Адхіленьне генэрала

Адхіленьне ад пасады начальніка Сьледчага камітэту пры МУС Леаніда Глухоўскага тлумачаць выяўленымі фактамі датычнасьці вышэйшых міліцэйскіх чыноў да карупцыі ў цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці Гомельшчыны. Але звальненьне Глухоўскага мае і палітычны падтэкст.

Генэрал-маёр, намесьнік міністра ўнутраных справаў Леанід Глухоўскі працаваць у міліцыі пачаў менавіта ў Гомелі — спачатку простым сьледчым, а пасьля намесьнікам кіраўніка сьледчага камітэту абласной управы МУС. Адтуль ён абіраўся ў палату прадстаўнікоў. Пераехаўшы ў Менск, Глухоўскі захаваў старыя сувязі ў гомельскай міліцыі. Яшчэ нядаўна ён высока ацэньваў працу ўправы Камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Гомельскай вобласьці, а тут яе начальнік палкоўнік Уладзімер Карцаў быў адхілены ад сваіх абавязкаў. Зразумела, нядбайнасьць гомельскіх міліцыянтаў не магла не ўдарыць па Глухоўскім. Невядома толькі, у што выльецца для яго гэтая справа і ці давядзецца міліцэйскаму генэралу разьвітацца з пасадай і прывабнымі пэрспэктывамі службовага росту.

Генэрал Глухоўскі нарадзіўся ў Туркмэніі. Ягоная роля ва ўнутранай палітыцы Беларусі апошніх гадоў была змрочнаю: ён меў непасрэднае дачыненьне да шэрагу гучных палітычных справаў (Старавойтава, Чыгіроў).

Глухоўскага можна сьмела назваць чалавекам, які “шмат ведае”. Аднойчы ён зазначаў, што праца яму “падабаецца, хоць і вельмі цяжкая”. Ці давядзецца генэрал-маёру шукаць “лёгкую працу”, залежыць ад кіраўніка дзяржаўнай камісіі Анатоля Тозіка. Да 15 сьнежня той мусіць паінфармаваць А.Лукашэнку пра вынікі праверкі.

Адхіленьне ад пасады начальніка Сьледчага камітэту Леаніда Глухоўскага, безумоўна, можна параўнаць зь ціхаю адстаўкай генэрала Сівакова. Ні першага, ні другога генэрала цывільныя не шкадуюць.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0