апраўдваўся кіраўнік. Выпусьціўшы пару ў сьвісток, даяркі на вячэрнюю дойку прыйшлі: каровы ж ня вінныя.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Восем беспрацоўных настаўнікаў

У смургонскім Цэнтры занятасьці на ўліку стаяць 8 настаўнікаў. Шасьцёра зь іх — настаўнікі пачатковай школы, якіх скарацілі таму, што ўсё меней дзяцей ідзе ў першую клясу. Адна настаўніца ангельскай мовы, якой прапанавалі працу па спэцыяльнасьці, не згадзілася ісьці ў школу, бо хоча быць перакладчыцай. Мае рацыю, ды ў нас у Смургонях такія наагул не патрабуюцца. Яшчэ адзін настаўнік расейскай мовы не пажадаў ехаць у вёску. Сядзіць хоць бяз працы, але ў горадзе.

Жывая рыба

Цэнтральны гастраном “Юбілейны” вырашыў вярнуць былога пакупніка, які апошнім часам усё больш па прыватных крамах шастае. Дык паставілі вялізны акварыюм на 330 літраў з карасямі і карпамі, што пастаўляе Сольскі рыбхоз. Нідзе ў горадзе такога няма. Ходзяць людзі, дзівяцца і купляюць з ахвотай. Бо каштуе танна — 3100 рублёў за кілю. Рыбу будуць прадаваць аж да лістапада. Увесь астатні час акварыюм будзе ўпрыгожваць інтэр’ер адной з найстарэйшых смургонскіх крамаў.

Гарэліца-весялуха

Алькаголікаў у Смургонях штогод большае. Калі ў 2001-м за тры летнія месяцы на ўлік у наркалягічны кабінэт трапіла 39 пітушчых, дык сёлета — амаль удвая болей: 71 чалавек запісаўся да мясцовага нарколяга Сяргея Чыкіна. І толькі два зь іх прыйшлі “здавацца” добраахвотна, без прымусу. З прычыны побытавага п’янства пастаўлена на ўлік 7 падлеткаў 14—18 гадоў (летась было зарэгістравана чацьвёра).

Чыстыя вэтэраны

Прыемная навіна для вэтэранаў другой сусьветнай вайны — днямі смургонскія ўлады вырашылі браць зь іх толькі 50% грошай за наведваньне дзяржаўных цырульняў і лазьні. Патрэбная справа, бо ня так шмат іх засталося: 218 на раён, зь якіх у саміх Смургонях — 118.

Новы ксёндз

У смургонскім касьцёле Міхала Арханёла служыць цяпер ксёндз Зьдзіслаў Вэдэр. Ён прыехаў з Масквы, дзе 10 гадоў працаваў адказным настаяцелем усіх прадстаўнікоў Ордэна Салезьянцаў на тэрыторыі былога Саюзу. Да гэтага выконваў свае абавязкі ў Варшаве, Лодзі, Любліне. Яму 67 год, 40 зь якіх ён — сьвятар. Айцец Генрык Куляшэвіч, які служыў у Смургонях дагэтуль, стаміўся. Стан здароўя вымусіў яго пакінуць пасаду ў ягоныя 73 гадоў. Ён вярнуўся ў Польшчу.

Тацяна Скарынкіна, Смургоні

Вакол Каложы пачысьцела

Гарадзенская моладзь прыбрала сьмецьце вакол Каложы. Сабралі 40 пакетаў шкляных і плястыкавых бутэлек, недапалкаў і іншых “сьлядоў” наведнікаў Новага парку, што побач з храмам. Сьвятар Барысаглебскай царквы паабяцаў знайсьці машыну для вывазу сьмецьця. Моладзь змайстравала і ўсталявала ля Каложы сьметніцу. Дагэтуль ніводнае паблізу не было. Між тым, Новы парк — папулярны ў аматараў адпачынку на прыродзе раён места. Вось і трапляюць пустыя бутэлькі й недаедкі не ў пераапрацоўку ці на звалку, а на зямлю ці ў Нёман.

Валеры Руселік, “Хроніка Гарадзеншчыны”

Exegi monumentum

На Пашкоўскіх могілках усталяваны надмагільны помнік з выявай, а таксама імем і прозьвішчам яшчэ жывога дырэктара Магілёўскага гарадзкога прадпрыемства рытуальных паслугаў. Злавесная прадбачлівасьць, навеяная працоўнымі абавязкамі, ці вернае ўкладаньне капіталу, ці…

“Вячэрні Магілёў”

Кожны восьмы

Кожны восьмы жыхар Бялынічаў, паводле зьвестак ДАІ, мае легкавы аўтамабіль. За апошнія 5 гадоў колькасьць уласных “легкавікоў” у раёне павялічылася на 35% і складае каля 3000 адзінак. У асноўным гэта старыя танныя “іншамаркі”.

Каплічка сьвятога Юр’я

На могілках вёскі Карытніца (Бялыніччына) асьвяцілі праваслаўную каплічку ў гонар сьвятога Юр’я. Амаль тры дзесяцігодзьдзі яна была закінутая. Вяскоўцы адрамантавалі сьвятыню, якой, паводле тутэйшых паданьняў, ня менш за трыста гадоў, на ўласныя сродкі. Дапамагло й мясцовае лясьніцтва.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Глуск у Сеціве

У Глускім раёне налічваецца з 20 карыстальнікаў Інтэрнэту. Наўрад ці ў найбліжэйшы час іх колькасьць павялічыцца, бо на тэлефонным перамоўным пункце, нягледзячы на адпаведную абвестку, паслугі карыстаньня Інтэрнэтам і электроннай поштай не прадастаўляюцца.

“Радзіма”, Глуск

Гарадзенскі вэрнісаж

У першыя дні кастрычніка ў выстаўнай залі Гарадзенскага Саюзу мастакоў (вул.Ажэшкі) адкрылася выстава “Восеньскі вернісаж”, на якой можна пабачыць новыя творы каваля Юрася Мацка, мастакоў Фэлікса Янушкевіча, Уладзімера Скамарошчанкі (аўтар “НН”) і іншых. Вэрнісаж можна пабачыць цягам месяца.

Андрэй Мялешка, Горадня

Кабэльнае ТБ ў Астраўцы

Тыдзень таму ў трох дамах астравецкага мікрараёну Валадарскага ўключылі кабэльнае тэлебачаньне. Праўда, пакуль што ў якасьці экспэрымэнту. Абанэнцкай платы за яго не бяруць, і пра падключэньне астатніх дамоў у райцэнтры гаворка ня йдзе, бо на гэта няма грошай у астравецкай камунальнай гаспадаркі.

Сабака і сьпірт

У лесе ў зоне дзеяньня Астравецкай памежнай камэндатуры быў знойдзены сьпірт. Памежнікі выявілі схаваныя ў поліэтыленавых бутэльках 150 літраў сьпірту пры дапамозе службовага сабакі. Мяркуецца, што кантрабандысты спрабавалі пераправіць прадукт у Літву. Сьпірт перададзены ў міліцыю.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

пацярпелыя за Беларусь

11 верасьня “за абразу гонару і годнасьці” начальніка міліцыі Астравецкага РУУС Уладзімера Кобрынца быў асуджаны прадстаўнік Беларускага рэспубліканскага клюбу выбарцаў у Астраўцы Іван Крук. 15 сутак арышту за ўдзел у пікеце каля расейскага пасольства атрымаў маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч. 12 верасьня судзьдзя Чыгуначнага суду Віцебску Сьвятлана Туфан вынесла прысуды сябрам АГП: Аляксандар Кабяк, Яўген Канстанцінаў, Аксана Краўцова, Надзея Шакаліс і Алег Шульгін атрымалі адміністрацыйныя папярэджаньні, Вадзім Краўцоў і Аляксандар Бакулін – па 150 базавых адзінак штрафу. 16 верасьня за несанкцыянаванае пікетаваньне Адміністрацыі прэзыдэнта былі затрыманыя Георгі Саламенік, Міхаіл Тарасюк, Зьміцер Філіповіч. Ім вынесьлі папярэджаньні. 29 верасьня ў Менску затрыманыя ўдзельнікі несанкцыянавага мітынгу ў абарону незалежнасьці Беларусі: Зьдзіслаў Абрэмскі, Юрась Беленькі, Валеры Буйвал, Кастусь Кашэль і Ўладзімер Плотнікаў. Усе затрыманыя былі асуджаныя на 3 сутак адміністрацыйнага арышту.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0