Бюракраты здужалi вытворцаў

Стварэньне падкантрольнай расейскаму бізнэсу “Белавескай харчовай кампаніі” (“Бюракраты процi вытворцаў”, “НН” №34 за 13 верасьня) набірае хаду: 4 кастрычніка быў зламаны супраціў Пружанскага малочнага камбінату, які не жадаў аддаваць свае акцыі ў рукі расейцаў.

Сёньня прадпрыемствы ня толькі Пружанскага, але й Камянецкага ды Кобрынскага раёнаў маюць шанец далучыцца да навасьпечанай “імпэрыі”. Пружанскі кансэрвавы ды Лінаўскі крухмальны заводы, Пружанская райаграпрамтэхніка ды Пружанскі малочны камбінат ужо аддалі свае акцыі ў даверчае кіраваньне “Белавескай харчовай кампаніі”. Першыя тры здаліся бяз бою, апошні трымаўся з усіх сілаў. Першы сход акцыянэраў Пружанскага малочнага камбінату ў ліпені не набраў кворуму, другі ў жніўні прапанову ўвайсьці ў кампанію адхіліў. Пружанская раённая адміністрацыя, зацікаўленая ў пасьпяховасьці тае кампаніі, добра падрыхтавалася да сходу акцыянэраў малочнага заводу 4 кастрычніка, бо ведала, што сілы ня мае: дзяржаве належыць толькі 8% заводзкiх акцыяў. Былі праведзеныя закулісныя перамовы зь берасьцейскімі абласнымі ўладамі, якія перадалі завод у фармальнае падпарадкаваньне раённым уладам. Паралельна раённае начальства пачало прымушаць старшыняў калгасаў ды дырэктараў саўгасаў, што трымаюць заводзкія акцыі, аддаць галасы на карысьць уступленьня ў “Белавескую харчовую кампанію”.

23 з 26 пагадзіліся, гэтак набралі яшчэ 37,1% галасоў ды здолелі ўрэшце працягнуць рашэньне: завод, які сплачвае каля 40% раённых падаткаў, губляе самастойнасьць.

Гэткім чынам, “Белавеская харчовая кампанія” будзе створаная. Кантрольны пакет яе акцыяў (55,2%) будзе належаць расейскім акцыянэрам, беларускія прадпрыемсты атрымаюць 44,8%. Абмяжоўвацца харчовымi прадпрыемствамi кіраўніцтва кампаніі ня мае намеру: плянуецца стварыць “Белавескі прамысловы канцэрн”, у які ўвойдуць прадпрыемствы, што не займаюцца непасрэдна вырабам харчовых прадуктаў, а таксама гандлёвы дом “Белавескія прадукты”, якi будзе прадаваць прадукцыю ў маскоўскiм рэгiёне.

Стваральнiкi “Белавескай харчовай кампанii” абяцаюць дапамагчы разьвiвацца прадпрыемствам Берасьцейшчыны. Умовай дапамогі яны фактычна выставілі перадачу iнфраструктуры Пружаншчыны, Кобрыншчыны ды Камянеччыны ў рукі расейскіх кампаніяў.

Алесь Кудрыцкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0