камэнтары

Трывожная перамога

На выбарах у Латвіі “народны фронт” у чарговы раз здабыў пераканаўчую перамогу над “інтэрфронтам”. Аднак прарасейская партыя ўпершыню змагла заваяваць чвэрць месцаў у парлямэнце. Адначасова рэзка здалі пазыцыі латыскія нацыяналісты. Затое добры збор галасоў у кааліцыі зялёных і сялянаў, якія выступаюць супраць уступленьня краіны ў Эўразьвяз і NATO. Прайшла ў парлямэнт і хрысьціянская — рэлігійная партыя.

За ЗПЧСЛ галасавалі 185,5 тыс. выбарцаў, тады як без грамадзянства ўсё яшчэ застаюцца 514 тыс. жыхароў Латвіі. Посьпех новага “інтэрфронту” практычна пазбаўляе іх шанцаў на натуралізацыю, якая ператварыла б Латвію ў Прыднястроўе. Крыніца неляяльнасьці ўнутры краіны застаецца. Зь нестабільнасьці ў былых савецкіх рэспубліках — ад Украіны да Грузіі — Расея заўжды выцягвала палітычны капітал. Стаўка на стварэньне прарасейскіх парлямэнцкіх партый у краінах СНД апраўдала сябе ў вачах Масквы.

Барыс Тумар

Вынікі выбараў у Латвіі, колькасьць мандатаў

“Новая парá” (лібэралы) 26

“За правы чалавека ў супольнай Латвіі” 24

Нацыянальная партыя (кансэрватары) 21

Саюз зялёных і сялянаў 12

Першая латвійская партыя (хрысьціянская) 10

“За Айчыну й волю” (нацыяналісты) 7

 

Краіна базарнікаў

Агульнанацыянальны страйк прыватных прадпрымальнікаў зьвярнуў увагу на гэтую невялікую, але актыўную групу людзей. Якая іхная роля ў сучаснай Беларусі?

Сёньня беларусаў ратуе пэсымізм. Калі аптыміст, які чакае толькі паляпшэньня, у выпадку няўдачы можа “зламацца”, пэсыміст заўсёды выжыве, бо псыхалягічна гатовы да самага горшага. Нават падчас падвышэньня заробкаў і пэнсій у 2001 г. сацыёлягі фіксавалі павелічэньне колькасьці людзей, якія лічаць, што іхны матэрыяльны стан пагаршаецца.

Найбольш яскравыя прадстаўнікі такой жыцьцёвай філязофіі – калгасьнікі, хоць і рабочыя, і бюракратыя з інтэлігенцыяй недалёка адышлі. Сапраўднымі ж іх антаганістамі сталіся нашыя гандляры. На сёньня яны тая сацыяльная сіла, якой ёсьць што губляць і якая найбольш зацікаўлена ў пераменах. Менавіта “дробнай буржуазіі” наканавана стаць каталізатарам беларускага прагрэсу.

Нягледзячы на непрыхільнасьць да “вашывых блох”, дробнае прадпрымальніцтва пасьпяхова “распаўзлося” па ўсёй Беларусі. “Базарнаму бізнэсу” спрыялі заняпад сацыялістычных прадпрыемстваў (у тым ліку гандлёвых) ды адсутнасьць умоваў для разьвіцьця прыватнай вытворчасьці і буйнога капіталу.

Маштабы Беларусі пярэчаць расейскаму шляху разьвіцьця — алігархічна-карумпаванаму капіталізму. Тут няма вялізарных сыравінных запасаў, эўразійскіх адлегласьцяў і крымінальнае традыцыі, псыхалягічных крайнасьцяў і сацыяльных кантрастаў. І калі нашай усходняй суседцы і гісторыяй, і геаграфіяй, і самім лёсам наканавана быць краінай мільярдэраў і бамжоў, то ў нас — іншыя пэрспэктывы. Лёс Беларусі — быць краінай “базарнікаў” і дробных гаспадароў. Галоўны іх клопат — гандаль, транзыт, камунікацыя, перапрацоўка, што ў інфармацыйную эпоху ня самае горшае. Большасьць беларусаў зразумелі перавагі жыцьця ў невялікай, але сваёй дзяржаве ў параўнаньні з “гіганцкай і бурнай” краінай, дзе кожны дзень нешта бурыцца, падае ці выбухае. Усё гэта цікава назіраць праз тэлевізар, а не з-пад руінаў уласнага дому.

Эвалюцыя Беларусі пакуль застыла на адзнацы “аўтакратыя”, хоць “вашывыя блохі”, апазыцыянэры, журналісты ды іншыя нацыяналісты робяць сваю ціхую справу. Нам няма куды дзецца, апроч як прызямліцца на нашым законным месцы. Вось нашы суседзі расьселіся за вялікім “сталом” — Эўропай і пачалі ўжо бяседаваць, а Беларусі ўсё няма. Як заўсёды, спазьняецца, завіхаецца па гаспадарцы, але зьявіцца — пэўна.

Васіль Аўраменка, Магілёў

пытаньне — адказ

Дзе пахрысьціць дзіця

Ня ведаю, да каго яшчэ магу зьвярнуцца з маім пытаньнем, таму спадзяюся толькі на вашу дапамогу. Справа ў тым, што я хачу пахрысьціць сына ў беларускай царкве, але ня ведаю, ці ёсьць такая ў Менску. Мы з мужам выхоўваліся ў часы атэізму, таму ў цэрквы ня ходзім. Але самі хрышчаныя, праваслаўныя, таму жадаем, каб і наш сын быў праваслаўным. Мы беларусы, нарадзіліся тут, і для нас важна, каб наша дзіця хрысьцілі ў нашай царкве.

А.Вееўнік, Менск

Ад рэдакцыі. Пахрысьціць дзіця па-беларуску паводле праваслаўнага абраду ў Менску можна ў Петрапаўлаўскай царкве (вул. Няміга, 4), загадзя зьвярнуўшыся да настаяцеля а.Георгія Латушкі, а таксама ў Катэдральным Сьвята-Духавым саборы (вул. Кірыла і Мятода, 5). Зьвяртацца да а.Сяргея Гардуна ці а.Аляксандра Шымбалёва.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0