Кроніка абароны Курапатаў

У дзень інаўгурацыі Лукашэнкі, 20 верасьня 2001 г., да журналістаў даходзіць трывожная вестка: ажыцьцяўляючы рэканструкцыю Менскай кальцавой аўтадарогі (МКАД), будаўнікі высякаюць дрэвы ў Курапатах. Прыежджыя магілёўскія работнікі нічога ня ведаюць пра месца, дзе працуюць. Пачуўшы пра небясьпеку, у Курапаты пайшлі людзі.

24 верасьня яны становяцца перад бульдозэрамі — праца спыняецца.

25 верасьня з ініцыятывы “Маладога фронту” ў Курапатах засноўваецца кругласутачны пікет, які мае пільнаваць, каб будаўніцтва ня рушыла спакою забітых суродзічаў. На наступны дзень абвяшчаецца аб стварэньні грамадзкага камітэту па абароне мэмарыялу “Курапаты”.

У рамках кампаніі выратаваньня Курапатаў пастаўлена тры мэты:

1) дамагчыся дакладнага выкананьня праекту рэканструкцыі дарогі, зацьверджанага ўрадам і ўхваленага Камітэтам па ахове гісторыка-культурных помнікаў (абаронцы Курапатаў цьвердзяць: будаўнікі не пільнуюцца праекту);

2) дамагчыся добраўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў, прычым выдаткі ўключыць у кошт рэканструкцыі МКАД;

3) правесьці сярод шырокіх колаў грамадзкасьці асьветніцкую працу наконт значэньня Курапатаў.

Да абароны мэмарыялу спрабуюць прыцягнуць прадстаўнікоў самых розных колаў грамадзтва. Сярод пратэстантаў мільгнула нават кіраўніцтва Саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане, якое таксама выказала сваю занепакоенасьць тым, што адбываецца. Вінцук Вячорка кажа, што прыцягненасьць разнамасьцевых партыяў і арганізацыяў дапаможа людзям зразумець, што “Курапаты — гэта ня толькі месца збору ангажаваных нацыяналістаў”.

40 прадстаўнікоў інтэлігенцыі (сярод іх — В.Быкаў, Р.Барадулін, Н.Гілевіч, А.Вольскі, У.Арлоў, Р.Гарэцкі, С.Шушкевіч), палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, увайшоўшы ў склад грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу “Курапаты”, выступаюць з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва МКАД і правесьці дадатковыя археалягічныя дасьледаваньні.

У Курапатах дзень і ноч дзяжураць сябры “Маладога фронту”, БПС, звычайныя добраахвотнікі. Урэшце ўлада спрабуе гвалтам зноў пачаць работы.

8 лістапада прыкладна а 16-й да намёту падыходзяць міліцыянты, якія абвяшчаюць: у лесе знойдзены труп, неўзабаве прыедуць крыміналісты і ўсе абаронцы разам з намётамі і крыжамі павінны сысьці з тэрыторыі Курапатаў. Крыміналісты па труп не прыехалі, затое зьявіліся дзьве машыны АМАПу і будтэхніка.

Бульдозэры едуць проста на ўсталяваныя ўздоўж дарогі ў кар’еры крыжы, а рабочыя сьледам закідваюць рэшткі крыжоў зямлёй. Абаронцы становяцца ў ланцуг перад бульдозэрамі. Міліцыянты гвалтам прарываюць ачапленьне, некаторых абаронцаў хапаюць.

За ноч маладафронтаўцы ставяць яшчэ 15 крыжоў. Але ўжо а 8-й раніцы зьяўляецца АМАП з сабакамі і тэхніка, у тым ліку дзясятак самазвалаў зь пяском. Калі абаронцы Курапатаў бачаць, што будаўнікі спрабуюць засыпаць крыжы, колькі чалавек кідаюцца ў кар’ер, спрабуючы перашкодзіць. Пясок з самазвалаў працягваюць сыпаць на іх. Хлопцаў засыпае па грудзі, амапаўцы выцягваюць іх з кар’еру.

У гэты ж дзень адбываюцца яшчэ два міліцэйскія штурмы, якія сканчаюцца бойкамі і затрыманьнямі. Пасьля абеду кіраўніцтва Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Магістральаўтадар” (РУП), якое ажыцьцяўляе будаўніцтва, прызнае, што парушыла дамову з Інстытутам гісторыі АН, — работы мусілі весьціся пад наглядам археолягаў Інстытуту.

10 лістапада ў Курапатах адбылася першая талака з мэтаю добраўпарадкаваньня ўрочышча і ўсталяваньня новых крыжоў. Адгэтуль талокі робяцца традыцыйнымі.

12 лістапада прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы сустракаюцца з дырэкцыяй РУП, праходзяць адпаведны інструктаж і адгэтуль могуць разам з археолягамі наглядаць за будаўніцтвам.

19 лістапада грамадзкая ініцыятыва ладзіць сустрэчу грамадзкасьці з кіраўнікамі ўсіх арганізацыяў, што бяруць удзел у рэканструкцыі.

Дзяжурства ў Курапатах трывае ўсю зіму й вясну. У ноч на 19 красавіка 2002 г. у намёце абаронцаў адбываецца пажар. Адзін з добраахвотнікаў, Алесь Поклад, атрымлівае сур’ёзныя апёкі.

3 чэрвеня падчас невялікага мітынгу на месцы нацыянальнай трагедыі афіцыйна абвяшчаецца пра сканчэньне кругласутачнай вахты. Пастанавілі, што адгэтуль за Курапатамі будуць сачыць толькі ўдзень. Зрэшты, непасрэдная небясьпека для мэмарыялу мінула, бо будаўніцтва знаходзіцца на завяршальнай стадыі і мае скончыцца 1 лістапада. На Дзяды.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0